Вы тут

Як сочаць за радыяцыйным становішчам у краіне


Аварыі, звязаныя з радыяцыйным забруджваннем тэрыторыі, сведчаць пра важнасць і неабходнасць дзейнічання ў кожнай краіне эфектыўных сістэм радыяцыйнага кантролю. Што сёння робіцца ў Беларусі, каб своечасова выявіць павышэнне фону і не дапусціць распаўсюджвання радыяцыі, расказалі спецыялісты.


Фота БЕЛТА.

Кругласутачны нагляд

Радыяцыйны маніторынг у нашай краіне вядзецца з 1963 года. Менавіта тады на сетцы гідраметэаралагічных станцый пачаліся вымярэнні магутнасці дозы гама-выпраменьвання, а на момант аварыі на Чарнобыльскай АЭС у гэтых пунктах адбіраліся і пробы выпадзення радыеактыўных рэчываў з атмасферы. Кантроль радыеактыўных выпаданняў праводзіўся ў Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Пінску.

– Аварыя на ЧАЭС стала своеасаблівай вехай, пасля якой сістэма радыяцыйнага маніторынгу падвергнулася значным зменам, – адзначыў намеснік начальніка службы радыяцыйна-экалагічных лабараторных даследаванняў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Міхаіл Каваленка. – Павялічылася колькасць пунктаў маніторынгу і параметраў, па якіх праводзяцца назіранні. З 2001 года ў Беларусі дзейнічае аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнага становішча (АСКРС) у зонах назірання АЭС сумежных дзяржаў (Смаленская, Ровенская, Чарнігаўская і Ігналінская). Запушчана ў эксплуатацыю АСКРС і ў раёне будаўніцтва БелАЭС.

Начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Арцём Іваноў падкрэсліў, што галоўная мэта мадэрнізацыі сістэмы радыяцыйнага кантролю – стварыць усе ўмовы, каб не дапусціць аварыі. Таму АСКРС уключае ў сябе сістэму маніторынгу і сігналізацыі пра любыя пагрозы ці інцыдэнты, а таксама дазваляе не толькі выяўляць змены радыяцыйнага фону, але і вызначыць рэчыва, якое распаўсюдзілася.

Спецыялісты могуць у анлайн-рэжыме бачыць, як змяняецца сітуацыя ў атмасферным паветры, вадаёмах, глебе, і на аснове гэтых зменаў вырашаць, ці патрэбна на іх рэагаваць і ў якіх аб’ёмах прыцягваць сілы і сродкі. Сёння ўсе даныя з пунктаў маніторынгу акумулююцца ў Белгідрамеце і па каналах сувязі перадаюцца ў Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, а таксама іншым карыстальнікам – у Мінпрыроды, НАН Беларусі, Мінсельгасхарч, Мінлясгас і інш.

– Акрамя даных, якія паступаюць з беларускіх датчыкаў, мы, згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі, можам карыстацца інфармацыяй і з замежных пунктаў кантролю, – адзначыў Арцём Іваноў. – Рэспубліканскі цэнтр з’яўляецца кантактным пунктам Арганізацыі дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. У межах партнёрскіх адносін тут устаноўлена спецыяльнае абсталяванне, мы маем прамы доступ да датчыкаў радыяцыйнага кантролю на ўсіх кантынентах.

Палігон для навукі

У выніку аварыі на ЧАЭС на тэрыторыі плошчай 216 тыс. га, якую сёння займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, асела трэцяя частка выпаўшых у Беларусі радыенуклідаў, у тым ліку практычна ўсе трансуранавыя элементы (30% цэзію, 70% стронцыю і 98% плутонію). На працягу доўгіх гадоў і нават стагоддзяў землі на поўдні Гомельскай вобласці будуць знаходзіцца пад уздзеяннем моцных доз радыяцыі.

Менавіта гэта выклікае заклапочанасць і адначасова цікавасць навукоўцаў з розных краін свету. Паводле слоў начальніка ўпраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Валерыя Баханко, інтарэс да тэрыторыі Палескага запаведніка праяўляюць многія навуковыя арганізацыі і эксперты. Таму на яго базе было вырашана стварыць Міжнародны навуковы цэнтр, дзе разам з беларускімі вучонымі, якія шмат гадоў займаюцца вывучэннем радыяцыйна забруджанай тэрыторыі, будуць працаваць і замежныя спецыялісты. Сёлета плануецца выканаць значную частку работ па яго стварэнні.

