Вы тут

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі


Дзяржорганы і мясцовыя ўлады праводзяць суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкоўваюць і прыводзяць у парадак гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.


Кіраўнікі дзяржорганаў працавалі на суботніку на сваёй малой радзіме.

Палова грашовых сродкаў, заробленых на суботніку, застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Яны пойдуць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Яшчэ 50% сродкаў пералічваюцца Мінфіну. Гэтыя грошы накіроўваюцца на закупку медыцынскага абсталявання для Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі - для арганізацыі дадатковых кругласутачных пастоў для аказання медыцынскай дапамогі, а таксама рэзервовых ложкаў на выпадак экстранай шпіталізацыі ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі.


Каля 3 млн беларусаў удзельнічаюць у рэспубліканскім суботніку

Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні суботніка Міхаіл Русы.

"Павінен адзначыць, што з вельмі вялікім энтузіязмам людзі прынялі прапанову правесці суботнік. Па папярэдніх дадзеных, сёння на суботніку працуюць каля 3 млн чалавек. Па прагнозах, каля Br7,5 млн будзе зароблена", - расказаў Міхаіл Русы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, найбольшая колькасць людзей удзельнічаюць у суботніку ў Мінску - больш за 600 тыс., па 430-450 тыс. - у Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Мінск у лідарах і па заробленых грошах - каля Br2 млн.

Фота БЕЛТА


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў паўдзельнічалі ў суботніку ў комплексе “Трасцянец”

Парламентарыі прыбіралі лісце, саджалі ёлкі на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” у мікрараёне Шабаны. Помнік пабудаваны на месцы аднайменнага, чацвёртага па колькасці знішчаных вязняў, канцэнтрацыйнага лагера. Ахвярамі злачынстваў у “Трасцянцы” сталі звыш 206 тысяч чалавек.

- Гэта знакавае месца не толькі для Заводскага раёна, горада Мінска, краіны, але і для ўсёй міжнароднай грамадскасці. Гэта першая лінія гісторыка-культурных каштоўнасцей Мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Актыўна ідзе праца па ўзвяденню другой лініі комплексу — урочышча “Благаўшчына”, дзе адбываліся растрэлы і знаходзіліся месцы пахавання вязняў канцэнтрацыйнага лагера, — расказала Аксана Няхайчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Шабаноўскай  выбарчай акрузе № 91.

Па словах дэпутата, адкрыццё другой чаргі комплексу запланавана ў ліпені 2018 года. Першая лінія мемарыяла поўнасцю была пабудавана на сродкі бюджэту, фондаў суботнікаў, уласныя ўзносы грамадзян, аб’яднанняў.

- Калі была першая чарга адкрыта, сюды прыязджалі прадстаўнікі Германіі, Англіі, Ізраіля і іншых краін. У гэтым месцы знішчалі не толькі савецкіх палонных. Міжнародныя фонды таксама вырашылі ахвяраваць грошы для далейшага будаўніцтва комплексу, — адзначыла Аксана Няхайчык.

На тэрыторыі комплексу працавала толькі частка дэпутатаў. Большасць парламентарыяў у Год малой радзімы вырашыла прыняць удзел у суботніках у сваіх рэгіёнах.                                  

Па традыцыі, частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскай акцыі, пойдзе на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў і на ўладкаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Марыя ДАДАЛКА

Фота прадастаўлена прэс-службай Палаты прадстаўнікоў


На суботнік у Брэсцкай вобласці выйшла больш за 400 тысяч чалавек

У галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама паведамілі, што ў ходзе суботніка праведзены вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, у памятных мясцінах, праведзена ўборка тэрыторый. У дзень суботніка кіраўніцтва аблвыканкама, супрацоўнікі аддзелаў і службаў абласнога выканаўчага камітэта працавалі на будоўлі падстанцыі хуткай дапамогі па вуліцы Суворава ў Брэсце. Служачыя апарата гарвыканкама  дапамагалі будаўнікам дзіцячага садка ў новым мікрараёне. Спецыялісты галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы разам з актывістамі БРСМ па традыцыі працавалі ў Брэсцкай крэпасці. Яны наводзілі чысціню вакол новага маладзёжнага патрыятычнага цэнтра.

