Вы тут

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы


Валерый Гуськоў — вучоны з сусветным іменем, доктар тэхнічных навук, прафесар, з'яўляецца спецыялістам у галіне машынабудавання і тэхнікі спецыяльнага прызначэння. На сваім цяперашнім працоўным месцы — кафедры «Трактары» ў БНТУ — працуе з 1963 года.

Калі я патэлефанавала Валерыю Уладзіміравічу і падчас размовы пацікавілася, як яму ўдаецца заставацца ў такой добрай фізічнай і творчай форме, той, ні на секунду не задумаўшыся, адказаў: «Усімі поспехамі я абавязаны сваёй жонцы». Ці шмат знойдзецца мужчын, здольных вымавіць такую фразу? Мужчын, якія адбыліся і ў сваёй прафесіі, і ў сям'і? Мы сустрэліся з Валерыем Уладзіміравічам, каб пагутарыць з ім — і не столькі пра навуку, колькі пра жыццё. У тым ліку пра тое, якія ўзлёты яно нам рыхтуе і праз якія трагедыі часам змушае прайсці. Фрагменты нашай размовы — у гэтым артыкуле...


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Пра сям'ю

Я нарадзіўся ў Забайкаллі, у Іркуцку. У Мінск трапіў па размеркаванні пасля інстытута. Тыя пяць аднакурснікаў, з якімі я сюды прыехаў, потым вярнуліся на радзіму. А я — не, бо сустрэў тут сваё каханне і застаўся. Пазнаёміўся з будучай жонкай у 1955 годзе. Як цяпер памятаю: наша група маладых канструктараў сустрэлася са студэнткамі медінстытута (медычкамі — так мы іх звалі) на вечары знаёмстваў 7 лістапада. Там мы і ўбачылі адно аднаго...

Мая будучая жонка заваявала мяне сваёй жаноцкасцю, і цяпер яна засталася такой жа, нягледзячы на ўзрост і нягоды. У яе мяккі, рахманы характар. Я часам магу «выбухнуць», — яна заўсёды згладжвае вострыя вуглы. Усё жыццё мая Яўгенія прапрацавала доктарам-педыятрам, 40 гадоў лячыла дзетак. І зараз вельмі шмат клапоціцца аб праўнуку.

...У мяне шчаслівы шлюб, жонка падтрымлівала мяне заўсёды і ва ўсіх пачынаннях. Я назіраю за жыццём і бачу, што вельмі шмат разводаў зараз. Але мы — і я, і мая жонка — вельмі адказна ставіліся да нашага шлюбу, ведалі, што нам трэба выхаваць сваіх дзяцей, даць ім адукацыю. У нас былі сын і дачка. На жаль, абаіх ужо няма ў жывых... Сын скончыў аспірантуру і працаваў спачатку на Мінскім трактарным заводзе, потым на Мінскім аўтазаводзе. Ён быў прадстаўніком нашага МАЗа ў Паўднёвай Афрыцы і загінуў пры выкананні абавязкаў у Кейптаўне. Дачка была дацэнтам, працавала ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, памерла два гады таму... Але ёсць унучка і ўжо 8-гадовы праўнук, жывём усе разам. Так што жыццё працягваецца...

Пра тое, як за месяц вывучыў англійскую мову

У 1967 годзе я паехаў у Англію на стажыроўку. Жонка ж засталася тут адна з дваімі дзецьмі. У Англіі я спачатку стажыраваўся, потым працаваў нейкі час там выкладчыкам.

