Вы тут

Як у Мінску выяўляюць пункты нелегальнага продажу чырванакніжнікаў


Чарамша, ці мядзведжая цыбуля, — расліна чырванакніжная, і гандляваць ёй катэгарычна забаронена. Аднак кожны год знаходзяцца людзі, якія гэтага не ведаюць ці толькі робяць такі выгляд. Разам са спецыялістамі Мінпрыроды мы адправіліся ў рэйд, каб нагадаць нелегальным гандлярам, колькі сапраўды каштуе пучок чарамшы.


На выхадзе з метро «Каменная Горка» нелегальны гандаль «цвіце» круглы год, а ўвесну асартымент папаўняецца яшчэ і рэдкімі раслінамі. Чарамша знаходзіцца ў Чырвонай кнізе з 1962 года, але масавы збор яе не спыняецца. І паступова расліна знікае ў некаторых рэгіёнах. Кожны год Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спрабуе данесці да людзей, чаму рваць мядзведжую цыбулю нельга і якую альтэрнатыву можна знайсці (напрыклад, вырасціць самому). Аднак пакуль сітуацыя не моцна мяняецца.

— Рэйды мы праводзім каля трох гадоў, але практыка паказвае, што людзі гандлявалі, гандлююць і, мусіць, будуць працягваць гандляваць. Прычым адны і тыя ж, — адзначыў начальнік аддзела аператыўнага кантролю па Партызанскім, Першамайскім, Фрунзенскім раёнах г. Мінска Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Александровіч. — Летась толькі ў аднаго чалавека былі неабходныя дакументы для продажу, астатнія гандлююць нелегальна. Штрафы, вядома, прадугледжаны вялікія, але выпісаць іх могуць тады, калі зловяць у лесе «за руку». А гандляроў, на жаль, можа штрафаваць толькі мясцовая адміністрацыя і толькі за незаконны гандаль.

У гэты момант да нас падыходзяць прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёна і міліцыі. Наперад адпраўляюцца тыя, каго гандляры яшчэ не ведаюць. Аднак як толькі з-за машын з'яўляюцца людзі ў форме, стыхійны рынак імгненна знікае.

Намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды Таццяна Еўдасёва заклікае гандляроў не прадаваць чарамшу.

Жанчыну, якая прадае чарамшу ў пераходзе, затрымліваюць. На скрынках у яе яшчэ ляжаць цыбуля і радыска.

— Я радыску прадаю. Што, радыску нельга? Куды мне збірацца, я ж толькі ўчора там была, — хутка гаворыць жанчына, пакуль нейкі мужчына забірае ў яе скрынкі і адносіць у машыну.

Гандлярку накіроўваюць у мікрааўтобус, каб адвезці ў адміністрацыю раёна для ўстанаўлення асобы і складання пратакола.

— Вы ведаеце, што чарамша знаходзіцца на мяжы знікнення і прадаваць яе нельга? — пытаюцца прадстаўнікі Мінпрыроды.

— Такіх, як я, мільён, — адказвае жанчына. — Мне трэба дзяцей карміць! І што мне рабіць? Даяркай за 150 рублёў працаваць? Адсюль нікуды не пайду, але чарамшу прадаваць не буду.

Пазней высвятляецца, што на Вольгу (так прадставілася жанчына) учора ўжо быў складзены пратакол, але штраф яна не пагадзілася аплачваць на месцы. Таму, хутчэй за ўсё, прыйдзецца вырашаць справу праз суд.

— Вось учора бабуля паспела збегчы, а я — не. Ну давайце, вязіце мяне ўжо, — гаворыць напаследак Вольга.

Праз некалькі хвілін нас завуць спусціцца ў пераход, дзе прыкмечаны яшчэ адзін нелегал. Дзяўчына стаіць з накрытымі скрынкамі і сцвярджае, што ўсё сваё, дамашняе.

— Пакажыце, калі ласка, дакументы ад сельсавета, — просіць намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды Таццяна Еўдасёва. — Вы ж ведаеце, што чарамша занесена ў Чырвоную кнігу?

— Чарамша са свайго агарода, а дакументы нам выдаюць пасля таго, як бульба вырасце, — зусім непраўдападобна хлусіць дзяўчына.

— А куды ваш напарнік збег, вы ж не адна стаялі? — пытаюцца прадстаўнікі міліцыі.

— Які напарнік? Я адна! Вы бачыце, што я нешта прадаю? Я проста стаю, яшчэ нават не распакоўвалася, — ужо злосна адказвае гандлярка.

— Пра тое, што тут сіндыкат, мы казаць не можам. Яны гавораць, што ці алкаголікі прынеслі, ці знайшлі дзе-небудзь, ці самі вырасцілі, — адзначыў Дзмітрый Александровіч. — Прадаюць чарамшу, у асноўным, пенсіянеры, а ваяваць з імі сэнсу няма. Таму мы і заклікаем людзей не купляць чырванакніжнікі ў пераходах.

Дарэчы

Мінпрыроды папярэджвае, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» забараняюцца самавольныя канфіскацыі і перасадкі дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, з асяроддзя іх росту, іх незаконны абарот, а таксама выдаленне і ўчыненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя іх росту.

За парушэнне гэтых патрабаванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 15.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і караюцца штрафнымі санкцыямі ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Па даных Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, летась было складзена 36 пратаколаў па артыкуле 15.8 за незаконную канфіскацыю чырванакніжных раслін, пераважна чарамшы.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Учора бабуля паспела збегчы, а я — не»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?