Вы тут

Чаму так важна не памыліцца з выбарам жонкі


Юрый Хоміч з аграгарадка Камянюкі мае добрую і клапатлівую жонку Святлану, дзвюх дарослых паспяховых дачок, прасторны ўтульны дом, вялікую гаспадарку і ўласны бізнес па дрэваапрацоўцы... І гэта ўсё пры тым, што мужчына прыкаваны да інваліднага крэсла, вельмі дрэнна бачыць і пальцы яго рук цалкам нерухомыя.


Так было не заўсёды. Пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі і сельскай гаспадаркі (цяперашні БАТУ. — Аўт.) Юрый працаваў інжынерам у калгасе, затым — галоўным механікам у нацыянальным парку «Белавежская пушча». У 1995-м атрымаў другую нерабочую групу інваліднасці па зроку.

Пасля звальнення з пушчы адкрыў сваю справу. Жыццё ішло сваім ходам, падрасталі дзеці, Юрый Іванавіч, ужо маючы вопыт кіраўніка, даволі паспяхова кіраваў бізнесам. Ніхто не мог падумаць, што неўзабаве ўсё перавернецца з ног на галаву.

...Адзін з нешматлікіх выхадных вырашылі правесці з сябрамі. Пікнік праходзіў цалкам традыцыйна: мужчыны займаліся шашлыком, жанчыны — дзецьмі, якія аблюбавалі спартыўную пляцоўку непадалёк. Дачка Юрыя Іванавіча Насця вырашыла пахваліцца майстэрствам гімнасткі, на што тата адказаў: «Давай пакажу, як трэба». «Пад'ём з пераваротам» — не самы складаны трук у яго спартыўнай скарбонцы. Аднак вароты не былі ўмацаваныя належным чынам, і Юрый упаў разам з імі. Але, як ні дзіўна, болю амаль не было. Першая думка: «А што з дачкой?» Дзякаваць богу, дзяўчынка своечасова саскочыла на зямлю, не атрымаўшы ніводнай драпіны. А вось бацька, як ні стараўся, падняцца так і не змог. Цела адмаўлялася падпарадкоўвацца...

Сябры Юрыя дзейнічалі аператыўна: адвезлі ў Брэст, дзе пацыента тэрмінова прааперыравалі. Аднак лепш не стала. Пасля абласнога цэнтра — шпіталізацыя ў Мінску і... сем месяцаў лячэння.

Без руху Юрый Іванавіч прабыў месяцы тры. Пазней яго пачалі саджаць у інваліднае крэсла. У палаце з Юрыем пастаянна знаходзіліся жонка Святлана і хто-небудзь са сваякоў або сяброў, бо яна не магла самастойна справіцца з фізічнай нагрузкай.

Ілюзій адносна выздараўлення ніхто з членаў сям'і не меў: дактары адразу растлумачылі, што пакуль у свеце няма тэхналогій па стапрацэнтным аднаўленні рухальных функцый пасля пералому пазваночніка, аднак навука не стаіць на месцы. Пасля мінімальнага рэабілітацыйнага курса сям'я працягнула развіваць бізнес, бо падрасталі дзеці, а да бытавых выдаткаў дадаліся і выдаткі на лекі.

Як расказвае Юрый, чорных думак з нагоды свайго стану ў яго не было, проста вельмі хацелася дадому. Святлана Васілеўна таксама ўсімі сіламі старалася вярнуць жыццё ў ранейшае рэчышча.

«Трэба працягваць жыць! І не проста выжываць, а паляпшаць свой узровень, — раіць Юрый Іванавіч усім, хто апынуўся ў падобнай сітуацыі. — А акрамя працы іншага спосабу для гэтага няма, і ўсё залежыць ад самога чалавека. Тым больш цяпер столькі ўсяго для людзей з абмежаванымі магчымасцямі».

Натуральна, працаваць за камп'ютарам, кіраваць машынай і нават чытаць з-за праблем з вачыма і нерухомасці пальцаў мужчына не можа, аднак пытанні, звязаныя з бізнесам, вырашае па тэлефоне. За рулём і на важных сустрэчах яго замяняе жонка, пры гэтым Юрый — амаль заўсёды побач: у пасажырскім крэсле аўто ці калясцы. Сумаваць няма калі! Адзіны выхадны — гэта нядзеля... Ды і тое, калі няма гасцей.

Вялікую ролю ў рэабілітацыі Юрыя Іванавіча адыграла жонка. Па-першае, яна не адмовілася ад мужа пасля трагедыі (што, па статыстыцы, адбываецца ў пераважнай большасці выпадкаў). Па-другое, Святлана валодае чароўнымі жаночымі якасцямі. У прыватнасці, адданасцю каханаму, уменнем яму падпарадкоўвацца і цалкам давярацца яго рашэнням. Таму праблем з урэгуляваннем многіх пытанняў у галавы сямейства з такой памочніцай не ўзнікае апрыёры. Тым больш цяпер частка абавязкаў у дрэваапрацоўчым цэху, дзе заняты пятнаццаць работнікаў, ускладзена на дачок і зяця.

Дарэчы, нядаўна старэйшая дачка Лена з мужам падарылі Юрыю і Святлане ўнука Васіля. Бабуля і дзядуля дапоўнілі адзін з пакояў дзіцячым ложачкам. Жыццё працягваецца...

Ганна СОЎПЕЛЬ, Камянецкі раён

Загаловак у газеце: «Зламаны», але не зломлены

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.