Вы тут

Адкуль бярэ пачатак Нёман?


Нёман называюць самай беларускай з усіх рэк, якія цякуць па тэрыторыі нашай краіны і пасля ўпадаюць у мора. Бо толькі ён бярэ свой пачатак у Беларусі, а калі дакладней — у Уздзенскім раёне. Дарэчы, месца само па сабе вельмі цікавае: яно абвеянае мноствам паданняў і легендаў, а спрэчкі пра тое, які пункт лічыць сапраўдным вытокам Нёмана, не сціхаюць да гэтага часу.


Свой расказ аб гэтай рацэ настаўнік гісторыі Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы і краязнаўца Андрэй ЯРМОЛЬЧЫК пачынае здалёк. Спрадвеку рэкі былі асноўнымі шляхамі зносін, таму людзі сяліліся ўздоўж іх. Гісторыя многіх паселішчаў пачынаецца менавіта з рэк. І Нёман, вядома, не выключэнне. З гэтай мясцовасці лес сплаўлялі аж да Балтыйскага мора, тут былі карабельныя бары. І першыя парты на Нёмане з'явіліся таксама на Уздзеншчыне — у мястэчку Сямёнавічы. Археолагі знайшлі там англійскі посуд яшчэ ХVІ стагоддзя. Нядзіўна, што сама рака не раз знаходзіла адлюстраванне ў літаратурных творах. Першай маштабнай работай стала кніга Уладзіслава Сыракомлі «Нёман: ад вытокаў да вусця», выдадзеная яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

А расказаць сапраўды ёсць аб чым: рака цікавая як з прыроднага, так і з культуралагічнага пунктаў гледжання. Возьмем тое ж самае гістарычнае вусце, якое знаходзіцца паблізу вёскі Верхнёман. Нёман браў свой пачатак з крынічкі, якая выцякала з-пад каменя. Яе ўнікальнасць заключалася ў тым, што ад адной крынічкі бралі пачатак адразу дзве ракі: Нёман і Лоша. Гэта не магло быць не заўважана ў народных паданнях. Існавала некалькі версій, якія стасункі злучаюць Нёман і Лошу. Самыя распаўсюджаныя — што гэта закаханая пара або двое братоў.

У 1950-я гады ў гэтых краях праводзілася меліярацыя, у якой сапраўды была гаспадарчая неабходнасць. Рэчышчы Лошы і Нёмана былі выпрастаны і ператварыліся ў каналы. І так атрымалася, што крынічка не захавалася. Камень, які стаяў над ёй, быў разбіты яшчэ ў 1930-я, яго аскепкі пайшлі на будаўніцтва дарог стратэгічнага значэння.

У 1995 годзе на месцы гістарычнага вытока Нёмана ўстанавілі памятны камень, ва Уздзенскім раёне тады ж правялі маштабную канферэнцыю «Вытокі Нёмана». Але ў мінулым годзе камень перавезлі на іншае месца, адкуль Нёман цяпер ідзе без спынення воднай роўнядзі. Такое проціборства двух падыходаў: гістарычнага і фактычнага. Як расказала спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама Кацярына ІВАНОВА, выток Нёмана — гэта не адзінае, што мае сэнс паглядзець у раёне. Выклікае цікавасць у турыстаў, напрыклад, сядзіба Наркевіча-Ёдкі, якая знаходзіцца на стадыі актыўнай рэстаўрацыі. Усіх ахвотных бліжэй пазнаёміцца з культурай гэтага краю запрашаюць на штогадовы Жнівеньскі фэст, а раз на два гады тут праходзіць раённае тэатральнае свята.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Воднае сэрца Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.