Вы тут

Куды рушыць Чарнагорыя?


Жыхары Чарнагорыі вызначыліся — па выніках выбараў прэзідэнта гэтай балканскай краіны перамог лідар кіруючай Дэмакратычнай партыі сацыялістаў Міла Джуканавіч, які набраў 53,9 % галасоў. Галоўны яго канкурэнт, вылучэнец ад апазіцыйных партый «Дэмакратычны фронт», «Дэмакраты», Сацыялістычнай народнай партыі і URA Младэн Баяніч атрымаў 33,4 %. На трэцім месцы апынулася адзіная жанчына-кандыдат Драгіна Вуксанавіч з 8,2 % галасоў. «Як і абвяшчалі, у першым жа крузе мы перавысілі вынікі астатніх шасці кандыдатаў», — заявіў Джуканавіч. Ён падзякаваў партнёрам па кааліцыі і заявіў, што чакае такой жа ўпэўненай перамогі на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. Пасля сваёй прамовы Джуканавіч адкаркаваў дзве вялізныя бутэлькі шампанскага і адпіў пад апладысменты прысутных. Куды рушыць Чарнагорыя?


Лясны «рэбус»

Спачатку «экспрэс-навігацыя». Чарнагорыя — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, на захадзе Балканскага паўвострава. З паўднёвага захаду абмываецца Адрыятычным морам, мае сухапутныя межы з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай — на паўночным захадзе, Сербіяй — на паўночным усходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. Назва краіны ў большасці заходнееўрапейскіх моў з'яўляецца адаптацыяй венецкага Montenegro (у перакладзе — «чорная гара»). Сербская назва «Црна Гора» (да гор адносін не мае і перакладаецца як «чорны лес») пазначала большую частку сучаснай Чарнагорыі ў XV стагоддзі. Першапачаткова яна адносілася толькі да маленькай паласы зямлі, дзе жыло племя паштровічаў, але пасля пачала выкарыстоўвацца для абазначэння больш шырокага горнага раёна, дзе ўладарыла дынастыя Чарноевічаў. Падчас Балканскіх войнаў пачатку XX стагоддзя Чарнагорыя павялічыла памер сваёй тэрыторыі ў некалькі разоў.

Цяперашнюю тэрыторыю краіны можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: узбярэжжа Адрыятычнага мора, адносна раўнінная цэнтральная частка, на якой размешчаны два найбуйнейшыя гарады — Падгорыца і Нікшыч, а таксама горныя сістэмы ўсходу (так што маляўнічыя вяршыні — разам з лясамі, якія займаюць амаль палову тэрыторыі дзяржавы, — тут таксама прысутнічаюць). Апроч таго, Чарнагорыя мае ў сваім складзе 14 марскіх астравоў. Большасць чарнагорскіх рэк — горныя, яны ўтвараюць глыбокія каньёны. Дарэчы, каньён ракі Тара глыбінёй каля 1200 м з'яўляецца самым глыбокім у Еўропе і другім па глыбіні ў свеце. Водныя рэсурсы Чарнагорыі маюць значны энергетычны патэнцыял. Аднак з розных прычын (у тым ліку экалагічных) гідраэнергетыка ў краіне неразвітая. Згодна з канстытуцыяй, рэспубліка з'яўляецца «экалагічнай дзяржавай», пад рознымі прыродаахоўнымі рэжымамі знаходзіцца значная тэрыторыя.

