Вы тут

4 парады будучым мамам ад легендарнага Мішэля Адэна


Днямі 87-гадовы доктар-акушэр упершыню прыляцеў у Мінск з Лондана. На яго трэнінг, які адбудзецца заўтра, квіткі даўно ўжо раскуплены. Тым не менш, беларускі актыўна працягваюць падпісвацца на доступ да анлайн-трансляцыі ажыятажнага мерапрыемства. Карэспандэнты "Звязды" наведалі прэс-канферэнцыю і задалі доктару свае пытанні.


Мішэль Адэн.

— У адным са сваіх матэрыялаў вы раіце будучым мамам есці рыбу, радавацца і спяваць. Якія яшчэ патрэбы ёсць у цяжарнай жанчыны?

— Спачатку хачу пракаментаваць першыя тры кампаненты, якія вы назвалі. Па-першае, ешце рыбу. Калі вы пачытаеце кнігі ці артыкулы, прысвечаныя харчаванню цяжарных, у асноўным гаворка там ідзе пра вагу мамы ды будучага немаўляці, пра калорыі.

Людзей ад усіх іншых млекакормячых адрознівае вялізны мозг. Гэта вельмі тлусты орган. Для таго, каб вынасіць здаровае дзіця, цяжарнай трэба атрымліваць дастатковую колькасць тлустых кіслот. Менавіта ў той самы момант, калі так імкліва развіваецца мозг дзіцяці. Гэта павінна быць у прыярытэце. Вядома, што 40% тлустых кіслот, якія складаюць тканкі галаўнога мозга, уяўляюць сабой варыяцыі амега-3 кіслот. Гэтая тлустая кіслата маецца ў дастатку ў марскім харчовым ланцужку.

На жаль, спецыфічная патрэба ў тлустых кіслотах у мозга, які развіваецца, часта не прымаецца да ўвагі дактарамі-акушэрамі. Трэба пераглядаць падыходы ў харчаванні цяжарных. І засяроджвацца на спецыфічных патрэбах нашага галаўнога мозга.

Па-другое, радуйцеся. Калі жанчына няшчасная, калі яна не радуецца сваёй цяжарнасці, у яе высокі ўзровень картызолу (гармон які выпрацоўваецца наднырачнікамі). Гэта запавольвае рост плода, і ў прыватнасці рост галаўнога мозга.

Па-трэцяе, спявайце. Здольнасць чуць у будучага немаўляці з'яўляецца вельмі-вельмі рана падчас унутрывантробнага жыцця. Але, каб сэнсарныя функцыі развіваліся, трэба, каб яны атрымлівалі знешні стымул. Лепш, калі гэта будзе песня. На жаль, большасць сучасных цяжарных самі не спяваюць, а слухаюць прафесійных спевакоў, запісы. Ці  не з'яўляецца гэта пазбаўленнем будучага дзіця сэнсарных стымулаў?

У  радзільным аддзяленні французскай бальніцы, дзе я раней працаваў, мы арганізавалі пеўчыя пасядзелкі. Кожны аўторак запрашалі цяжарных паспяваць разам. І вось што цікава. Гэтыя пеўчыя вечары для цяжарных сталі неверагодна папулярныя. Многія жанчыны мне казалі: "Я ў звычайным жыцці ніколі не спяваю, але калі стала цяжарнай, адчула, якая гэта радасць". Таму калі хочаце зрабіць жанчыну вясёлай, каб у яе была шчаслівая цяжарнасць, запрасіце яе куды-небудзь паспяваць.

І яшчэ адзін важны момант: цяжарныя прыходзілі спяваць менавіта ў тое радзільнае аддзяленне, дзе ім пасля нараджаць. Яны такім чынам знаёміліся не толькі з месцам, дзе з'явіцца на свет іх дзіця, але і з акушэркамі, нянечкамі, прыбіральшчыцамі, дактарамі. Я сам таксама прыходзіў. Мы ўсе спявалі разам. Для іх гэта прастора (радзільнае аддзяленне. — АЎТ.) станавілася больш хатняй. Акрамя таго, жанчыны атрымлівалі магчымасць  пакантактаваць з іншымі цяжарнымі.

Якія яшчэ асноўныя патрэбы цяжарнай жанчыны? Што тычыцца апошніх тыдняў цяжарнасці, наступае момант, калі пачынаецца фізіялагічная падрыхтоўка да родаў. Дык вось, каб нарадзіць лёгка, жанчыне патрэбна знізіць актыўнасць свайго мозга. Непрытрымліванне гэтага правіла — адна з самых частых прычын таго, што яны нараджаюць цяжка. Гэта тлумачыцца тым, што наш неакортэкс (вобласць галаўнога мозга) можа тармазіць фізіялагічны працэс родаў.

Арганізатар прыезда Мішэля Адэна Вераніка Заўялава.

Напрыканцы Мішэль Адэн даў параду і блізкім цяжарнай.

— Навейшыя галіны сучаснай фізіялогіі даказалі, што напрыканцы цяжарнасці жанчыну трэба пакінуць у спакоі. Вельмі важна абараніць будучую маці  ад усялякіх фактараў, якія могуць падавіць працэс фізіялагічнай падрыхтоўкі арганізма да родаў. Так што да трох парад — есці рыбу, радавацца і спяваць — можаце смела дадаваць чацвёртую — жанчыне патрэбны спакой.

Нагадаем, што ўжо заўтра мы даведаемся, якія радзільны дом Мінска прызналі найлепшым па выніках народнага экспрэс-галасавання. У ім прынялі ўдзел больш за 1500 беларусак. Мішэль Адэн асабіста ўручыць дыплом "Белы бусел" прадстаўнікам дадзенай медустановы.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».