Вы тут

Сяргей Савіцкі: Знаёмства з раёнам пачаў не з моцных прадпрыемстваў


Старшыня райвыканкама пра кадры, турыстычны патэнцыял раёна і жыццё на новым месцы.

Крыху больш як чатыры месяцы таму Сяргей Савіцкі прызначаны старшынёй Уздзенскага раённага выканаўчага камітэта. Да гэтага працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяржынскага райвыканкама.


— Сяргей Канстанцінавіч, адна справа быць намеснікам, і зусім іншая — адказваць за цэлы раён. Магчыма сустрэліся напачатку з нейкімі цяжкасцямі. І наогул, з чаго пачалі сваю дзейнасць?

— Асаблівых цяжкасцяў не было. Гэтаму паспрыялі тыя абставіны, што крыху больш як год я адпрацаваў у Дзяржынскім раёне. Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч — мудры кіраўнік, які навучыў мяне мысліць па новаму, больш шырока, не зацыклівацца на адных пытаннях.

Пасля таго, як заступіў на новую пасаду, пачаў знаёміцца з раёнам, прычым не з тымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, дзе справы ладзяцца. У першую чаргу наведаў слабыя, каб сябе не заспакойваць. Вывучыў стан спраў не толькі на вытворчасці, але і ў сацыяльнай, культурнай сферы, сферы аховы здароўя.

— І якія першыя ўражанні? Магчыма, нешта трэба папраўляць?

— Калі ўзяць сацыяльную сферу, то яна ў раёне моцная. У прыватнасці, сельскія школы практычна не адрозніваюцца ад гарадскіх. Усе будынкі ў нармальным стане, адпавядаюць стандартам. Банк рэканструкцыі і развіцця выдзяляе грошы на рамонт уваходнай групы, падлогі і самае галоўнае — харчавальнага блока ў Уздзенскай сярэдняй школе № 1 імя. А. С. Пушкіна.

Рамонт чакаецца і ў Уздзенскай гімназіі. Давядзецца навучальны працэс у гэтых установах арганізаваць у дзве змены.

Няма праблем і ў культуры. А гарадскому Палацу культуры можа пазайздросціць любы райцэнтр. Гэты прасторны будынак у выглядзе дыямента нагадвае Нацыянальную бібліятэку. У планах — рамонт дахаў некаторых сельскіх дамоў культуры і Дзешчанскага цэнтра вольнага часу. У Каралёве да святкавання раённых Дажынак у 2018-м таксама плануецца рамонт Дома культуры.

Што датычыцца сістэмы аховы здароўя, то галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Дрэйчук шмат зрабіў у плане рамонту, які вёў гаспадарчым спосабам, што дало магчымасць сэканоміць на кошце работ. Аляксандр Аляксандравіч — моцны адміністратар, які прывёў у ідэальны стан харчавальны блок, пральню, фасады будынкаў цэнтральнай раённай бальніцы. Засталося крыху папрацаваць над эстэтычным аздабленнем. У сельскай мясцовасці непазнавальна змяніліся фельчарска-акушэрскія пункты як звонку, так і знутры. У вёсцы Цялякава працуе бальніца сястрынскага догляду на базе былой школы, разлічаная на 25 месцаў. Але гэтага недастаткова. Варта было б павялічыць напаўняльнасць да 50 месцаў. Магчымасці ёсць — другі паверх будынка пакуль пустуе.

Лабараторыя ў бальніцы аснашчана сучасным абсталяваннем. Ёсць апарат для поўнага спектральнага аналізу крыві, бадай, адзіны ў Мінскай вобласці. Установа аховы здароўя ўкамплектаваная цалкам аўтамабілямі хуткай дапамогі, рэанімабілем, забяспечана медыцынскімі кадрамі. Прычым упэўнены, што многія маладыя медыкі хоць сёння могуць узначаліць бальніцы, — яны прафесійна, добра падрыхтаваныя. Часткова існуе праблема са спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы: механізатараў крыху не хапае. Але падчас пасяўной, касавіцы, жніва патрэбу перакрываем за кошт працаўнікоў раёна. Дапамога сталічных прадпрыемстваў не патрабуецца.