У Пінску разгарнуліся вялікія мерапрыемствы па ўборцы горада з удзелам інтэрнэт-супольнасці. Так было ўжо летась. Заклікі размясцілі ў віртуальнай прасторы, а на суботнік хлопцы і дзяўчаты выйшлі з рэальнымі граблямі і мяхамі для смецця ды зрабілі горад крышачку прыгажэйшым. У мінулым годзе знайшлося 30 такіх добраахвотнікаў, цяпер было значна больш. У сталіцу Палесся, на малую радзіму, папрацаваць прыехаў і старшыня СК рэспублікі Іван Наскевіч. Іван Данілавіч узяў удзел у добраўпарадкаванні адной з гарадскіх тэрыторый разам з калегамі з міжраённага следчага камітэта.

У Драгічынскім раёне праведзены комплекс работ па ўборцы месцаў баявой і вайсковай славы, мемарыяльных комплексаў, брацкіх магіл. Прыняў удзел у добрай справе віцэ-прэм’ер краіны Васіль Жарко, ураджэнец Драгічыншчыны.

Павел Калаур падчас рэспубліканскага суботніка.

Цэлы шэраг вядомых землякоў прыехалі на суботніку на Століншчыну: старшыня Нацыянальнага банка РБ Павел Калаур і яго намеснік Пётр Мамановіч, генеральны дырэктар СТБ Ігар Луцкі, дэпутаты парламента, ганаровыя грамадзяне Столінскага раёна.

Многія арганізацыі, установы, грамадзяне да суботніка прымеркавалі цікавыя ўласныя ініцыятывы. Напрыклад, Брэсцкі вяслярны канал у гэты дзень высадзіў сімвалічную “Алею добрых намераў”. Дзесяць пірамідальных дубкоў на зямлі абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні будуць нагадваць людзям пра гуманную, міратворчую місію спорту, -- заявілі перад пачаткам арганізатары акцыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА       


У рэспубліканскім суботніку прыняло ўдзел болей 320 тысяч жыхароў Магілёўскай вобласці

Парк стане адным з прыгажэйшых месцаў Магілёва.

Адной з асноўных пляцовак рэспубліканскага суботніка ў Магілёве стаў парк Падміколле і месца будаўніцтва  галоўнай лесвіцы, якая будзе весці ў парк. Існуе даручэнне Главы дзяржавы менавіта гэтую мясцовасць давесці да ўзорнага ўзроўню, каб яна стала адной з візітак горада і зручным месцам для адпачынку магіляўчан. На гэтым стратэгічна важным аб'екце працавалі губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі, намеснік главы Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, міністр па архітэктуры і будаўніцтву Анатоль Чорны, старшыня  камісіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк.

У парку паявілася 700 новых дрэў.

- У Год малой радзімы сімвалічна наводзіць парадак менавіта на тых месцах, дзе нарадзіўся і жыў чалавек, - паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. - І вельмі прыемна, што сёння шмат ураджэнцаў Магілёўскай вобласці, якія працуюць за яе межамі, прыехалі і разам з намі ўдзельнічаюць у рэспубліканскім суботніку.

Удзел у добраўпарадкаванні Падмікольскага парку прыняў і мэр Магілёва Уладзімір Цумараў.

- З 29 сакавіка ў Магілёве аб'яўлены месячнік па навядзенні парадку ў горадзе, але сёння праводзяцца самыя масавыя работы па добраўпарадкаванню гарадскіх тэрыторый, - адзначыў ён. - Мы заканчваем бетанаваць парадную лесвіцу Падміколля і бярэмся за яе аздабленне. Дарэчы, на будаўніцтва лесвіцы пайшло болей 5600 кубоў бетону. А наогул парк будзе цалкам падрыхтаваны да V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На завяршэнне работ па яго добраўпарадкаванню сёлета запланавана каля 2 мільёнаў рублёў.

- Прыемна заўсёды прыязджаць у горад, якому аддаў шмат сваіх сіл, і зрабіць яшчэ нешта, - адзначыў міністр па архітэктуры і будаўніцтву Анатоль Чорны. - Гэта будзе цудоўны парк адпачынку і, спадзяюся, самым  улюблёным месцам для магіляўчан. Прыемна зрабіць унёсак у рэалізацыю той канцэпцыі, распрацоўкай якой займаўся.

"Магілёўзеленбуд" падрыхтаваў для высадкі ў Падмікольскім парку 700 дрэў. Некалькі з іх пасадзіў намеснік главы Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў. Міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка працаваў у Бабруйску разам з кіраўніцтвам горада на будаўніцтве сярэдняй школы ў мікрараёне Заходні. А міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў разам з работнікамі Дрыбінскага райвыканкама саджаў дрэвы ў Раснянскім лясніцтве. У Слаўгарадскім і Асіповіцкім раёнах саджалі дрэвы і прыводзілі ў парадак тэрыторыі дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук і Аляксандр Багдановіч. А старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў разам з адміністрацыяй Клімавіцкага раёна прымаў удзел у закладцы сквера на тэрыторыі тутэйшага аграрнага каледжа.

