Вы тут

Гукавыя малюнкі бязмежных вышынь


...Між іншым, высокая музыка гучыць на Залатой Горцы ў Мінску. Касцёл святога Роха, дзе дзесяцігоддзямі ладзіліся камерныя канцэрты, застаецца прыцягальны як канцэртная пляцоўка, але ў красавіку тут гучыць асаблівая музыка: дзякуючы XIV фестывалю духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”.


Сёлета імпрэзы фестывалю Касцёла Найсвяцейшай Тройцы пачаліся адразу ж пасля Вялікадня па каталіцкім календары. Але праграма складзена так, што паслухаць духоўную музыку можна на працягу ўсяго красавіка і нават у маі.

Адметна, што першым стаў канцэрт арганнага класа дзіцячай музычнай школы мастацтваў No 1 г. Мінска. Арган у гэтым касцёле гучаў і за савецкім часам. Але цяпер арганнае майстэрства Беларусі мае працяг: ігру на гэтым складаным інструменце асвойваюць дзеці. Тым больш велічнымі здаваліся творы Дзітрыха Букстэхудэ, Іагана Себасцьяна Баха, Іаганеса Брамса, Рыхарда Вагнера... Цудоўнапрыгожая «Аvе Маria» (І.С.Баха і Ш.Гуно) звычайна ўзносіць на нябёсы, а тут яшчэ і ў выкананні дзяўчынкі — Алены Сцепанцовай. Дзеці за арганам — найлепшае сведчанне повязі эпох праз музыку.

Яна можа быць з мінулага, як у асобным канцэрце старадаўняй музыкі. У ім сышліся беларускія і нямецкія музыканты. І гэты цікава спалучэннем традыцый (ці зваротам да тых, што былі калісьці агульнымі ў развіцці сусветнай музыкі). Ад нас — Галіна Мацюкова (флейта), у прынцыпе, і Таццяна Бяльковіч (тэорба). Дзяўчына вывучала старадаўнія гітарныя і лютневыя інструменты ў прафесара Рольфа Ліслеванда ў Вышэйшай школе музыкі г. Тросінгена ў Германіі. Выступае з сольнымі праграмамі і ў складзе камерных ансамбляў і аркестраў у Еўропе. Беларускія слухачы могуць памятаць яе па супрацоўніцтве з «Камернымі салістамі Мінска». Зацікавілі госці: сапрана Штэфані Кайзер (вучылася сучаснаму вакалу і на факультэце старадаўняй музыкі ў Вышэйшай школе музыкі г. Тросінгена). Пітэр Кубіш вывучаў дырыжыраванне ў Вышэйшай школе музыкі ім. К.М. фон Вэбера ў Дрэздэне. Кіруе камерным хорам A-cappella ў Фрайбергу. Працуе як дырыжор са шматлікімі аркестрамі ў Германіі і за яе межамі. Канцэртуе як клавесініст і арганіст. Пашчасціла паслухаць?..

А ці пашчасціла адкрыць для сябе новыя імёны беларускіх музыкантаў? Такую магчымасць даў канцэрт арганнай музыкі, дзе выступамі Артур Паласухін і Святаслаў Парфёнаў. І калі Святаслаў Парфёнаў музыкант ужо вядомы (выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе фартэпіяна, які шмат выступаў у розных краінах), але арганам займаецца дадаткова, то Артур Паласухін яшчэ вучыцца ў Баранавіцкім музычным каледжы па класе фартэпіяна. На аргане ён пачаў іграць у 12 гадоў на набажэнствах у касцёле. Сістэматычным засваеннем майстэрства арганнага выканальніцтва займаецца ўжо тры гады.

Духоўны фестываль немагчыма ўявіць без харавых спеваў. І мінулыя выхадныя падаравалі такія сустрэчы. Камерны аматарскі хор POLIFONICA (дырыжор Павел Шэпелеў) вядомы выкананнем твораў беларускай народнай музыкі, свецкай і царкоўнай традыцыі. Гэта маглі ацаніць слухачы ў самых розных краінах свету. Маладзёжны камерны хор SALUTARIS (мастацкі кіраўнік Вольга ЯНУМ). Дзесяць гадоў існавання — і безліч міжнародных фестываляў, што прынеслі званні лаўрэатаў. У 2016 SALUTARIS выступіў з сольным канцэртам у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу (Расія). Гэты хор стаў пераможцам у конкурсе сацыяльных і культурных праектаў «SocialWeekend Belarus 2016». Таленавітая ў нас моладзь: ці не таму, што далучаная да духоўных скарбаў?

