Вы тут

Супрацоўнік ДАІ загінуў, спрабуючы спыніць бяспраўніка


ДТЗ адбылося ўвечары 30 красавіка ў Гомелі. Нарад ДПС, які складаўся з двух інспектараў, нёс службу па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху на службовых матацыклах.


Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь ПРЫСТРОМАЎ, супрацоўнікі ДПС заўважылі матацыкл «Хонда СBR» без рэгістрацыйных знакаў. Законныя патрабаванні аб спыненні яго кіроўца праігнараваў і толькі паскорыў рух. Тады, уключыўшы пробліскавыя маячкі чырвона-сіняга колеру і сірэну, праваахоўнікі пачалі яго пераследаваць. Рухаючыся па крайняй левай паласе, адзін з супрацоўнікаў сутыкнуўся з машынай «Нісан Кашкай», якая разварочвалася з сустрэчнай крайняй левай паласы. За рулём аўтамабіля знаходзіўся гамяльчанін 1957 года нараджэння, ні ён, ні пасажыр не пацярпелі. Матацыкл жа ў выніку сутыкнення загарэўся. Інспектар ДПС, 1988 года нараджэння, з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, выратаваць яго не ўдалося.

Той жа ноччу супрацоўнікі міліцыі пры падтрымцы мотаруху Гомельскай вобласці ўстанавілі асобу кіроўцы матацыкла «Хонда СBR». Ім аказаўся 20-гадовы жыхар Рэчыцы, які не мае адпаведнай вадзіцельскай катэгорыі на кіраванне матацыклам. Да таго ж ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці па факце ДТЗ распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 КК Рэспублікі Беларусь.

Сваякам загінулага супрацоўніка міліцыі кіраўніцтва і асабісты склад органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці аказваюць неабходную падтрымку.

Як расказаў Віталь Прыстромаў, усяго ў Гомельскай вобласці зарэгістравана больш за 68 тысяч адзінак мотатранспарту, да якога адносяцца матацыклы і мапеды, з іх — больш за дзевяць тысяч у самім Гомелі. У мінулым годзе на тэрыторыі вобласці адбылося 20 ДТЗ з удзелам матацыклістаў, два чалавекі загінулі, 20 атрымалі траўмы. Пяць ДТЗ адбылося па віне нецвярозых матацыклістаў.

Што да працы супрацоўнікаў ДАІ, то ў падпарадкаванні ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама знаходзіцца сем матацыклаў, якія выкарыстоўваюцца для патрулявання Гомеля ў вяснова-летні перыяд. Гэта ўжо сталая практыка. У мінулым годзе аўтапарк абласнога ДАІ папоўніўся на пяць новых адзінак: тры матацыклы BMW і два матацыклы Yаmаhа.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Бяда на двух колах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».