Вы тут

У Мінску адкрыўся мотасезон


Маштабныя святы, якія ладзяць матацыклісты, за апошнія некалькі гадоў сталі сапраўдным брэндам. У беларускую сталіцу па яркія эмоцыі і пачуццё яднання з'язджаюцца байкеры з розных краін. У сваю чаргу многія гараджане, не звяртаючы ўвагі на шум, натхнёна сочаць за падзеяй. Як сёлета прайшоў фестываль H.O.G. Sprіng Challenge — у нашым рэпартажы.


На стылі

Можаце ўявіць сабе натоўп у шэсць тысяч чалавек? А цяпер кожнага з іх з матацыклам? Менавіта столькі байкераў сабралася каля Кургана Славы, адкуль пачынаўся мотапарад да Палаца футбола. Здаецца, такую колькасць скуранога адзення чорнага колеру Мінск бачыць толькі двойчы ў год — на адкрыцці і на закрыцці мотасезона. Нягледзячы на тое, што надвор'е днём спрыяла шпацырам у лёгкіх кофтах, байкеры не здаваліся і заставаліся ў поўнай экіпіроўцы: спякота нішто — стыль усё.

Тым, хто на такое мерапрыемства трапляе ўпершыню, сам мотапарад здаецца верхам відовішчнасці. Магутная калона расцягнулася на ўвесь праспект (рух у горадзе часткова перакрывалі) і ёй, здавалася, не было канца і краю. У натоўпе гледачоў то тут, то там чулася шчырае «Ах!».

Свабодны палёт

А паглядзець на фестывалі сапраўды было што. Новыя мадэлі легендарнага Harley-Davіdson — калі ласка. Спаборніцтва байкераў — чаму б не. Рок-музыка — куды без яе. Але самым дзіўным было, мабыць, шоу сусветных зорак Moto Freestyle. Складана паверыць, што такое магчыма ў рэальнасці. Бо матацыклісты не проста ездзілі і паказвалі вельмі складаныя трукі на зямлі — яны ляталі...

Чаго варты скачок праз вогненнае кола. А момант, калі байкер адпускае ў палёце руль! Так і хочацца дадаць надпіс: цяжарных і грамадзян са слабымі нервамі прыбярыце ад пляцоўкі.

— Што робяць! Што робяць! — усклікае жанчына, якая сядзіць побач. — І я на сваю галаву прывяла сюды сыноў. Мы хадзілі восенню на закрыццё сезона, тады ім нават пашанцавала пракаціцца. Дык гэтым разам яны мне за месяц усе вушы прагудзелі. Мама, калі пойдзем? Не пазнаю сваіх дзяцей, назіраюць за ўсім не варушачыся. Паглядзець вельмі цікава, але калі захочуць займацца... Лепш не будзем пра гэта!

А вось Аляксандр, наадварот, прывёў свайго шасцігадовага сына Цёму «далучацца да культуры». Сам ён за рулём двухколавага жалезнага каня ўжо больш за 20 гадоў.

— Вы нават не ўяўляеце, які гэта выплеск энергіі! Ты ж дадому вяртаешся пухнатым кацянём. А якія адносіны сярод людзей, якія бясконца любяць адно і тое ж! Гэта ж падтрымка ў любой сітуацыі, сапраўдная дружба. І свайму сыну я жадаю таго ж. Менавіта таму мы тут.

«Байкеры — народ законапаслухмяны»

Дарэчы, мерапрыемства арганізавана не толькі для таго, каб прыцягнуць увагу да мотакультуры, але і чарговы раз пагаварыць пра бяспеку дарожнага руху. На фестывалі ёй удзялалася асаблівая ўвага. Так, калону падчас парада суправаджаў атрад супрацоўнікаў ДПС «Страла». Дарэчы, патруляванне на матацыклах арганізавана не толькі падчас свят, але і штодня — не так даўно на падраздзяленне па ўсёй краіне закупілі 28 жалезных коней.

— Байкеры — народ законапаслухмяны. Ва ўсякім выпадку, больш законапаслухмяны, чым матацыклісты. Гэта дзве розныя катэгорыі. На жаль, па віне матацыклістаў летась загінулі 42 чалавекі і больш за 270 было паранена. Сумная статыстыка, хоць яна ідзе на змяншэнне. І сённяшняе мерапрыемства накіравана ў тым ліку на тое, каб мотааварый станавілася менш, — падкрэсліў міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ. Дарэчы, на фестываль ён таксама прыбыў на матацыкле.

Тым часам свята расцягнулася на ўвесь дзень. А завяршылася яно маляўнічым салютам. І ў кожнага яго наведвальніка была магчымасць хоць на хвілінку адчуць сябе сапраўдным байкерам — абсалютна ўсім дазвалялі пасядзець і сфатаграфавацца на жалезных конях.

Дар'я КАСКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вы бачылі лятаючыя матацыклы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».