Вы тут

Калі ты — «Здольная»


Унікальны праект дае магчымасць беларускам займацца спортам незалежна ад узросту і фізічнай падрыхтоўкі.

Два гады таму каманда аднадумцаў запусціла ўнікальны для нашай краіны сацыяльна-спартыўны праект, каб кожная беларуска ведала, на што яна здольная: пераадолець унутраныя бар'еры, выйсці за рамкі стэрэатыпаў, стаць больш упэўненай у сабе і палюбіць актыўны лад жыцця. Праект так і назвалі — «Здольная». Сёння на бясплатныя трэніроўкі прыходзяць самыя розныя жанчыны. Хтосьці з іх апошні раз займаўся спортам шмат гадоў таму, мабыць нават у школе, хтосьці — нарадзіў дзіця і не можа яго ні з кім пакінуць. Але «Здольная» — яна для ўсіх.


Стаць моцнай і ўпэўненай у сабе

— Ідэя праекта з'явілася ў мяне падчас вучобы ў магістратуры ў Вялікабрытаніі, — расказвае стваральніца праекта «Здольная» Ганна БАНДАРЭНКА. — Тады я пазнаёмілася з мясцовым праектам Thіs Gіrl Саn, мэта якога — матываваць брытанак быць больш актыўнымі. Да гэтага я завяршыла прафесійную футбольную кар'еру, і мне вельмі хацелася зрабіць нешта сацыяльна значнае для беларусак.

Каб правільна сфармуляваць канцэпцыю і місію «Здольнай», спатрэбіўся час. Першы год каманда арганізоўвала бясплатныя трэніроўкі па футболе, рэгбі, амерыканскім футболе, асобных відах адзінаборстваў. Але праз нейкі час прыйшло ўсведамленне: праект не проста далучае беларусак да здаровага ладу жыцця. Дзякуючы спорту жанчыны адчуваюць сябе больш моцнымі, прыгожымі, упэўненымі ў сабе і шчаслівымі.

— Калі ёміста сказаць, пра што наш праект, — працягвае Ганна, — то ён пра тое, што кожная жанчына павінна мець магчымасць займацца любой спартыўнай актыўнасцю незалежна ад узросту, матэрыяльнага дабрабыту, наяўнасці дзяцей, а таксама ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. На жаль, праблема, якую мы вырашаем, не ляжыць на паверхні. Але калі задумацца крыху больш, то, напэўна, у асяроддзі кожнага ёсць знаёмая, якой не па кішэні абанемент у дарагі фітнес-клуб або няма з кім пакінуць дзіця, каб рэгулярна трэніравацца.

Як далучыцца да праекта?

«Здольная» чакае ўсіх ахвотных ад 18 гадоў. Для таго каб далучыцца да трэніровак, трэба запоўніць анлайн-форму рэгістрацыі на заняткі на сайце zdоlnаjа.bу.

Акрамя таго, як адзначае стваральніца праекта, «Здольная» — у тым ліку і аб гендарнай роўнасці:

— Вельмі шкада, што нават цяпер словазлучэнне «гендарная роўнасць» у некаторых беларусаў выклікае скрыўленую грымасу. Але паглядзім фактам у вочы. Як правіла, сярэднестатыстычная беларуска зарабляе на 33 % менш за мужчын, а таксама ўдвая больш заклапочана працай па доме і выхаваннем дзяцей, таксама на яе плечы кладзецца ўвага да дарослых членаў сям'і. Мы хацелі б даваць магчымасць жанчынам удзельнічаць у даступных спартыўных занятках па інтарэсах, не звяртаючы ўвагі на тое, што на трэніроўку яны могуць прыйсці з дзецьмі, або тое, што апошні раз яны бегалі ў школе на ўроках фізкультуры.

На футбол — з дзецьмі

Сёння большасці жанчын у праекце ад 18 да 35 гадоў, самай жа старэйшай з удзельніц — крыху больш за 40. У асноўным усе яны ніколі не займаліся спортам прафесійна.

— Нярэдкая карціна — убачыць на занятках і мам з дзецьмі, — дзеліцца Ганна. — Гэта асобная катэгорыя ўдзельніц праекта, да якіх неабходна асаблівая ўвага. Некаторыя дзеці займаюцца разам з мамамі, меншых жа падчас трэніроўкі могуць даглядаць валанцёры. Але, на жаль, сёння ў праекта няма адпаведнай інфраструктуры: дзіцячага пакоя або прафесійнай няні.

