Вы тут

Як палепшыць жыццё людзей з асаблівасцямі?


Апошнім часам шмат гаворыцца пра праблемы людзей з інваліднасцю. І зразумела чаму — бо яны ёсць. Хоць мы не стаім на месцы і дзяржава стараецца абараняць правы гэтых людзей. Сёння нельга сказаць, што нашы законы ў чымсьці супярэчаць нормам Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Але, напрыклад, канвенцыя ўстанаўлівае забарону ўсякай дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Але што лічыць дыскрымінацыяй? У розных людзей на конт гэтага можа быць рознае меркаванне. Таму мы не пераадолеем яе, калі не канкрэтызуем, што ж гэта такое і якія ў яе прыкметы, і не прапішам гэта дакладна і зразумела ў законе. І гэта не адзінае пытанне, якое чакае ўдакладнення.


Таму дэпутаты Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачынаюць работу па падрыхтоўцы законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў». Нядаўна камісія правяла выязное пасяджэнне, на якое былі запрошаны прадстаўнікі самых розных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама грамадскіх аб'яднанняў людзей з інваліднасцю. Яго мэтай было прагаварыць асноўныя болевыя пункты і пачуць канкрэтныя прапановы ўсіх зацікаўленых удзельнікаў.

Пытанняў для абмеркавання аказалася шмат. Напрыклад, на думку намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака, нам трэба адрэгуляваць пытанні надання людзям з інваліднасцю права на ўдзел у культурным і спартыўным жыцці грамадства і выразна прапісаць гэта ў заканадаўстве.

Вельмі важна забяспечыць для іх бесперашкодны доступ да жылых аб'ектаў, як і да аб'ектаў сацыяльных, інжынерных, транспартных, да ўсёй інфраструктуры ўвогуле. Для гэтага трэба заканадаўча адрэгуляваць парадак уладкавання безбар'ернага асяроддзя ў дамах і кватэрах, дзе жывуць інваліды і сем'і, якія маюць у сваім складзе інвалідаў, а таксама ўладкавання безбар'ернага асяроддзя ў месцах агульнага карыстання.

Бо нярэдкія выпадкі, калі чалавек на калясцы падняўся па пандусе, але ўвайсці ў будынак не можа. Чаму? Альбо шырыня дзвярэй не адпавядае нарматывам, альбо аказваюцца яшчэ прыступкі, па якіх узлезці чалавек з інваліднасцю не ў стане. Так, у нашым заканадаўстве ёсць усе адпаведныя нормы, але практыка паказвае, што часта ўзнікае шмат пытанняў, асабліва гэта датычыцца ўладкавання безбар'ернага асяроддзя ў месцы пражывання інваліда. Напрыклад, у нас у многіх будынках ліфты чамусьці пачынаюцца з другога паверха і пандусаў да іх няма. Мы стараемся выправіць памылкі будаўніцтва мінулых гадоў, але гэта адбываецца з вялікай цяжкасцю. І чалавеку з інваліднасцю часта даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб скарыстацца сваім правам на даступнае асяроддзе.

Або яшчэ прыклад: у многіх мінскіх гасцініцах ужо абсталяваны нумары для людзей з інваліднасцю. Але, як адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, грамадскі кантроль выявіў, што толькі малая іх частка адпавядае тым патрабаванням, якія б забяспечвалі бесперашкодны доступ для людзей з інваліднасцю. Таму неабходна прапісаць пытанні кантролю і адказнасці за невыкананне ўстаноўленых патрабаванняў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя.

А што такое сітуацыйная дапамога? У законе трэба распісаць, што гэта значыць, прапісаць нормы і ўрэгуляваць парадак яе аказання чалавеку з любым відам інваліднасці. Якую канкрэтна ён будзе атрымліваць дапамогу? Якой будзе адказнасць за неаказанне або неналежнае аказанне такой дапамогі?

Калі ўзяць сітуацыю з адаптацыяй і сацыяльнай рэабілітацыяй людзей з інваліднасцю, то іх немагчыма назваць паўнавартаснымі, калі ў выніку інваліды не змогуць працаваць. Калі чалавек хоча працаваць, грамадства павінна забяспечыць яму гэтае права. Для гэтага існуе механізм квот. Калі гэта будзе прапісана заканадаўча, кіраўнікі прадпрыемстваў будуць бачыць і сваю асабістую адказнасць за сацыяльную адаптацыю інвалідаў: ёсць пэўныя квоты і столькі чалавек з інваліднасцю яны павінны прыняць на працу. І трэба абсталяваць працоўныя месцы для гэтых людзей, стварыць неабходную інфраструктуру, якая будзе забяспечваць магчымасць руху і г. д.