Мікалай Снапкоў пасадзіў у Падміколлі ліпу і бярозу.

Удзел у рэспубліканскім суботніку прыняла болей 320 тысяч жыхароў Магілёўшчыны. Шмат увагі надавалася пасадцы дрэў, добраўпарадкаванню месцаў адпачынку гараджан і прыдарожных палос, месцаў пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны. Запрацаваныя на суботніку сродкі плануецца накіраваць на добраўпарадкаванне месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезону.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Працавалі ў “машэраўскім месцы”

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, старшыня аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў падчас суботніка бралі ўдзел у добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу ў Расонскім раёне.

Гэта месца памяці занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Працавалі разам з імі і адказныя асобы, якія ўзначальваюць структуры аблвыканкама, кіраўнікі абласнога ўзроўню праваахоўных органаў, ведамстваў...

Удзельнікі суботніка выканалі работы па падсыпцы дарожак (пад кладку тратуарнай пліткі), займаліся добраўпарадкаваннем...

Комплекс пабудаваны ў 1965-м годзе на месцы пахавання больш за 2,5 тысяч савецкіх воінаў і партызан. Там пахаваныя і члены падпольнай групы, расстраляныя фашыстамі 16 верасня 1942 года. Сярод іх -- маці П. М. Машэрава, Дар'я Пятроўна.

Дарэчы, ініцыятарам будаўніцтва комплексу быў Машэраў. Таму не выпадкова памятны знак Пятру Міронавічу размешчаны ў ганаровым месцы Алеі Славы, якая “аб'яднала” герояў розных часоў. Там можна прычытаць імёны і прозвішчы партызан, ваенных, а таксама тых, хто праславіў расонскую зямлю сваёй працай у пасляваенныя гады. Дарэчы, Алея Славы была створана за кошт сродкаў, сабраных пры правядзенні раённага суботніка. Знамянальна, што адкрыццё Алеі Славы было прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Пятра Машэрава…

Удзельнікі суботніка ўсклалі кветкі ў знак даніны памяці усіх, хто ўвайшоў у летапіс Расоншчыны.

У размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі губернатар заклікаў жыхароў вобласці наводзіць парадак на зямлі, пастарацца ўнесці сваю лепты ў добраўпарадкаванне. Тым больш гэта актуальна ў Год малой Радзімы…

Дарэчы, Машэраў, які нарадзіўся на Сенненшчыне, ніколі не забываў і пра Расоншчыну. Ён  часта прыязджаў сюды, бо лічыў яе таксама сваёй малой радзімай.

Мікалай Шарснёў, адказваючы на пытанні журналістаў, згадаў пра іншыя памятныя месцы ў Віцебскай вобласці,  дзе вяліся, ажыццяўляюцца і плануецца праводзіць працы па добраўпарадкаванню, мадэрнізацыі. У прыватнасці, пра мемарыяльныя комплексы: “Рыленкі” ў Дубровенскім раёне, “Прарыў” - ва Ўшацкім...

Наконт мемарыяла ў Расоншчыне, дзе праходзіў дзень дабравольнай працы, плануецца, што ён поўнасцю будзе прыведзены ў парадак да 9 мая. На сёння гатоўнасць каля 80% (з улікам суботніка). Для завяршэння ўсіх работ на аб'екце неабходна яшчэ каля 150 тысяч рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Значна пахарашэе Міншчына пасля рэспубліканскага суботніка

У мерапрыемстве дзяржаўнай важнасці прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, моладзь, ветэраны. Хтосьці працаваў на сваім рабочым месцы, а нехта добраўпарадкаваў тэрыторыі населеных пунктаў, прыводзіў ў належны стан помнікі культуры, гісторыі, архітэктуры, месцы пахавання воінаў і мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны . У прыватнасці, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка разам з памочнікам Прэзідэнта –інспектарам па Мінскай вобласці Ігарам Яўсеевым і прадстаўнікамі Мінаблвыканкама пасадзілі ліпавую алею на малой радзіме беларускага песняра Якуба Коласа ў вёсцы Акінчыцы  Стаўбцоўскага раёна.

Як адзначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна, у гэты светлы цудоўны дзень у суботніку прыняло ўдзел шмат жыхароў Мінскай вобласці. Сапраўды, па папярэдніх падліках, гэта 382 тыс. чалавек. Плануецца пералічыць каля 800 тыс. рублёў.

