Вы тут

Як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўную маёмасць?


Калі мясцовая ўлада будзе актыўней працаваць для таго, каб выкарыстоўваліся не запатрабаваныя сёння будынкі, канкрэтны раён атрымае некалькі выгод. Па-першае, нерухомасць «пачне рухацца». Па-другое, там створаць вытворчасць, краму або будуць аказваць паслугі, прымаць турыстаў — адпаведна мясцовыя жыхары атрымаюць работу. А яшчэ — падаткі ў бюджэт, удзел бізнесу ў добраўпарадкаванні і іншае. Нерухомасць, якая не выкарыстоўваецца, калі задумацца, можа стаць «магнітам», які прыцягне шмат чаго карыснага.


На тэрыторыі прад­пры­ем­ства «Па­стаў­скі мэб­ле­вы цэнтр».

Беспрацоўнымі была чвэрць...

У самым заходнім раёне Віцебшчыны — Пастаўскім — падчас выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўвалі тэму, актуальную для краіны. Выпрацоўвалі алгарытм таго, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўную маёмасць. Гаварылі пра работу з інвестарамі — каб тыя ўклалі грошы менавіта ў канкрэтныя аб'ект, рэгіён, а не сышлі ў іншае месца. Напрыклад, у суседнюю Расію.

Пастаўскі раён, дарэчы, стаў месцам правядзення пасяджэння не выпадкова.

— За 20 гадоў тут напрацавана сур'ёзная практыка па ўцягванні ў абарот маёмасці, якая неэфектыўна выкарыстоўваецца, прыцягненні інвестараў. Пастаўшчына дынамічна развіваецца, і гэтаму дапамагае шчыльнае супрацоўніцтва з бізнесам, — сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Пасля развалу СССР з-за расфарміравання воінскіх часцей шмат людзей у рэгіёне засталіся без работы.

— Узровень беспрацоўя дасягаў больш за 25 %! І людзі ў самым росквіце сіл не ведалі, чым заняцца, — канстатаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік.

Сёння сітуацыя ў раёне кардынальна змянілася. Узровень беспрацоўя — не больш за дапушчальны ў краіне.

А вось з нерухомасцю, якая не выкарыстоўваецца, ёсць нюансы, бо ў раёне некалькі былых ваенных гарадкоў. І аб'екты тыя, кажучы афіцыйнай мовай, «уцягнуць у гаспадарчы абарот» праблематычна. Але і гэта атрымліваецца.

Жыць у... самалёце

У прыватнасці, дэпутатам паказалі, як былы ваенны гарадок выкарыстоўваецца ў мірных мэтах.

Заснавальнік прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Пастаўскі мэблевы цэнтр» Анатоль Бабічаў — былы ваенны. Ён пачынаў сваю справу з вырабу дзвярэй у гаражы. Цяпер ён — у спісе самых уплывовых прадпрымальнікаў Віцебшчыны. На прадпрыемстве вырабляюць дзверы, паркет, пелеты і гэтак далей. Фірма ўвайшла ў спіс самых вядомых у СНД у сваім сегменце. Сёння да 90 % прадукцыі экспартуецца ў Канаду, Вялікабрытанію, краіны ЕС, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і гэтак далей.

Як пажартавалі ўдзельнікі пасяджэння, спадар Бабічаў «жыве ў самалёце», бо пастаянна лётае за мяжу па бізнес-справах. Калі пачаліся праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ў Расіі, знайшоў новыя рынкі збыту.

Сёння на прадпрыемстве працуюць каля 700 чалавек. Падчас экскурсіі народным выбраннікам паказалі не толькі вытворчасць, але і месцы адпачынку для работнікаў прадпрыемства. Напрыклад, ёсць спа-салон, манікюрны кабінет, саўна, зала для шэйпінгу.