Дарэчы, большасць трэнераў «Здольнай» — жанчыны. Яны самі адгукнуліся на аб'яву Ганны ў інтэрнэце і вырашылі далучыцца да праекта. Такім чынам удалося запусціць канкрэтныя актыўнасці: каратэ, футбол, рэгбі, бадмінтон.

Апошнія некалькі месяцаў «Здольная» сфакусавана на адным кірунку — футболе. Па выніках унутранага даследавання, гэта самы папулярны від фізічнай актыўнасці ў праекце.

— Часам мы праводзім «адкрытыя трэніроўкі» і па іншых відах спорту. Напрыклад, не так даўно былі заняткі па рэгбі, а яшчэ ўлетку мы запрасілі ў Мінск каманду па ролер-дэрбі з Санкт-Пецярбурга, каб пазнаёміць беларусак з гэтым драйвовым відам спорту.

Пакуль праект дзейнічае толькі ў Мінску, аднак, як прызнаецца Ганна, яна разумее яго вялікую важнасць і патрэбнасць менавіта ў рэгіёнах, дзе не так развіта спартыўная інфраструктура:

— Маштабавацца ў рэгіёны — гэта доўгатэрміновыя планы. Я буду вельмі рада водгуку энергічных людзей, якія хацелі б пачаць рэгіянальныя ініцыятывы пад крылом «Здольнай».

Танцавальны флэшмоб супраць гвалту

Амаль за два гады існавання праекта «Здольная» ўдалося арганізаваць і правесці больш за 100 заняткаў, а таксама рэалізаваць шэраг сумесных ініцыятыў. Адзін з прыкладаў — танцавальны флэшмоб супраць гендарнага гвалту Оnе Bіllіоn Rіsіng («Адзін мільярд паўсталых»).

— Ідэя арганізаваць флэшмоб з'явілася сумесна з ГА «Радзіслава», — расказвае Ганна, — бо яны ўжо праводзілі падобнае мерапрыемства два гады таму. На жаль, з прычыны арганізацыйных складанасцяў мы не змаглі прыцягнуць вялікую колькасць удзельніц, але нам удалося запрасіць прадстаўнікоў СМІ і такім чынам расказаць аб існуючай праблеме вялікай колькасці чытачак. Мы паспрабавалі данесці, што ў Беларусі ёсць спецыялізаваныя арганізацыі, закліканыя дапамагаць жанчынам, якія знаходзяцца ў няпростым становішчы.


Водгукі ўдзельніц

Ганна ЛАНЕЦ (футбол):

— Я даўно хацела паспрабаваць пагуляць у футбол і, калі даведалася, што праект арганізуе трэніроўку, вырашыла: а чаму б і не? І да гэтага часу не шкадую. Калі пачула, што ідзе набор у каманду па міні-футболе і ўзровень навыкаў гульні не важны, вырашыла далучыцца. Зараз я ўваходжу ў склад каманды «Здольная» па футболе.

Самае галоўнае, што атрымала дзякуючы праекту, — гэта адчуванне, што я магу! Мяне вельмі натхняюць жанчыны, якія прыходзяць на трэніроўкі, якія гуляюць са мной у камандзе, іх сіла і адкрытасць, узаемадапамога і падтрымка. Гэта напаўняе мяне сілай.

Кацярына ГРАЧОВА (рэгбі):

— Аб «Здольнай» я даведалася праз сацыяльныя сеткі яшчэ да пачатку паўнавартаснай працы праекта. Вельмі чакала, калі пачнецца запіс на трэніроўкі, нават перыядычна пыталася ў арганізатараў, ці не прапусціла яго. Так я трапіла на адкрытую трэніроўку па жаночым рэгбі ў клуб, за які гуляю ўжо больш за год (РК «Гражданачка». — Аўт.). Сёння я не ўяўляю сябе без трэніровак, сяброў па камандзе, гэтай асаблівай энергіі, якую даюць заняткі спортам. Што асабліва прыемна, праз некаторы час пасля таго, як я пачала займацца рэгбі, мяне запрасілі на адкрытую лекцыю ад праекта «Здольная» ў якасці прадстаўніка гендарна-маркіраванага віду спорту. Было цудоўна падзяліцца з іншымі дзяўчатамі сваім вопытам і, магчыма, падштурхнуць кагосьці не спалохацца зрабіць крок, каб знайсці спорт па душы.

Ганна БАГІНО

Фота з архіва праекта «Здольная»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».