Падчас суботніка ў парадак прывялі таксама ўрочышча Курапаты, Курган Славы. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч  добраўпарадкаваў месца пахавання і саджаў дрэвы на сваёй малой радзіме ў аграгарадку Пухавічы. А галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар  Шніп працаваў на добраўпарадкаванні сядзібы Дуніна-Марцінкевіча ў Валожынскім раёне.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО


У Гродзенскай вобласці падчас суботніка актыўныя работы вяліся на аб’ектах гістарычнай спадчыны

На адным з самых знакавых аб’ектаў – палацава-паркавым комплексе ў Свяцку – працавалі работнікі аблвыканкама на чале з губернатарам Уладзімірам Краўцовым. Таксама сваю лепту ў аднаўленне гістарычнага комплекса ўнеслі памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, міністр юстыці Алег Сліжэўскі.

Асноўныя работы ў гэты дзень вяліся на адным з будынкаў комплекса, дзе ў будучым размесціцца адміністрацыйны комплекс і піваварны рэстаран. Чыноўнікам прыйшлося папрацаваць на заліўцы і сцяжцы бетона. Гэтыя работы патрабуюць значных фізічных намаганняў. Уладзімір Краўцоў працуе на  суботніку ўжо другі год запар і можа ацаніць дынаміку работ. Па яго словах, да канца года першы пускавы комплекс аб’екта будзе здадзены.

- Нам пашцасціла, што такі цудоўны палац дайшоў да нашых дзён у амаль што першасным выглядзе, - падкрэсліў Краўцоў, - Думаю, што ў бліжэйшы час турысты, у тым ліку замежныя, змогуць наведаць і  адпачыць у гэтым цудоўным месцы. Комплекс знаходзіцца ў самым цэнтры турыстычна -рэкрацыйнага парка “Агустоўскі канал”. І мы адчуваем,  што да гэтага аб’екта ёсць шырокі інтарэс.

Губернатар адзначыў, што  падчас суботніка актыўныя работы вядуцца на шэрагу іншых гістарычных аб’ектах вобласці. Гэта і музей –сядзіба Агінскіх у Смаргніскім раёне, і замкі ў Гродне, Лідзе, Навагрудку, Гальшанах, Крэва.

Прыняць удзел у суботніку прыехаў на сваю малую Радзіму міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, ураджэнец Гродна.  І хоць праца на бетонных работах не з лёгкіх, яна і карысная, і эмоцый прыбаўляе.

- Я з задавальненнем сення далучыўся да гэтай працы на аб’екце, які будзе вельмі прывабным для турыстаў,  і часцінка маёй працы паспрыяе росту турыстычнга патэнцыял. Нам важна, каб людзі з іншых краін убачылі прыгажосць, гістарычную каштоўнасць гэтага края, усёй Беларусі.

Па словах міністра, вельмі важна, што менавіта ў год малой Радзімы такая ўвага надаецца гістарычным аб’ектам. Але гэта работа павінна весціся пастаянна. Трэба зрабіць усе, каб такія аб’екты аднаўляліся, з прыцягненнем шырока кола удзельнікаў. Гэта наша гістарычная спадчына, і яе трэба зберагчы, падкрэсліў Алег Сліжэўскі.

Падчас суботніка гродзенцы прыводзілі ў парадак памятныя мясціны сваіх населеных пунктаў, расчышчалі тэрыторыю, рыхтавалі да адпачынку дзіцячыя летнікі. Мяркуецца, што ў гэты дзень на працу выйші каля 300 тысяч жыхароў рэгіёна.

У гэты дзень вобласць плануе зарабіць каля 700 тысяч рублёў, якія будуць накіраваны на  культурна- гісторычныя аб’екты, памятнікі, ваенныя мемарыялы, дзіцячыя летнікі. Частка сродкаў будзе пералічана на падрыхтоўку да ІІ еўрапейскіх гульняў, якія ў будучым годзе пройдуць у Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Кіраўніцтва Гродна сёння працавала на добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол дзіцячага садка, які будуецца ў маладым мікрараёне Альшанка.

Аб’ект, дарэчы, павінен быць уведзены ў эксплуатацыю сёлета 1 верасня. Асноўныя будаўнічыя работы ў ім ужо скончаны, наперадзе – вонкавыя і ўнутраныя працы. Па меркаванні мэра горада Мечыслава Гоя, дзіцячы садок можа быць здадзены датэрмінова, паколькі яго вельмі чакаюць жыхары навабудаў.

