Вы тут

Мінпрыроды падзякавала школьнікам за перамогу ў экаалімпіядзе


У Мінпрыроды выказалі ўдзячнасць сталічным школьнікам за перамогу ў Міжнароднай экалагічнай алімпіядзе.


Падчас сустрэчы з адным з прызёраў алімпіяды, вучнем сярэдняй школы №130 г. Мінска Цімафеем Фёдаравым міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык сказаў:

– Віншую вас з Дзмітрыем з першай у вашым жыцці перамогай такога ўзроўню. У такім юным узросце вы змаглі праславіць нашу краіну. Вельмі прыемна, што вы займаецеся экалагічнымі пытаннямі і так добра іх ведаеце, што сталі лепшымі з лепшых.

Па словах міністра, вельмі добра, што экалагічнае выхаванне сёння прысутнічае ў навучальных установах краіны. Але неабходна і далей развіваць гэтыя дысцыпліны, пачынаючы нават з дзіцячага саду.

Андрэй Худык уручыў Цімафею Фёдараву пісьмо з падзякай ад Мінпрыроды і каштоўныя падарункі, а таксама выказаў удзячнасць педагогам Цэнтра за падрыхтоўку таленавітых юных вучоных і бацькам хлопцаў.

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч расказала, што на працягу 27 гадоў на базе Цэнтра праходзіць рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных праектаў вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Многія яго пераможцы паспяхова абаранялі свае работы і на міжнародным узроўні.

Нагадаем, што дзесяцікласнік Цімафей Фёдараў (сярэдняя школа №130 г. Мінска імя Рут Уолер) і адзінаццацікласнік Дзмітрый Харытонаў (гімназія №13 г. Мінска) у пачатку красавіка ўдзельнічалі ў Міжнароднай экалагічнай алімпіядзе “Golden Climate” (Найробі, Кенія). Беларускія школьнікі прадставілі праект “Павышэнне эфектыўнасці арганічнага і традыцыйнага земляробства біятэхналагічнымі метадамі”, за які былі ўзнагароджаны залатымі медалямі і спецыяльнымі сертыфікатамі.

Юныя вучоныя займаліся пошукам бактэрый і стварэннем біяпрэпаратаў – жывых стымулятараў росту раслін, якія здольныя ўтылізаваць сінтэтычныя хімічныя рэчывы, што трапляюць у глебу ў выніку выкарыстання пестыцыдаў.

Як расказаў Іван Рускіх, педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, кіраўнік навуковага аб’яднання навучэнцаў па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”, дзе займаюцца хлопцы, гэты накірунак дзейнасці вельмі актуальны і перспектыўны. Сёння ў Беларусі і іншых краінах развіваецца арганічнае земляробства. Але ў гэтай галіне існуе шмат праблем, над вырашэннем якіх працуюць вучоныя ва ўсім свеце. Адна з іх – ачышчэнне глебы ад рэшткаў хімічных і сінтэтычных сродкаў абароны раслін, выкарыстанне якіх забаронена пры вытворчасці арганічнай прадукцыі. Акрамя таго, глеба ад пестыцыдаў звычыйна ачышчаецца толькі праз некалькі гадоў (ад трох і больш). З дапамогай жа біяпрэпаратаў можна паскорыць гэты працэс. За 2,5 гады працы над праектам школьнікам удалося дасягнуць значных поспехаў – яны знайшлі такія бактэрыі і даказалі іх эфектыўнасць, што і прынесла ім заслужанае "золата" на алімпіядзе.

Але, нягледзячы на перамогу, працу над праектам сталічныя школьнікі спыняць не збіраюцца. Так, Цімафей Фёдараў адзначыў, што марыць паступіць на біялагічны факультэт БДУ і хоча звязаць сваю будучыню з ідэяй стварэння біяпрэпаратаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Штогадовая алімпіяда па біялогіі (экалагічных праектаў) “Golden Climate” (GCIEPO) у г. Найробі (Кенія) – самы вялікі міжнародны конкурс навуковых праектаў сярод вучняў сярэдніх школ.

Сёлета на алімпіядзе было прадстаўлена больш за 200 праектаў на 6 секцыях. Удзел у ёй прынялі школьнікі з 25 краін свету (ЗША, Украіны, Літвы, Босніі і Герцагавіны, Мексікі, Бразіліі, краін Афрыкі і інш.).

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.