Вы тут

Хто адпрацаваў на забруджаных тэрыторыях, заслугоўвае асаблівай увагі


Напярэдадні гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС «МС» пагутарыла са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, дэпутатам ад Быхаўскай акругі № 81 (Быхаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі, Касцюковіцкі раёны) Таццянай КАНАНЧУК.


— Таццяна Пятроўна, вы пабывалі на сваёй малой радзіме ў апошнія выхадныя?

— Так. Я там бываю часта: падчас кожнага тыдня работы ў акрузе і ў выхадныя.

— Якая там зараз радыяцыйная абстаноўка?

— Сітуацыя пасля 1986 года змянілася істотна. За гэты час частка населеных пунктаў, дзе ўзровень забруджвання радыенуклідамі быў ад 5 да 15 кюры на квадратны кіламетр, перайшла ў пералік населеных пунктаў з узроўнем забруджвання ад 1 да 5 кюры на квадратны кіламетр. Сярод населеных пунктаў, дзе ў глебе захоўваецца досыць высокая канцэнтрацыя радыеактыўных рэчываў, застаюцца Слаўгарад, некалькі аграгарадкоў — Свенск, Гіжэнка, Рэкта, іншыя населеныя пункты.

— Як мяняецца жыццё са змяншэннем радыяцыі?

— Паляпшэнне радыеактыўнай абстаноўкі адбываецца ў выніку дзвюх рэчаў: натуральных працэсаў (пасля завяршэння перыяду паўраспаду радыеактыўных элементаў) і ў выніку захадаў з боку чалавека. У асноўным гаворка пра цэзій-137 і стронцый-90. Іх перыяд жыцця досыць доўгі — больш за 30 гадоў. На працягу пяці чарнобыльскіх праграм праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы (вапнаванне глебы, унясенне мінеральных угнаенняў), якія накіраваныя на звязванне радыеактыўных элементаў у глебе, — для таго каб яны не траплялі ў расліны. Гэта дазволіла атрымліваць чыстую прадукцыю. За апошнія гады не было ніводнага выпадку рэгістрацыі забруджанага радыенуклідамі малака нават у прыватным сектары на тэрыторыі маёй акругі. Кароў там пасуць на апрацаваных пашах. Спецыяльныя мерапрыемствы вярнулі вялізную колькасць зямель у сельгасабарот.

Вялікай праблемай пакуль застаецца лясны фонд, дзе мерапрыемствы па абароне ад радыяцыі праводзіць больш складана і яны менш эфектыўныя.

Падчас рэалізацыі першай і другой дзяржаўных праграм па пераадольванні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС была праведзена дэзактывацыя глебы ў вялікай колькасці населеных пунктаў, асабліва каля ўстаноў сацыяльнай сферы: школ, дзіцячых садкоў, бальніц. Трэцяя і чацвёртая праграмы былі накіраваныя на рэабілітацыю забруджаных радыенуклідамі тэрыторый, на іх сацыяльна-эканамічнае развіццё.

Галоўная задача пятай праграмы, якая ажыццяўляецца зараз, — пераход на ўстойлівае развіццё гэтых тэрыторый. Мадэрнізуюцца школы, будуюцца фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, малочнатаварныя, свінагадоўчыя комплексы. Сёння, калі недасведчаны чалавек апынецца там, то не ўбачыць ніякага адрознення ад іншых раёнаў. Там працуюць вытворчасць, сацыяльныя аб'екты, развіваецца прадпрымальніцтва. Разам з тым працягваюцца мерапрыемствы па радыяцыйнай абароне.

Сёння па ўсёй краіне на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях пражывае яшчэ каля 1,1 мільёна чалавек у 2193 населеных пунктах. Раней пражывала больш за два мільёны. У 1,7 раза зменшыліся забруджаныя плошчы.