Кропкі росту

Чарнагорыя ўзнікла як незалежная дзяржава ў XVІІІ стагоддзі, першай з краін Балканскага паўвострава адлучыўшыся ад Асманскай імперыі. Сталіцай быў горад Цэтыне (цяпер ён лічыцца другой сталіцай балканскай рэспублікі — гістарычнай і культурнай). У такім выглядзе краіна праіснавала да Першай сусветнай вайны, пасля якой у 1918 годзе ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. З моманту распаду Югаславіі (27 красавіка 1992 года) была ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславія, якая з 4 лютага 2003-га стала дзяржаўным саюзам Сербіі і Чарнагорыі. Пасля рэферэндуму аб незалежнасці, у выніку якога 55,5 % выбаршчыкаў прагаласавалі за выхад рэспублікі з саюза, 3 чэрвеня 2006 года Чарнагорыя абвясціла незалежнасць, а ў канцы чэрвеня была прынятая ў ААН. 15 снежня 2008-га краіна падала заяўку аб уступленні ў Еўрасаюз. 5 чэрвеня мінулага года ў будынку Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў Вашынгтоне прайшла афіцыйная цырымонія далучэння Чарнагорыі да НАТА.

У значнай меры эканоміка краіны была разбурана войнамі пачатку 1990-х гадоў. Нягледзячы на гэта, да пачатку 2000-х здолела знайсці сябе на міжнароднай арэне, стаўшы прывабным аб'ектам турызму, як летняга, так і зімовага.

З тых часоў у Чарнагорыі штогод назіраецца значны эканамічны рост.

Характар эканомікі Чарнагорыі рынкавы. Адпаведна ў структуры ВУП звыш 70 працэнтаў прыпадае на сферу паслуг. Доля прамысловай вытворчасці — каля 20 працэнтаў, больш за дзве траціны гэтага аб'ёму — за металургіяй. Развіты перапрацоўка алюмінію, электратэхнічная, тэкстыльная, лёгкая і харчовая прамысловасць, суднабудаванне і суднарамонт, дрэваапрацоўка. Найважнейшымі карыснымі выкапнямі з'яўляюцца баксіты, жалезная руда і вугаль.

Ужо ў 2014-м даход краіны ад турызму склаў 20 % ВУП. Эксперты прагназуюць штогадовы рост даходаў на 7,7 % на працягу наступных 10 гадоў. Вельмі папулярныя міжнародныя курорты, а таксама гістарычныя і прыродныя славутасці. Палітыка краіны нацэлена на ўсебаковае развіццё турыстычнай сферы, ёй аддадзены прыярытэт перад прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць абвяшчэнне Чарнагорыі «экалагічнай дзяржавай».

Фактар Джуканавіча

Невялікая паўднёваславянская краіна (колькасць насельніцтва складае каля 600 тысяч чалавек) — парламенцкая рэспубліка, і прэм'ер-міністр тут валодае значна большымі ўладнымі паўнамоцтвамі, чым прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы прызначае ўрад у адпаведнасці з тым, як размеркаваліся месцы ў парламенце, прадстаўляе краіну за мяжой, уручае ўзнагароды і вырашае пытанне аб памілаванні асуджаных. Прэзідэнт Чарнагорыі абіраецца ўсенародным галасаваннем на пяцігадовы тэрмін. Нягледзячы на відавочна цырыманіяльныя функцыі, барацьба за гэтую пасаду сёлета вясной разгарнулася ўпартая. Чарговая выбарчая кампанія ў Чарнагорыі прайшла ў вельмі сціслыя тэрміны — аб яе старце было абвешчана ў канцы сакавіка, так што фактычна на правядзенне агітацыі кандыдатам было дадзена ўсяго два тыдні.

Міла Джуканавіч афіцыйна паведаміў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты Чарнагорыі толькі 19 сакавіка, менш чым за месяц да выбараў. Палітык сышоў з пасады прэм'ер-міністра краіны 26 кастрычніка 2016 года, праз 10 дзён пасля парламенцкіх выбараў, на якіх яго партыя атрымала перамогу. Пасля гэтага Джуканавіч сцвярджаў, што больш не плануе займацца палітыкай, бо яму «ёсць чым заняцца».

Аднак на прэс-канферэнцыі ў Падгорыцы, на якой палітык паведаміў пра свае планы стаць прэзідэнтам, ён сказаў, што пасля такой доўгай палітычнай кар'еры ў яго ёсць абавязацельствы перад краінай. «Калі ты займаешся палітыкай больш за чвэрць стагоддзя, у цябе ёсць пэўныя абавязкі перад сваёй партыяй, самім сабой і краінай», — заявіў Джуканавіч.