І калі з’явілася цікавасць да фестывалю “Залатагорская ліра”, то ў яго межах ёсць яшчэ праграмы, якія варта не абмінуць.

22 красавіка — арганны канцэрт духоўнай музыкі і да кінафільмаў (ужо сама назва інтрыгуе!). А тым больш калі разумееш, што гучыць і хто іграе. Творы кампазітараў Скандынавіі і Балтыі, а таксама духоўную музыку з кінафільмаў прадставіць арганіст і клавесініст Юлія Тамінен (Фінляныя). Але калі ведаць, што нарадзілася яна ў Мінску, скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі, то разумееш, што наша школа дае цудоўную базу. І не выключае ўдасканалення. Юлія Тамінен працягвала навучанне на гісторыка-тэарэтычным факультэце Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. Рымскага-Корсакава, адначасова займалася па класе аргана і працавала арганістам у двух храмах Санкт-Пецярбурга. Пасля паехала ў Хельсінкі, дзе стажыравалася ў Акадэміі імя Я. Сібеліуса па класе аргана і па класе клавесіна. Як стыпендыят фінскага культурнага фонду стажыравалася ў магістратуры Амстэрдамскай кансерваторыі. Лаўрэат міжнароднага арганнага конкурсу ў Алькмары (Нідэрланды), а таксама ўладальнік спецыяльнай прэміі «За лепшае выкананне барочнай музыкі» на VII Міжнародным конкурсе арганістаў імя М. Тарывердзіева ў Калінінградзе. Працуе ў Хельсінкі арганістам у лютэранскім прыходзе і выкладае арган ва ўніверсітэце Метраполія, удзельнічае ў ансамблях старадаўняй музыкі і супрацоўнічае з аркестрамі і харавымі калектывамі Фінляндыі. Выступае шмат у якіх краінах і не забывае пра Беларусь.

28 красавіка — фальклорны ансамбль украінскай песні і абраду «Ватра» з праграмай «З Христом дорогою Христа». 20 украінскіх харавых духоўных песень, праз якія ўмоўна можна прасачыць увесь шлях Ісуса Хрыста ад Звеставання да Уваскрэсення. Акрамя таго, гэта тыя ўзоры ўкраінскай літургічнай музыкі, якія гучаць у храмах Украіны сёння. Удзельнікамі ансамбля «Ватра» з'яўляюцца спевакіаматары, этнічныя ўкраінцы, якія пражываюць у горадзе Мінску, і беларусы, якія маюць украінскія карані і любяць украінскую песню. Калектыў існуе пры Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім грамадскім аб'яднанні ўкраінцаў «Заповiт» і дзякуючы фінансавай падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Артысты ансамбля неаднаразова паказвалі сваё мастацтва ў самых розных кутках Беларусі і Украіны.

І ў цудоўны дзень 5 мая — яшчэ адна сустрэча, якая шмат абяцае: канцэрт харавой духоўнай музыкі Аляксандра Літвіноўскага. Адметны сам факт, што ў праграму ўключаны творы сучаснага беларускага кампазітара, музыку якога з задавальненнем слухаюць у Еўропе. Адзін з тых сучасных творцаў, што пракладаюць шлях ад традыцыі да авангардных, эксперыментальных пошукаў, шляхі для якіх адкрыла новая эпоха электронных гукаў. Яго музыка гучыць і ў тэатры, яе можна слухаць праз кампакт-дыскі (Літвіноўскі карыстаецца ўсімі магчымасцямі прыйці да слухача), а пра яго нават напісаная кніга. Але цяпер – харавыя творы духоўнага зместу. І гэта актуальна для сучасных кампазітараў, прагучыць, у прыватнасці, меса «Grigorianica» і дзве кантаты: «Да Маці Божай» і «Сэрца Езуса». Камерны хор «CONCORDIA» (мастацкі кіраўнік і дырыжор Галіна Казіміроўская) і салісты: Настасся Храпіцкая (сапрана), Ганна Куніцкая (сапрана), Віктар Кісцень (арган). Хор Concordia аб’яднаў студэнтаў і людзей розных прафесій, аматараў харавых спеваў. Што важна для нас — у рэпертуары калектыву — сучасная беларуская музыка, праз якую хор імкнецца адкрыць Беларусь для іншых народаў, дзе даводзіцца выступаць. І робіць яе больш зразумелай нам самім. Усё ж музыка — гукавы партрэт ці малюнак часу і месца, дзе яна ствараецца. Боская справа, як і сам створаны свет: прыслухайцеся да яго...

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.