Вы тут

Традыцыйная выстава «СМІ ў Беларусі» сёлета пройдзе ў новым фармаце


На выставе «СМІ ў Беларусі», якая сёлета традыцыйна пройдзе з 3 да 5 мая ў сталічным НВЦ «БелЭкспа», будзе прадстаўлена каля чатырох соцень перыядычных выданняў, радыё- і тэлекампаній, інтэрнэт-рэсурсаў і інфармацыйных агенцтваў, аператараў кабельнага тэлебачання і выдавецтваў.


Цікавасць да выставы праявілі госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Казахстана, Турцыі і іншых краін, якія таксама прадставяць свае экспазіцыі. У прыватнасці, сярод удзельнікаў будуць СМІ Кастрамской, Бранскай абласцей і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі. Дэлегацыю апошняй ўзначаліць віцэ-губернатар Ірына Сакалова, якая правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам і кіраўніцтвам Мінгарвыканкама.

Акрамя таго, у мерапрыемстве возьмуць удзел сродкі масавай інфармацыі Кастрамской вобласці, з якой у нашай краіны даволі цесныя сувязі. На цяперашні момант рэалізуецца пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыяй Кастрамской вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве. У інфармацыйнай сферы двухбаковыя адносіны ладзяцца на аснове мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфарматызацыі, падпісаным у чэрвені 2017 года. Апроч узаемнага асвятлення розных мерапрыемстваў у сродках масавай інфармацыі на пастаяннай аснове вядзецца абмен вопытам у сферы падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне кнігавыдання, паліграфіі, СМІ. Напрыклад, у чэрвені 2017 года прадстаўнікі журналісцкай супольнасці Беларусі прынялі ўдзел ва Усерасійскім фестывалі тэлевізійнай, радыё і друкаванай журналістыкі «Мая правінцыя» ў Кастраме.

Як заўсёды, наведвальнікаў выставы чакае насычаная праграма мерапрыемстваў, у прыватнасці прэзентацыі шматлікіх інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі. У прыватнасці, Выдавецкі дом «Звязда» прадставіць сумесна з «Настаўніцкай газетай» праект «Мая малая радзіма», у яго межах пройдзе круглы стол з краязнаўцамі, этнографамі і іншымі спецыялістамі. А вось «Сталічнае тэлебачанне», якое рыхтуе да новага сезона цалкам абноўлены дызайн і шэраг новых праграм, часткова прэзентуе іх на выставе. Акрамя гэтага, па словах намесніка генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» Кірыла Казакова, госці выставы атрымаюць унікальны шанц трапіць на тэлеканал у якасці вядучых ці карэспандэнтаў.

— Удзельнікі нашых інтэрактыўных конкурсаў могуць паспрабаваць сябе ў ролі вядучых, і калі нам яны падыдуць, мы запросім іх на працу на тэлеканал, — адзначыў Кірыл Казакоў.

Цырымонія адкрыцця выставы адбудзецца 3 мая, 4 мая ўпершыню будзе аб'яўлены Днём рэгіянальнай прэсы, а 5 мая стане Днём для дзяцей і моладзі. На спецыяльнай дзіцячай пляцоўцы забаўляць маленькіх гледачоў будуць не толькі дзіцячыя выданні, але і інфармацыйнае агенцтва БелТА, холдынг «СБ. Беларусь сегодня». спецыяльны канцэрт для юнай аўдыторыі рыхтуе газета «Комсомольская правда».

Увечары 3 мая ўрачыста ўзнагародзяць пераможцаў 14-га нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара».

— Нягледзячы на тое, што многія друкаваныя СМІ ператварыліся ў мультымедыйныя цэнтры і выйшлі ў інтэрнэт, цікавасць да конкурсу год ад году павышаецца, — адзначыла начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель. — Мы атрымалі 260 работ, якія журы ацэніць у 23 намінацыях.

Алена КРАВЕЦ, Уладзіслаў Лукашэвіч

Загаловак у газеце: СМІ для ўсіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.