— Вы першы з кіраўнікоў, які звярнуў увагу на развіццё турыстычнага патэнцыялу раёна. Лічыце, што тут непачаты край работы?

— Гэта сапраўды так. У Уздзенскім раёне пачынаецца Нёман. Але мала хто пра гэта ведае. Неабходна больш папулярызаваць гэты факт. У вёсцы Наднёман знаходзіцца сядзіба Наркевіча-Ёдкі. Якуб Наркевіч-Ёдка — вучоны-прыродазнавец, урач, вынаходнік бяздротавай перадачы электрычных сігналаў. Радавое гняздо гэтага незвычайнага чалавека, які пакінуў след не толькі ў беларускай, але і сусветнай гісторыі, можна раскруціць не горш, як Нясвіжскі палац. Але для гэтага патрэбныя фінансавыя сродкі. Сядзіба ўзвышаецца на крутым беразе Нёмана — надзвычай прыгожыя мясціны. Тут жа ўладкаваны склеп з магіламі Наркевічаў-Ёдкаў. У пасёлку Першамайск раскінуўся сядзібна-паркавы комплекс «Кухцічы» заможнага шляхецкага роду Завішаў, у Уздзе — капліца з пахаваннямі прадстаўнікоў іх сям'і.

Словам, наведвальнікам і гасцям ёсць што паказаць і пра што расказаць.

— Вы, як кіраўнік новай фармацыі, наладжваеце самыя цесныя стасункі з прадстаўнічай уладай, дэпутатамі. Наколькі ведаю, новыя старшыні прыйшлі ў тры з шасці сельскіх саветаў.

— Дзешчанскі сельвыканкам узначаліў новы старшыня, у мінулым участковы інспектар міліцыі, маёр Уладзімір Балцянкоў. Уважліва сачу за першымі яго крокамі. Думаю, не памыліліся ў выбары: ініцыятыўны, актыўны. У Азерскі сельвыканкам таксама прыйшоў малады хлопец Антон Аліноўскі, які працаваў у Мінску ў аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Задаволены яго работай. Напачатку нават палохаў, што нялёгка яму давядзецца: населены пункт месціцца непадалёку ад Мінска, на лета сюды прыязджае шмат дачнікаў, якія прад'яўляюць завышаныя патрабаванні мясцовай уладзе. Але такіх, як ён, не спалохаеш цяжкасцямі. Напрыклад, на нарадах я стаўлю пытанне, каб у кожным сельсавеце стварыць падсобную брыгаду для дробнага рамонту, добраўпарадкавання. Дык ён падхапіў маю ініцыятыву, звязаўся з раённым цэнтрам занятасці насельніцтва, дамовіўся ўзяць на работу трох чалавек, якія стаяць там на ўліку, вырашыў пытанне з аплатай іх працы. Нёманскі сельвыканкам узначаліла Наталля Крук. Наталля Уладзіміраўна шмат увагі ўдзяляе навядзенню парадку на зямлі. Акрамя таго перавагу ў рабоце аддае пытанням працаўладкавання насельніцтва, напрыклад, яна склала спісы жыхароў усіх вёсак сельсавета, якія не маюць работы, у тым ліку і тых, хто выехаў на заробкі ў іншыя населеныя пункты, змяніў месца жыхарства. Па ўсіх катэгорыях прадаставіла дакладную раскладку.

— Помніцца, мінулы раз пры сустрэчы ў Дзяржынску вы казалі, што з сям'ёй змянілі месца жыхарства, здаецца, шосты раз. Што зробіш, вы чалавек дзяржаўны, куды загадалі, туды і паехалі. Гэтым разам дзеці ўжо адаптаваліся?

— У Узду пераехалі з сям'ёй перад Новым годам, вырашылі, што трэба сустракаць свята на новым месцы. Пасяліліся ў службовым доме і пачалі абжывацца з чыстага ліста.

Малодшая дачка ходзіць у чацвёрты клас, прывыкла да новых умоў, школы. Старэйшай цяжэй знаходзіць новых сяброў, ладзіць новыя стасункі. Бачыў, што напачатку ёй даводзіцца нялёгка. Таму кожны вечар стараўся падысці, пагутарыць, высветліць, як справы ў школе, падтрымаць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.