Каб пажары абыходзілі бокам

Сёння адна з галоўных праблем на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка – пажары, якія пагаршаюць радыяцыйнае становішча і садзейнічаюць пераносу радыенуклідаў на другія, чыстыя тэрыторыі, лічыць Валерый Баханко.

Каб вырашыць яе, да канца 2018 года тут плануецца ўкараніць аўтаматызаваную сістэму радыяцыйнага і пажарнага кантролю. На кожнай з пажарна-назіральных вышак, што знаходзяцца на тэрыторыі запаведніка, усталююць сістэмы відэаназірання, датчыкі задымлення, высокаадчувальныя блокі гама-выпраменьвання, якія будуць перадаваць інфармацыю ў аператыўны цэнтр запаведніка. Гэта дазволіць у аўтаматычным рэжыме адсочваць сітуацыю і ў выпадку павышэння радыяцыйнага фону ці з’яўлення крыніц задымлення хутка прымаць неабходныя меры.

Сачыць за чысцінёй прадукцыі

З мэтай зніжэння рызыкі захворвання насельніцтва ў краіне праводзіцца перыядычны кантроль радыяцыйнага забруджвання глебы, вады, паветра, харчовых прадуктаў і вытворчых памяшканняў. Дзейнічае 800 падраздзяленняў радыяцыйнага кантролю (лабараторый, якія правяраюць прадукцыю), выкарыстоўваецца больш за 2000 адзінак радыеметрычнага і спектраметрычнага абсталявання.

– Дапушчальныя ўзроўні колькасці радыенуклідаў у харчовых прадуктах у нас у некалькі разоў больш жорсткія ў параўнанні з нарматывамі Мытнага саюза ЕАЭС і Еўрапейскага саюза, – адзначыў Валерый Баханко.

Каб атрымліваць прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі, якая адпавядае нарматывам, у краіне праводзяцца ахоўныя меры ў галіне сельгасвытворчасці – вапнаванне, унясенне павышаных доз калійных і фосфарных угнаенняў, што дазваляе ў 5-6 разоў зніжаць узровень радыеактыўнасці. Дапамагае ў гэтым працэсе і прымяненне спецыяльных кармавых рацыёнаў, стварэнне культурных пашаў і сенакосаў.

Дзеля паляпшэння санітарнага стану населеных пунктаў, зніжэння нагрузкі структурныя падраздзяленні дэпартаменту ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях праводзяць работы па разборцы і захаванні будынкаў і іншых аб’ектаў; добраўпарадкоўваюцца могілкі, месцы захавання воінаў ВАв; ствараюцца мінералізаваныя палосы; устанаўліваюцца папераджальныя знакі аб радыяцыйнай небяспецы.

Фота rad.org.by.

Выхоўваць радыелагічную культуру

Як расказаў загадчык лабараторыі масавых аналізаў Інстытута радыялогіі НАН Беларусі Андрэй Кухцевіч, пасля аварыі на забруджаных тэрыторыях былі арганізаваны мясцовыя цэнтры радыяцыйнага кантролю, мэта якіх – узаемадзейнічаць з насельніцтвам, аператыўна праводзіць вымярэнне колькасці радыенуклідаў у прадуктах уласнай вытворчасці.

Але сёння больш увагі надаецца інфармаванню насельніцтва, асабліва моладзі, пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таму з цягам часу цэнтры радыяцыйнага кантролю пераўтварыліся ў цэнтры радыелагічнай культуры. Яны базіруюцца ў установах адукацыі, дзе школьнікі вучацца праводзіць вымярэнні, даведваюцца пра ўласцівасці розных прадуктаў назапашваць радыяцыю. А падчас семінараў, якія праводзяцца ў цэнтрах, дзеці і дарослыя атрымліваюць аператыўную інфармацыю пра радыяцыйнае становішча і міграцыю радыенуклідаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Радыяцыя пад кантролем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».