Вы тут

Шчэпкі, торф і адходы замест газу


Энергазберажэнне — гэта яшчэ адна крыніца энергіі, не танная, аднак вельмі эфектыўная. Так лічаць спецыялісты, якія расказалі пра асаблівасці і перавагі працы кацельных на мясцовых відах паліва (МВП). Яны дазваляюць зніжаць выкарыстанне імпартных энергарэсурсаў за кошт спальвання мясцовай прадукцыі: шчэпак, торфу і нават адходаў ад лушчэння зерня.


Калі параўноўваць віды паліва па сабекошце, то самы танны — шчэпкі. Менавіта іх з поспехам выкарыстоўваюць з канца снежня 2017-га на кацельнай у Старых Дарогах. Два катлы аб'екта магутнасцю па 7 МВт працуюць для ацяплення жыллёвага фонду і іншых арганізацый, а кацёл магутнасцю 3 МВт разлічаны на гарачае водазабеспячэнне ў міжсезонны перыяд.

— Выкарыстанне шчэпак дапамагае замяшчаць імпартныя віды паліва, а лясістасць, якая ў Старадарожскім раёне складае 52 %, дазволіць цалкам закрываць уласнымі сродкамі паліўныя патрэбы кацельнай, — расказаў Уладзімір ЖАЛДАК, галоўны інжынер КУП «Старадарожская ЖКГ». — Сабекошт адной гігакалорыі з выкарыстаннем прыроднага газу складае крыху больш за 75 рублёў, а з прымяненнем МВП — 74,25 рубля. Так што эканамічны эфект ад замяшчэння газу шчэпкамі за два месяцы склаў 228,8 тысячы рублёў.

Аб'ект абышоўся ў 8,8 млн рублёў. Мяркуецца, што ён акупіцца праз сем гадоў.

Кацельная на адходах ад лушчэння зерня, якія атрымліваюцца падчас яго сушкі і перавозкі, працуе на патрэбы Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. На будаўніцтва кацельнай спатрэбіўся 1 млн рублёў. Цяпер тут расходуюць 316 кг незвычайнага паліва за гадзіну або 7,5 тон за суткі, каб забяспечыць камбінат ацяпленнем і гарачай вадой і, адпаведна, знізіць спажыванне на гэтыя мэты прыроднага газу.

— Штогод каля 1000 тон адходаў ад лушчэння зерня мы захоўвалі на палігоне, на што выдаткоўвалі 5000 рублёў. Выкарыстоўваючы іх у якасці паліва, за сакавік мы выпрацавалі 750 Гкал цеплаэнергіі, што знізіла расход газу на 43 тысячы м3 і дазволіла сэканоміць амаль 30 тысяч рублёў, — падзяліўся Сяргей ГАЛОЦІК, галоўны інжынер Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў.

А вось у вёсцы Рудаўка, што ў Нясвіжскім раёне, больш мэтазгодна было стварыць кацельную на фрэзерным торфе. Яна пачала працаваць у канцы 2017-га і каштавала крыху больш за 2,5 млн рублёў.

— Лясістасць у Нясвіжскім раёне толькі 9 %, а фрэзерны торф знаходзіцца за дзевяць кіламетраў ад кацельнай, так што дастаўка да месца мінімальная, — растлумачыў рашэнне Аляксандр ЖУК, дырэктар РУП «Нясвіжская ЖКГ». — Мяркуем, што за год працы кацельнай удасца замясціць МВП 1 млн м3 газу або 1150 тон умоўнага паліва, а доля МВП вырасце з 17,8 % да 31 %.

Акрамя таго, як запэўніваюць камунальнікі, абапіраючыся на пралічаныя за тры месяцы работы кацельнай паказчыкі, чакаецца, што сабекошт адной гігакалорыі паменшыцца на 25 %. Згатаваная на газе гэта адзінка каштавала ў 116 рублёў, а на торфе яна абыдзецца ў 88 рублёў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».