Вы тут

Дзве раёнкі Магілёўскай вобласці адзначаюць стагадовыя юбілеі


Адразу дзве раёнкі Магілёўскай вобласці адзначаюць у красавіку стагадовыя юбілеі — клімавіцкая «Родная ніва» і горацкая — «Горацкі веснік».


Да гэтай даты Клімавіцкі краязнаўчы музей арганізаваў тэматычную выставу «Ад «Вестак» да «Роднай нівы». «Весці Клімавіцкага павятовага Выканаўчага камітэта Саветаў сялянскіх і рабочых дэпутатаў» — менавіта пад такой назвай выйшла першая газета ў далёкім 1918 годзе. На выставе можна пабачыць старыя падшыўкі газет, зборнікі вершаў журналістаў-паэтаў, старыя друкаваныя машынкі, фотаапараты, дыктафоны і шмат чаго іншага не менш цікавага, што было на ўзбраенні рэдакцыі ў розныя часы яе жыцця. Спецыяльна да святкавання векавога юбілею газеты ў раёне прымеркавалі шахматны турнір і конкурс дзіцячых малюнкаў.

— Сёння «Родная ніва» выходзіць тыражом 5,5 тысячы экзэмпляраў, і гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у вобласці, — адзначае галоўны рэдактар «Роднага слова» Нікіфар Мінчанка.

«Сто гадоў разам» — конкурс пад такой назвай аб'явіла напярэдадні свайго дня нараджэння раённая газета «Горацкі веснік». Самых актыўных і крэатыўных чакаюць эксклюзіўныя падарункі ад выдання. Газета мае даўнія і моцныя традыцыі, за свае заслугі ў розныя перыяды жыцця была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Добрым напамінам пра мясцовае выданне стануць алеі дрэў, якія высадзіў калектыў рэдакцыі падчас суботніка каля вёсак Шышава і Рэкта. А даведацца пра яе сённяшнія клопаты і інтарэсы можна будзе на выставе работ фотакарэспандэнта газеты Міхаіла Ляўцова ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі.

— За апошнія тры гады калектыў раёнкі адчувальна памаладзеў, прыйшлі працаваць цікаўныя і захопленыя журналісты. Мы ўскладаем на іх вялікія спадзяванні, — адзначыла выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара газеты Наталля Сцепянкова. Дарэчы, даўняя прыхільніца «Звязды» і яе пастаянная падпісчыца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: 100 гадоў разам з чытачамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?