Увогуле, ужо зразумела, што ў гэтай працы павінна ўдзельнічаць усё грамадства, а не толькі адно Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

* * *

Важныя новаўвядзенні, якія датычацца людзей з інваліднасцю, плануе ўнесці ў сваю працу Міністэрства аховы здароўя. Ведамства зараз пачынае работу над пілотным праектам па вызначэнні інваліднасці па новым крытэрыі. Разам з трыма групамі інваліднасці плануецца вызначаць яшчэ і працэнт ступені выяўленасці парушэння функцый арганізма. Ён будзе вар'іравацца ад 10 да 100 працэнтаў з крокам у 10 працэнтаў, што, на думку многіх спецыялістаў, дасць магчымасць больш аб'ектыўна падыходзіць да ўстанаўлення інваліднасці. У Міністэрстве аховы здароўя плануюць адпрацаваць гэта новаўвядзенне ў некалькіх раёнах краіны, пры станоўчых выніках яно будзе замацавана нарматыўна, заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы — начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Ірына Кірэева.

Дыскусійным аказалася пытанне, звязанае з увядзеннем адказнасці чалавека з інваліднасцю за ўхіленне і адмову ад рэалізацыі індывідуальнай праграмы рэабілітацыі. Міністэрства аховы здароўя прапануе такое новаўвядзенне ў сувязі з вельмі высокім працэнтам невыканання праграмы прафесійнай рэабілітацыі інвалідаў. Зразумела, што ў ведамстве ёсць важкія аргументы для такога рашэння. Але свае аргументы выказалі і ўдзельнікі пасяджэння. Так, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко задаўся пытаннем аб правах пацыента, у якіх запісана, што кожны грамадзянін мае права адмовіцца ад лячэння. А старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка адзначыў, што пры складанні гэтай праграмы трэба ацэньваць не толькі медыцынскія, але і сацыяльныя фактары. Як і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, які заявіў, што МРЭК вызначае праграму рэабілітацыі зыходзячы ў асноўным з дыягназу і практычна не ўлічвае сацыяльнае асяроддзе, у якім жыве чалавек: вёска гэта ці горад, ёсць там нейкая інфраструктура ці няма... «Мы пакуль ідзём па медыцынскім шляху, калі ацэньваем толькі парушэнні здароўя і не ацэньваем працэнт уключанасці чалавека ў навакольнае жыццё, — заявіў Сяргей Драздоўскі. — Гэта важна, але гэтага недастаткова. Таму што бывае, што фармальна чалавек быццам бы не падыходзіць пад азначэнне інваліда, але ён жыве ў стане інваліднасці, таму што навакольнае асяроддзе навязвае яму гэты стан. І гэтую праблему трэба вырашаць...»

Гэта, дарэчы, асноўнае пытанне, якое стаіць перад спецыялістамі і нашым грамадствам у цэлым: як перастаць бачыць у інваліднасці толькі медыцынскую праблему і зразумець, што гэта ў першую чаргу праблема сацыяльная? Важным момантам з'яўляецца і тое, што да самага апошняга часу ў Беларусі чалавек з інваліднасцю разглядаўся як аб'ект сацыяльнай падтрымкі, але цяпер, з прыняццем і ратыфікацыяй Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, сітуацыя кардынальна змянілася, ператварыўшы чалавека з інваліднасцю з аб'екта сацыяльнай абароны ў паўнапраўнага ўдзельніка адносін па выкананні і рэалізацыі ўласных правоў.

  • Усяго ў Беларусі налічваецца 564 967 чалавек з інваліднасцю (па стане на 1 студзеня 2018 года). З іх 87 930 маюць інваліднасць 1 групы, 265 510 — 2 групы і 180 522 — 3 групы. У краіне таксама ёсць 31 005 дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.
  • Больш за ўсё людзей з інваліднасцю ў Мінску (124 681 чалавек) і Гомельскай вобласці (91 398 чалавек). Менш за ўсё — у Віцебскай вобласці (58 744).

Святлана БУСЬКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.