Адзін з самых важных кірункаў, які змяшчаюць усе пяць праграм, — сацыяльная абарона, медыцынскае забеспячэнне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва. Усе людзі, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях, праходзяць абавязковую дыспансерызацыю, усім дзецям забяспечана бясплатнае аздараўленне і харчаванне ва ўстановах адукацыі. Кірункі гэтыя пастаянна ўдасканальваюцца.

Мы цяпер кажам, што вельмі важна мець у дзіцячых аздараўленчых цэнтрах сучаснае медыцынскае абсталяванне для ранняй дыягностыкі. Гэты кірунак неабходна развіваць, бо да 2056 года ў нас усё яшчэ застанецца 1051 населены пункт на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях.

Самазаспакаення ў тых, хто там пражывае, не павінна быць. Трэба кантраляваць прадукцыю. Умовы для гэтага створаны, напрыклад у школах ёсць адпаведныя цэнтры. Трэба абмяжоўваць і наведванне лясоў. Нам жыць з гэтым яшчэ не адно дзесяцігоддзе.

— У вас дазіметр ёсць?

— Не. Што датычыцца дозы выпраменьвання, то гадавы ўзровень не павінен перавышаць 1 мзв (мілізіверт). Я пражыла там усе 32 гады пасля аварыі на ЧАЭС. У красавіку 1986 года заканчвала трэці курс Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, і ўжо на чацвёртым курсе вахтавым метадам вучэбную чвэрць працавала ў родным Слаўгарадскім раёне ў школе, бо многія настаўнікі з'ехалі, настаў востры недахоп кадраў. На пятым курсе гэта ўжо было дзве чвэрці. Уся мая працоўная дзейнасць, да абрання ў парламент, праходзіла ў гэтым раёне. А калі працавала старшынёй райсавета, то наведвала і зоны адчужэння. Заўсёды імкнулася выконваць усе санітарныя нормы і патрабаванні для таго, каб вырасціць здаровымі сваіх дзяцей.

— Праблема з кадрамі на гэтых тэрыторыях захоўваецца?

— Пра недахоп кадраў там ужо па вялікім рахунку размова не ідзе. Ёсць цякучасць: маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі з'язджаюць, сыходзяць у дэкрэтныя адпачынкі. Радыяцыі дагэтуль баяцца, але ж у першыя гады была паніка. У месца, адкуль людзі масава выязджаюць, складана кагосьці накіраваць. Хаця... У наш выпускны год адбываўся эксперымент па студэнцкім самакіраванні. Мы павінны былі самі размеркавацца — без удзелу дэканата. З нашага курса выпускалася 125 матэматыкаў і 50 фізікаў. І мы закрылі ўсе «чарнобыльскія» раёны. Сама паехала на сваю радзіму. Цяпер, калі працую ў акрузе, сустракаю сваіх былых аднакурснікаў, якія засталіся, стварылі сем'і, жывуць і працуюць.

Зараз няма ранейшага непрыняцця «чарнобыльскіх раёнаў». Міграцыя не адрозніваецца ад той, што адбываецца ўсюды: людзі пераязджаюць у буйнейшыя населеныя пункты.

— Якія праблемы надзённыя для гэтых рэгіёнаў?

— Праблемы, якія ўзнікаюць, становяцца больш кропкавымі. Пры далейшым уцягванні зямель, якія пацярпелі ад аварыі, у вытворчасць важна не забываць пра тое, што цэнтральная гаспадарка, скажам, можа знаходзіцца на адносна чыстай тэрыторыі, а палі, на якіх працуюць механізатары, на забруджанай. Аднак, згодна з дзеючым заканадаўствам, такой гаспадарцы ўжо не вылучаюцца сродкі для спецвопраткі. Усе гэтыя нюансы трэба прадумваць.