Цікава, што пры прадпрыемстве была футбольная каманда першай лігі. Потым замест яе адкрылі адзіную ў Беларусі прыватную дзіцяча-юнацкую футбольную акадэмію (дзейнічала з 2007-га да 2014 года). Конкурс пры паступленні быў вышэйшы, чым у самых прэстыжных ВНУ. У клубе займаліся юныя футбольныя таленты з розных рэгіёнаў краіны. Іншагароднія жылі ў інтэрнаце бясплатна, забяспечваліся харчаваннем. У мясцовай школе нават стварылі клас, дзе вучнямі былі юныя футбалісты (дарэчы, вучыліся вельмі добра). Самыя адораныя «футбольныя акадэмікі» папоўнілі рады гульцоў вядомых беларускіх і замежных клубаў, напрыклад, «БАТЭ».

Малдаўскі інтарэс

Сярод будучых кірункаў вытворчасці на Пастаўшчыне — выраб мясной прадукцыі. Гэта інвестыцыйны праект малдаўскага бізнесу. ТАА «Пастаўскі мясакамбінат» зарэгістравалі за месяц, для вытворчасці выдзелілі будынкі, якія не выкарыстоўваліся.

Хутка новае прадпрыемства пачне працаваць. У тое, каб гэта адбылося, укладзена больш за 700 тысяч еўра. (Агульная ж сума інвестыцый заяўлена на ўзроўні 2 млн.)

Як адзначыла намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ірына Несцяронак, сёлета плануецца рэалізаваць яшчэ некалькі інвестыцыйных праектаў. Напрыклад, па стварэнні вытворчасці мэблевых шчытоў на базе Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў. Плануецца наладзіць вытворчасць спірту і бутыляванай пітной вады ў гарадскім пасёлку Лынтупы. Дарэчы, у Лынтупах замежны інвестар укладвае немалыя грошы ў адраджэнне былога палаца пана Бішэўскага, набытага за базавую велічыню. У сядзібна-паркавым комплексе будуць прымаць турыстаў. Работу атрымаюць не менш за 25 чалавек.

Усяго ў Пастаўскім раёне сёлета прыцягнута інвестыцый (у асноўны капітал) у 14 разоў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў — гэта паступленне падаткаў у бюджэт, новыя працоўныя месцы, паляпшэнне якасці жыцця жыхароў глыбінкі. У райвыканкаме і райсавеце гэта разумеюць добра. Таму і вырашаюць за інвестара праблемы, якія могуць узнікнуць: пачынаючы ад рэгістрацыі суб'екта прадпрымальніцтва і да афармлення дакументацыі на зямлю, нерухомасць і іншае.

Старшыня аблсавета падкрэсліў, што так трэба працаваць усюды.

Шчыра пра набалелае

Дырэктар Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Віктар Зайцаў канстатаваў, што ў першым квартале ў вобласці ўцягнута ў абарот 28 аб'ектаў, або 9 % ад запланаванага.

— Нягледзячы на даручэнне аблвыканкама па прадстаўленні ў фонд да 1 красавіка дакументаў для правядзення аўкцыёнаў па аб'ектах, запланаваных для адчужэння, не прыняты рашэнні больш чым па 40 аб'ектах з 189 запланаваных. Гэта — вынік нізкай выканальніцкай дысцыпліны на месцах, нездавальняючага вядзення бухгалтарскага ўліку. Такі падыход сведчыць аб фармалізме пры правядзенні штогадовых інвентарызацый, — адзначыў Віктар Зайцаў.

Турбуе і запазычанасць арандатараў. У фондзе лічаць, што юрыдычныя службы прадпрыемстваў і арганізацый работу па спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці вядуць павярхоўна, дзеля «галачкі».

Старшыня аблсавета заклікаў прадстаўнікоў мясцовай улады шчыльна заняцца гэтым пытаннем.


Падчас пасяджэння быў агучаны цікавы вопыт. Пад эгідай Віцебскага гарвыканкама функцыянуе «Цэнтр нерухомасці г. Віцебска». Прадпрыемства здае ў арэнду і прадае нерухомасць. Паводле слоў старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Уладзіміра Бялевіча, калектыў прадпрыемства зацікаўлены ў добрым выніку, бо ўзровень зарплаты залежыць ад колькасці аб'ектаў, якія сталі запатрабаванымі.

Такі падыход у прасоўванні нерухомасці будзе вывучаны, каб стварыць нешта аналагічнае ў буйных гарадах вобласці: Оршы, Полацку і Наваполацку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Нерухомасць можа стаць... магнітам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».