Вы тут

Выбраны пераможцы эпісталярнага конкурсу


Беларускі маладзёжны конкурс сачыненняў эпісталярнага жанру праходзіў 22-і раз. Сёлета на яго было даслана 1863 работы з 1169 устаноў адукацыі. Больш за ўсё ўдзельнікаў аказалася з Брэсцкай вобласці — 449.


«Уявіце, што вы з'яўляецеся пісьмом, якое падарожнічае ў часе. Якое пасланне вы хацелі б перадаць сваім чытачам?» — такую тэму прапанавалі падлеткам (у конкурсе ўдзельнічаюць дзеці да 15 гадоў).

— Гэта тэма вельмі блізкая да пошты. Напэўна, да сачыненняў прыклалі руку і бацькі. Успомнілі, як у свой час самі пісалі лісты, калі віншавалі бабулю і дзядулю. Сёння іншыя трэнды — напрыклад посткросінг. І мэта перапіскі ўжо не падтрымка кантакту з блізкімі, а знаёмствы з людзьмі з іншых краін, — заўважае першы намеснік генеральнага дырэктара Белпошты Алена СКРЫПЧЫК.

У фінал конкурсу выйшла сем сачыненняў — па адным з кожнай вобласці і Мінска. Усе яны напісаны ад рукі — гэта абавязковая ўмова. Пра што ж разважалі падлеткі? Валерыя Клімава, вучаніца сярэдняй школы № 40 Магілёва, склала пісьмо Вечнай Любові. «Як сумна, калі першыя лісты кахання замяняюць лаканічныя бяздушныя SMS-кі! Ці здольная сучасная моладзь, якая гадзінамі праседжвае ў інтэрнэце, імкнецца любым спосабам вылучыцца з натоўпу, на подзвіг у імя кахання?» — задавалася яна пытаннем.

Пра каштоўнасць папяровых лістоў разважаў і вучань Пяскоўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Данііл Спаравец. «Іх пісалі ўдумліва, грунтоўна, не спяшаючыся, бо пісьмо не церпіць мітусні. Трэба было прыгожа і правільна выкласці свае думкі, а значыць, упарадкаваць іх у галаве. <...> Пісьмо — гэта гісторыя ў канверце, якую можна захоўваць гадамі».

Міхаіл Койфман, вучань мінскай гімназіі № 2, адправіў у падарожжа па часе ваенна-палявы ліст. «Я простае пісьмо сына з вайны, пасланне маці, сёстрам і брату. Я захоўваю ў сабе тое, што засталося ад незнаёмага табе чалавека: яго ўспаміны, мары, надзеі, мроі. Усяго некалькі радкоў, але якія яны дарагія, вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской...».

«Я жадаю вам заўсёды шанаваць продкаў, вывучаць гісторыю свайго роду, ведаць свае карані. Сябры мае, добра вучыцеся! Мне вельмі хочацца, каб праз два-тры стагоддзі вы здолелі перамагчы хваробы, каб усе жылі доўга і шчасліва. Шануйце розум і прыгажосць, развівайце навуку і тэхніку, любіце сваю Радзіму, рабіце яе прыгажэйшай», — заклікае ў сваім сачыненні сямікласніца віцебскай школы № 3 Дар'я Козік.

А цяпер пра вынікі. На трэцім месцы апынуліся Міхаіл Койфман, Дар'я Козік, Аліна Афанасенка (дзевяцікласніца Уцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна) і Мікіта Ярашэвіч (Ждановіцкая сярэдняя школа). Другое месца падзялілі Данііл Спаравец і Валерыя Клімава. Пераможцам жа сёлетняга эпісталярнага спаборніцтва стаў вучань гродзенскай школы № 37 Арцём Богуш. Хлопчык, дарэчы, удзельнічае ў конкурсе не першы раз: летась яго сачыненне заняло другое месца. У сваім лісце 12-гадовы падлетак прапаноўваў выпадковаму чытачу з будучыні сваё сяброўства. Ён спадзяецца, што дружба зможа пазбавіць свет ад вайны.

«Я не хачу разбірацца ў тым, хто мае рацыю, а хто вінаваты ў гэтых канфліктах. Мне не цікава, хто і з якой прычыны развязвае войны, — піша хлопчык. — Якая розніца, калі гінуць людзі? Дарослыя, старыя, дзеці... Дзеці, якія, як і я, хацелі проста жыць і быць шчаслівымі. Дзеці, якія замест першых вершаў аб каханні і сяброўстве, пішуць аб страху, вайне, смерці... Я чытаў такія вершы ў інтэрнэце. Гэта вершы дзяцей, якія жывуць у гарачых кропках. Гэтыя радкі ўскалыхнулі маю душу, перавярнулі маю свядомасць».

Камісія адзначыла ліст гродзенскага школьніка за яго непасрэднасць.

— Стыль выкладання незвычайны. Была «іскрынка». Я зацікавілася і хацела дачытаць да канца. А калі хочаш дачытаць — гэта пра нешта кажа, — падзялілася меркаваннем галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА.

Сачыненне Арцёма Богуша перакладуць на англійскую мову і адправяць у Міжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза (горад Берн) для ўдзелу ў 47-м Міжнародным маладзёжным эпісталярным конкурсе. Там ліст беларускага школьніка будзе спаборнічаць з работамі падлеткаў са 140 краін свету.

Летась найлепшым стала сачыненне з Тога (Заходняя Афрыка). Яго напісала 14-гадовая Ева Паласіяс. Тэма гучала так: «Уяві, што ты саветнік новага Генеральнага сакратара ААН. Якую глабальную праблему ты дапамог бы яму вырашыць у першую чаргу? Якую б параду даў, каб ён справіўся з рашэннем?» Дзяўчынка падзялілася тым, што яе хвалявала, — шлюбы непаўналетніх. На думку Евы, рашыць праблему магла б адукацыя і змены ў законах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пасланне ў будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?