У 29 гадоў ён стаў самым маладым кіраўніком ўрада ў Еўропе. На пасадзе прэм'ера знаходзіўся ў 1991—1998 (тройчы), 2003—2006, 2008—2010, 2012—2016 гадах. У 1998-м упершыню стаў прэзідэнтам Чарнагорыі — да 2002 года. Ён неаднойчы падаваў у адстаўку, сыходзіў у бізнес, але ўвесь час вяртаўся на вышэйшыя кіруючыя пасады. Лічыцца, што больш за 20 гадоў Джуканавіч, незалежна ад займаемай пазіцыі, дэ-факта кіруе краінай і застаецца адным з самых уплывовых балканскіх палітыкаў. «Нават у перыяды, калі ў яго не было выбарнай пасады, ён узначальваў кіруючую ў Чарнагорыі партыю. У Еўропе не так ужо шмат палітыкаў, якія захоўваюць дамінуючую пазіцыю на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў», — адзначыў Euronews прафесар Фларыян Бібер, эксперт з аўстрыйскага ўніверсітэта Граца.

Балканскі барометр

Выбары ў Чарнагорыі, у пэўнай ступені, таксама барометр барацьбы за сферы ўплыву паміж Усходам і Захадам, адзначаюць спецыялісты. Менавіта Джуканавіч узначальваў кампанію па выхадзе Чарнагорыі з канфедэрацыі з Сербіяй. Ён — прыхільнік еўраінтэграцыі. Займаючы вышэйшыя дзяржаўныя пасады, праводзіў палітыку на збліжэнне з Захадам, уступленне Чарнагорыі ў Еўрасаюз і НАТА. Яшчэ ў 2005 годзе Джуканавіч выказаўся аб намерах прывесці Падгорыцу ў НАТА. Адразу пасля таго як стала дакладна зразумела, што ён выйграў выбары і зноў стане прэзідэнтам, палітык заявіў, што плануе ў найбліжэйшыя гады весці Чарнагорыю па шляху ўваходжання ў ЕС. «Тое, што я прасіў падчас гэтай кампаніі — атрымаць права зрабіць завяршальны крок пасля 20-гадовага шляху да еўрапейскай сістэмы каштоўнасцяў. Мы яго [права] атрымалі, і ўпэўнены, што спраўдзім чаканні грамадзян, зробім гэты крок і дасягнем усіх вынікаў, якія планавалі», — заявіў палітык пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў.

Ідэя еўраінтэграцыі знаходзіць у мясцовага насельніцтва куды больш падтрымкі, чым уступленне ў НАТА, падкрэслівае эксперт Інстытута славяназнаўства РАН Георгій Энгельгарт. Наогул на Балканах еўраінтэграцыя — гэта досыць папулярная думка. Яе падаюць так, што ёсць надзея на знешнюю крыніцу дабрабыту, таму гэта не выклікае моцнага непрымання ў насельніцтва. «У нас складаныя часы, трэба зацягнуць паясы і пайсці на рэформы, але затое ўступім у ЕС і будзем прыстойна жыць», — так улады тлумачаць курс на збліжэнне з Захадам, кажа эксперт.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Джуканавіч выказваўся за працяг еўраатлантычнага шляху развіцця Чарнагорыі, але пры гэтым выказаў гатоўнасць «будаваць добрыя адносіны і з Расіяй».

Назіральнікі сыходзяцца ў меркаванні, што яго аўтарытэт і амбіцыі дададуць пасадзе прэзідэнта палітычнай вагі. Паўнамоцтвы цяперашняга кіраўніка Чарнагорыі Філіпа Вуянавіча заканчваюцца 20 мая, тады ж чакаецца інаўгурацыя яго пераемніка.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Вяршыні ў люстэрку Адрыятыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.