Сёлета плануецца паступленне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта аб карэкціроўцы Закона аб радыяцыйнай бяспецы. Пасля яго прыняцця трэба ўносіць змены ў іншыя нарматыўныя акты. Час мяняецца. Раней радыяцыяй было забруджана 23 % тэрыторыі, цяпер — 11 %, але адзін і той жа чалавек можа працаваць і пражываць і на чыстай тэрыторыі, і на забруджанай. Напэўна, складана гэта ўлічыць, але трэба шукаць магчымасці.

Дзяржава аказала моцную дапамогу для адраджэння гэтых тэрыторый, але вялікую ролю ў гэтым сыграла само насельніцтва. Сваёй верай у родную зямлю, працай без аглядкі на незвычайныя ўмовы людзі выратавалі сваю малую радзіму. Інакш не скажаш. І сёння яны правільна падымаюць пытанне: мы прапрацавалі на забруджаных тэрыторыях 30 гадоў і хацелі б, каб пры выхадзе на пенсію гэта было нейкім чынам улічана. Такі падыход быў бы справядлівы. Пра гэта трэба сёння думаць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Падтрымка, а не ўсплёск радыяфобіі

Павелічэнне матэрыяльнага дабрабыту і стварэнне новых працоўных месцаў — прыярытэты дзяржаўнай палітыкі на пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыях. Людзей, якія там жывуць, трэба падтрымліваць як псіхалагічна, так і эканамічна, упэўнены начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Валерый Баханко.

— Неабходна рабіць усё магчымае, каб павялічыць заработную плату людзям, што жывуць і працуюць на пацярпелых ад аварыі тэрыторыях, ствараць новыя працоўныя месцы, — адзначыў ён. — Таму прыярытэт дзяржаўнай палітыкі на перспектыву — далейшае зніжэнне рызыкі неспрыяльных наступстваў для здароўя грамадзян, садзейнічанне аднаўленню і ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна пры безумоўным забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі.

Паступова, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, жыццё на гэтых тэрыторыях змяняецца да лепшага, у тым ліку і ў плане радыяцыйнай бяспекі. Так, для атрымання прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, якая адпавядае нарматывам, праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы ў галіне сельгасвытворчасці — вапнаванне, унясенне павышаных доз калійных і фосфарных угнаенняў, што дазваляе ў пяць-шэсць разоў зніжаць узровень радыеактыўнасці. Дапамагае ў гэтым працэсе і прымяненне спецыяльных кармавых рацыёнаў, стварэнне культурных пашаў і сенакосаў. За апошнія 25 гадоў у сельскагаспадарчае выкарыстанне ўцягнута больш за 19 тысяч га (ці 7 % ад выведзеных з абароту зямель).

Сацыяльную скіраванасць мае і распрацаваная канцэпцыя саюзнай праграмы сумеснай дзейнасці па прадухіленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы на перыяд 2019—2022 гадоў, якая знаходзіцца на ўзгадненні. Па словах Валерыя Баханко, асаблівая ўвага ў ёй будзе ўдзяляцца сацыяльнай абароне і медыцынскаму забеспячэнню, комплексу ахоўных мерапрыемстваў у населеных пунктах, дзе доза радыяцыі можа перавышаць дапушчальныя нормы, падтрымцы сістэмы радыяцыйнага кантролю, вяртанню ў карыстанне выведзеных з абароту зямель з улікам эканамічных патрабаванняў і радыяцыйнай бяспекі.

Не менш важна, на думку спецыяліста, ствараць і псіхалагічныя ўмовы для жыцця людзей на пацярпелых тэрыторыях:

— Сёння «тэма радыяцыі» на гэтых тэрыторыях амаль не гучыць — там жывуць, працуюць, вырошчваюць чыстую прадукцыю. Я сам працаваў дырэктарам саўгаса на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання, за сем гадоў стварыў 14 новых вытворчасцяў. Людзям, якія засталіся там, неабходна матэрыяльная і псіхалагічная падтрымка, а не новы ўсплёск радыяфобіі.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Людзі выратавалі гэтую зямлю

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.