Вы тут

Вада павінна быць смачная


Якую ваду спажываюць у Мінскай вобласці і ці можна яе ўжываць з-пад крана і з вясковых калодзежаў?


— Інфармацыю па якасці вады ў Мінскай вобласці мы пастаянна аналізуем, таму маем уяўленне пра тое, якая яна ў цэнтральным рэгіёне, і пра тыя праблемы, што існуюць. Мы іх бачым як па выніках праверак, так і праз лабараторны кантроль, які дазваляе выявіць слабыя месцы ў пытаннях водазабеспячэння насельніцтва, — расказвае загадчыца аддзелам гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Мілановіч. — Каб сітуацыя была больш зразумелая, дадам, што ёсць цэнтралізаванае забеспячэнне вадой — камунальнае, якое эксплуатуюць службы ЖКГ, і ведамаснае. Праўда, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да змяншэння долі ведамаснага, паколькі сельскія сеткі паступова перадаюцца ў камунальную ўласнасць. Водазабеспячэнне, асабліва ў сельскай мясцовасці, прадстаўлена таксама нецэнтралізаванымі крыніцамі (калодзежы: грамадскія і індывідуальныя).

Генеральная асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на міжнародным узроўні абвясціла 2005—2015 гады дзесяцігоддзем бяспечнай вады. І наша краіна на працягу гэтага перыяду паэтапна рэалізоўвала Дзяржпраграму «Чыстая вада», якая знайшла свой працяг у Дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады» — з распрацоўкай комплексу мерапрыемстваў па паляпшэнні сетак водазабеспячэння, замене няспраўных, будаўніцтве новых, уладкаванні станцый абезжалезвання і водазабораў з улікам ваданосных гарызонтаў. Акрамя гэтага, зараз Беларусь удзельнічае ў такой праграме, як рэалізацыя Мэт устойлівага развіцця, адна з якіх — забеспячэнне якаснай вадой.

— Вада, як і любы прадукт, можа быць менш або больш смачнай. Вада з падземных крыніц адрозніваецца прыемнымі смакавымі якасцямі і мікрабіялагічнай чысцінёй. Між тым гідралагічная асаблівасць беларускай вады — павышанае ўтрыманне жалеза ў свідравінах. Але за час рэалізацыі праграмы «Чыстая вада» ў Мінскай вобласці скарацілася ўдзельная вага нестандартных проб па колькасці жалеза з цэнтралізаваных сетак. Па выніках мінулага года яна склала 15,7 % супраць 28,7 % у 2005 годзе (і гэта пры тым, што ў прыродных крыніцах удзельная вага засталася на ўзроўні плюс-мінус 40 %). Паўплываць на якасць прыроднай вады, якая праходзіць усе воданапорныя слаі і прыносіць з сабой хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў горнай пародзе, немагчыма. Перавышэнне па прыродным жалезе рознае ў розных рэгіёнах Міншчыны. Напрыклад, у Капыльскім, Любанскім, Пухавіцкім, Бярэзінскім раёнах удзельная вага нестандартных проб перавышае сярэдні абласны паказчык. У некаторых выпадках, калі прыроднае перавышэнне значнае і ў пэўны момант нельга карэнным чынам паўплываць на сітуацыю, райвыканкамы прымаюць часовыя нарматывы — не больш за адзінку. Гэта дапускаецца заканадаўствам.

— Вада з перавышэннем жалеза ніякага адмоўнага ўплыву на здароўе чалавека не аказвае. Ніхто не захварэе. Але мы адчуваем непрыемны смак, не можам нармальна памыць пасцельную бялізну, сляды застаюцца і на посудзе,— канстатуе спецыяліст.

Па словах Ірыны Мілановіч, у цэнтралізаваным водазабеспячэнні ўлічваецца і такі аспект, як мікрабіялагічная бяспека. За дзесяць апошніх гадоў стан яе значна палепшыўся. Адпаведныя паказчыкі не перавышаюць норму, паколькі больш надзейнымі сталі сеткі водазабеспячэння.

У сельскай мясцовасці ў калодзежах з утрыманнем жалеза ўсё нармальна. Праблема ў іншым — у нітратах, якія не вызначыш на смак. У Мінскай вобласці па стане на 1 студзеня было 4327 шахтных калодзежаў. Гэта тыя, што паддаюцца ўліку, стаяць на балансе арганізацый сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі або сельвыканкамаў. Пра тыя, якія насельніцтва абсталёўвае самастойна, спецыялісты могуць і не ведаць. У гэтыя крыніцы вада паступае з паверхневых слаёў. Таму тут большая рызыка пранікнення як хімічных рэчываў, так і мікробнага забруджвання. Але рызыку можна зменшыць, калі правільна абсталяваць і эксплуатаваць калодзеж. Па перыметры, акрамя кольцаў, павінен быць гліняны замок, бо гліна марудна прапускае ваду з паверхні. Важна належным чынам уладкаваць наземную частку — накрыўкай або навесам.

— Многае залежыць і ад таго, як гаспадар размесціць калодзеж і прыбіральню. Пажадана, каб калодзеж быў аддалены ад крыніц магчымага мікробнага і хімічнага забруджвання — выграбных, кампоставых ям, гаспадарчых пабудоў, дзе ўтрымліваецца жывёла. Штогод неабходна абавязкова праводзіць чыстку, дэзынфекцыю такога аб'екта водазабеспячэння. На дне мяняць пясок, гравій, якія забяспечваюць фільтрацыю вады. Ну і канешне, трэба будаваць калодзеж па праекце, — раіць Ірына Уладзіміраўна.

Варта помніць, што мікробнае забруджванне можна ліквідаваць самім. А вось высокую канцэнтрацыю нітратаў даступнымі сродкамі не паменшыць. У першую чаргу гэтыя рэчывы небяспечныя для малых. Калі браць такую ваду з калодзежа для прыгатавання малочнай сумесі, то ў дзяцей можа здарыцца кіслароднае галаданне. Вадой з калодзежа з павышанай колькасцю нітратаў можна мыцца, паліваць градкі, выкарыстоўваць у іншых гаспадарчых мэтах. А вось каб папіць і прыгатаваць ежу, лепш купляць ваду ў бутэльках.

Як папярэджваюць спецыялісты, перш чым ужываць ваду з калодзежа, варта падстрахавацца — прынесці і праверыць яе ў лабараторыі тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі па месцы жыхарства.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».