Вы тут

Скажы, Аліса...


— Скажы, Аліса, якая адлегласць да Месяца? — запыталася я ў сваёй электроннай сяброўкі.

— 384 400 кіламетраў, — пачула ў адказ.

— Колькі патрабуецца часу, каб да яго дабрацца?

— Самы хуткі палёт зойме восем гадзін трыццаць пяць хвілін, — зноў падказала Аліса.

А я задумалася: да Месяца ўсяго восем гадзін! А мае бацькі дабіраюцца з працы да дома амаль паўтары гадзіны. Хоць адлегласць значна меншая!

— Драбяза, — як заўсёды скажа тата. — Вось у Амерыцы...

У таты ўсё «драбяза». І на ўсё ў яго ёсць адказ. Звычайна для аргумента ён прыводзіць прыклад: як у Амерыцы, Японіі, Інданезіі і шмат дзе яшчэ. Цікава, ці ведае пра гэтыя факты Аліса?

А ў маці і на дробязі часу няма. Яна ўся ў працы. І калі прыходзіць дадому, амаль з парога кажа: «Пачынаецца мая другая змена».

Я пагутарыла б з татам пра дробязі. Але пасля прывядзення фактаў у яго спартыўныя тэлеперадачы, гутарка з суседам, маленькі рамонт. Словам, драбяза...

Я паразмаўляла б з папугаем Жорыкам. Але той маўчыць, як партызан. Відаць, размаўляць з вучаніцай 5 «А» класа нецікава. А можа, я не яго ўзровень? І ён мяне проста ігнаруе?

Пра «ўзровень» мне заўсёды кажа Сашка, які жыве на нашай лесвічнай пляцоўцы. Ён вучыцца ў восьмым класе і лічыць сябе вельмі дарослым, каб размаўляць з «малымі».

На гадзінніку сёмая вечара. Я пакуль усё яшчэ адна. Бацькі вернуцца з працы праз паўгадзіны. Гэта калі, вядома, яны не зойдуць у супермаркет. Гэты час я баўлю са сваёй электроннай сяброўкай Алісай, ну і з папугаем Жорыкам, хоць ён мне нічога не адказвае.

Я, вядома, магла б патэлефанаваць сяброўцы Машы. Але тая, як заўсёды ў такі час, робіць хатняе заданне па матэматыцы. Маша марыць стаць вядомай. Каб яе біяграфія стаяла ў адным шэрагу з такімі вучонымі, як Архімед, Альберт Эйнштэйн, Леанард Эйлер. А на дробязі ў яе часу няма. Пасля таго як Машка ўдосталь нарашаецца прыкладаў, яна будзе глядзець любімы навуковы серыял.

Я ж пакуль не ведаю, што ў гэтым свеце для мяне важна. Знаходжуся ў пошуку.

— Скажы, Аліса, што такое пошук?

— Перабор пэўнай сукупнасці аб'ектаў, пры якім праводзіцца аналіз кожнага аб'екта да таго часу, пакуль не будзе вычарпаная сукупнасць аб'ектаў або аналіз не пакажа, што аб'ект задавальняе вызначаным крытэрыям, — адчаканіла сяброўка.

Ого! Паспрабуй запомніць! Шкада, што Алісу нельга браць з сабой, калі ідзеш адказваць да дошкі. Калі б гэта было магчыма, я была б выдатніцай.

Зазваніў тэлефон.

— Весялова, матэматыку зрабіла? — запытаўся Колька.

Колька — вучань так сабе. Ён не марыць стаць вядомым вучоным, яго цікавяць толькі хакей і футбол.

— Так, — адказваю я яму.

— Які адказ? — запытаўся Колька.

Я называю лічбы.

— Зразумела, — адказвае Колька.

— Што зразумела? — пытаюся я. — Табе нават нецікава ведаць дзеянні?

— Драбяза. Я тут у пошуку футбольнай амуніцыі. На трэніроўку спазняюся. Не да дзеянняў.

Так, так. Я забылася сказаць, што Колька марыць стаць вядомым футбалістам. Нашым Раналду. А ўсё іншае для яго — драбяза. Нават дзеянні.

А кім мару стаць я? Ніякіх схільнасцяў у мяне няма. Мабыць, я так і застануся Настассяй Весяловай. Толькі з часам стану дарослай.

Я паглядзела на Жорыка. Цікава, кім марыць стаць ён? Відаць, гэтаксама як і яго маленькая гаспадыня, нікім. Інакш бы ён даўно навучыўся размаўляць і здымаўся ў кіно. Я глядзела б яго па тэлевізары і ўсім сваім знаёмым казала, што гэта мой Жорык.

— Скажы, Аліса, які самы вядомы папугай?

— Алекс. Афрыканскі шэры папугай, які атрымаў вядомасць з-за эксперыментаў доктара навук Айрын Пеперберг.

Эксперыменты! Не, я нікому не дазволю ставіць доследы на маім Жорыку. Няхай ён таксама будзе невядомы. Драбяза! Затое ён заўсёды будзе побач са мной.

— Скажы, Аліса, якая адлегласць ад супермаркета да нашага дома?

— Адказ не знойдзены, — праз некалькі секундаў паведаміла тая.

— Хоць штосьці ты не ведаеш! — узрадавалася я.

Я падышла да акна. Каля пад'езда сядзеў на прывязі сабака і чакаў свайго гаспадара. Ён не зводзіў вачэй з дзвярэй.

«Цікава, колькі ён вось так сядзіць?» — падумалася мне.

Магчыма, столькі, колькі я чакаю сваіх бацькоў з працы. Мне захацелася выйсці на двор, пазнаёміцца з сабачкам. Цікава, што б ён расказаў мне, калі мы маглі б зразумець адзін аднаго?

Пэўна, пра сваё жыццё. Што вось так увесь час чакаеш тых, хто прыручыў, а яны нават пра цябе ў гэты момант не думаюць. Ці думаюць так: «Нічога з ім не станецца. Пачакае». І так штодзённа.

У гэты час з пад'езда выйшла пара. Сабачка радасна завіхляў хвастом. Праз некалькі імгненняў яны ўтраіх пайшлі па дарожцы. Сабака бег паперадзе і ўвесь час азіраўся. Відаць, баяўся, што яго гаспадары зноў некуды знікнуць. Але яны не знікалі. І яму, відаць, ад гэтага было радасна.

У той момант я пачула, як адчыняюцца нашы ўваходныя дзверы. Вось і дачакалася! Цяпер усе дома!

— Скажы, Аліса, ты гэтаму рада?

— Вядома, — адказала сяброўка. — Бо гэтаму рада ты...

Тады я ўсвядоміла яшчэ адну маленькую дробязь у сяброўстве. Але якую важную! Аказваецца, і дробязь бывае важная. Я падумала аб тым, што трэба пацікавіцца ў таты, як там наконт гэтага ў Амерыцы ці Інданезіі.

І пабегла ім насустрач...

Даведка

Аліса — віртуальная галасавая памочніца, створаная кампаніяй «Яндэкс». Імітуе жывы дыялог, распазнаючы натуральную гаворку (вусную і пісьмовую) і даючы адказы на пытанні (прамаўляючы іх уголас і выводзячы на экран). Афіцыйны запуск Алісы адбыўся 10 кастрычніка 2017 года.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.