Вольга АНУФРЫЕВА


430 тысяч жыхароў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

Многія з іх працавалі на сваіх рабочых месцах. Жыхары наводзілі парадак у дварах, добраўпарадкоўвалі тэрыторыі ў населеных пунктах. Дэпутаты ўсіх узроўняў улады выйшлі на добраўпарадкаванне тэрыторый, дзе жывуць і працуюць.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк прыехаў на сваю малую радзіму ў Хойніцкі раён, каб разам з дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў Святланай Чэкан і Людзмілай Макарынай-Кібак, якія таксама маюць палескія карані, пасадзіць лес у Хойніцкім лясгасе. Тут жа працаваў і памочнік Прэзідэнта Беларусі - інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка. Суменымі намаганнямі было высаджана каля 5 тысяч хвой на дзялянцы, дзе летась насаджэнні пашкодзіў жук-караед.

- Рэспубліканскі суботнік кансалідуе жыхароў краіны для добрых спраў, - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк. - Дзякуючы сіле калектыўнай працы можна не толькі давесці да ладу тэрыторыю, але і рабіць вялікія справы на карысць краіны. Упэўнены, што ў справе навядзення парадку ў сваім родным населеным пункце важны ўнёсак кожнага жыхара.

У дзень суботніка прыведзены ў парадак населеныя пункты і зялёныя зоны, добраўпарадкавана больш за тысячу мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Дэпутаты Гомельскага абласнога савета дэпутатаў і Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні лясной тэрыторыі ў Навабеліцкім раёне. Як раз там, дзе знаходзяцца новыя 94 і 96 мікрараёны, дзіцячыя дамы сямейнага тыпа і Гомельскі дзіцячы дом. 70 яго выхаванцах разам з прадстаўнікамі ўлады выйшлі прыбіраць смецце. Дарэчы, дзецям пашанцавала двойчы: яны ганарацца, што працавалі разам з уплывовымі людзьмі і ад іх жа яны атрымалі падарункі: спартыўную форму і інвентар, цукеркі. Мікалай Кавалевіч, які ўзначальвае дэпутацкі корпус Гомеля і адначасова з’яўляецца дэпутатам аблсавета, гаворыць, што ва ўсіх раёнах сумесна з адміністрацыямі створаны штабы па правядзенні суботнікаў:

- Дэпутаты ў гэты дзень выйшлі ў двары, якія патрабуюць дабраўпарадкавання ў самую першую чаргу. Мы імкнуліся ўлічыць пажаданні выбаршчыкаў – ахапіць самыя праблемныя месцы. Тут было шмат смецця. Разам атрымалася прыбраць. Акрамя таго, імкнуліся стварыць дзецям радасны настрой. Тройчы Гомель прызнаваўся самым чыстым абласным цэнтрам. Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасцыць. Імідж трэба падтрымліваць штодзённа, у тым ліку вось такімі акцыямі.

У сувязі з няпростай зімой шмат намаганняў прыкладзена на прывядзення ў парадак дарог. У Гомелі на працягу некалькіх гадзін у станоўчы бок змянілася зона адпачынку на скрыжаванні вуліц Барадзіна і Каменшчыкава. Бераг невялікага вадаёма насупраць Валатаўскога пляжу ўпрыгожылі 60 жоўтых верб. У адным са двароў на Речыцкім праспекце ўстаноўлена новае абсталяванне для гульні дзяцей. Там жа пасаджана дэпутацкая алея. Міністр ЖКГ Беларусі Аляксандр Церахаў сумесна з працаўнікамі ЖКГ горада Гомелю пасадзіў дрэвы ўздоўж галоўнай дарогі новага мікрараёна “Шведская горка”.

На суботніку ў Чыгуначным раёне Гомеля ўсталявалі помнік у СШ № 25, дзе вучыўся Герой Савецкага Саюза Барыс Царыкаў. Скульптурная кампазіцыя прысвечана подзвігу моладзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гарадская арганізацыя кампартыі Беларусі добраўпарадкоўвала манументы Леніну. Для ўборкі, дарэчы, ёсць яшчэ адна нагода - 22 красавіка спащняецца 148 гадоў з дня нараджэння пралетарскага правадыра.

Грашовыя сродкі, сабраныя падчас суботніка, пойдуць на падтрыманне інфраструктуры раёнаў Гомельшчыны: у сферу аховы здароўя, адукацыі, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых устаноў да летняга сезону… Гомельская вобласць падчас суботніка плануе зарабіць звыш Br1 млн 180 тыс.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.