Мне вельмі спадабаліся англічане, яны аказаліся вясёлымі, смяшлівымі, вельмі арыгінальнымі людзьмі. І вельмі прыязнымі! Я, калі туды паехаў, англійскай мовы амаль не ведаў, і да мяне на адзін месяц прымацавалі выкладчыка, які павінен быў «падцягнуць» мяне. Гэта быў адстаўны маёр, які ўсё жыццё праслужыў у Індыі. Я не ведаў англійскай, ён не ведаў ні слова па-руску... Тым не менш мове ён мяне навучыў. Мы выходзілі на вуліцу, і я павінен быў з картай падысці да паліцэйскага і спытаць, як дабрацца ў тую ці іншую частку горада. Я слухаў тлумачэнні і павінен быў потым пераказаць усё свайму выкладчыку. Той ганяў мяне да паліцэйскага не адзін раз. Толькі калі я найпадрабязнейшым чынам па-англійску здолеў растлумачыць дарогу, мы сядалі ў грамадскі транспарт і ехалі туды. Так абследавалі Лондан, хадзілі па пабах і корчмах, па тэатрах, ён пазнаёміў мяне са сваёй сям'ёй... Увогуле, за 30 дзён ён мне добра «падцягнуў» мову, і я паспяхова здаў іспыт. Потым нават сам выкладаў там — на англійскай мове, зразумела, і публікаваў свае артыкулы... Гэта было нескладана — тэхнічная мова на самай справе простая, бо змяшчае шмат формул і графікаў...

Пра работу

Я ўсё жыццё прапрацаваў, на пенсіі не быў ні аднаго месяца. Стаж — з 1948 года, ужо 70 гадоў! Пакуль яшчэ на пенсію не збіраюся. Я прывык шмат працаваць. Раней у выхадныя дні, бывае, месца сабе не знаходзіў — нават трохі баяўся вольнага часу... Цяпер, праўда, ратуе садоўніцтва. У мяне на лецішчы ў Крыжоўцы выдатны сад: яблыні, грушы, айва, шаўкоўніца. Вельмі яго люблю.

Я шмат гадоў загадваў кафедрай «Трактары» ў БНТУ: у 1973 годзе быў абраны на гэтую пасаду і застаўся на ёй да 1990 года. Цяпер з'яўляюся прафесарам кафедры. Летась мяне пераабралі на пасаду прафесара яшчэ на пяць гадоў, а пасля гэтага ўніверсітэт падоўжыў працоўны кантракт на два гады. Так што яшчэ папрацую.

Пра студэнтаў

Набіраецца група ў 20 чалавек, але да канца навучання застаецца ўсяго 12—13. Астатнія адсейваюцца: каго адлічваюць, хто сыходзіць сам, таму што цяжка пражыць на стыпендыю і трэба ісці працаваць, хтосьці пераходзіць на завочнае навучанне... З гэтых 12—13 студэнтаў я выбіраю двух-трох самых моцных, і, акрамя чытання лекцый, працую з імі індывідуальна. Сёлета двое маіх студэнтаў сталі лаўрэатамі прэміі ў навукова-даследчай рабоце і неўзабаве паедуць у Пецярбург прымаць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі.

Нядаўна ва ўніверсітэце адкрылі новую спецыяльнасць — дызайн калёсных і гусенічных машын. Туды ў асноўным дзяўчаты ідуць. А ўвогуле ў нас пераважаюць, вядома ж, хлопцы. Хоць, бывае, сустракаюцца і дзяўчаткі, якія захапляюцца тэхнікай і паступаюць сюды. І потым паспяхова працуюць інжынерамі-канструктарамі...

Пра тое, як падтрымліваць форму

Раней я на работу заўсёды хадзіў пешшу, добра, што дом не так далёка, але апошнім часам ужо дабіраюся тралейбусам. Падымаюся ўсё жыццё рана, а 6-й гадзіне, нават у выхадныя, і адразу намячаю план работы на дзень. Кожную раніцу раблю зарадку. Комплекс практыкаванняў адпрацаваны шмат гадоў таму... З тым, што ў мяне сядзячая работа, не згодны: я чытаю лекцыі студэнтам, на выкладчыцкай рабоце не пасядзіш...

Пра свой дэвіз

Ён просты: нішто чалавечае нам не чужое...

НАША ДАВЕДКА

Валерый Гуськоў скончыў Томскі політэхнічны інстытут, аспірантуру пры Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук СССР, праходзіў навуковую стажыроўку ва ўніверсітэтах Ньюкасла, Рэдынга (Вялікабрытанія).

Навуковыя інтарэсы: тэорыя, разлік, канструяванне і выпрабаванні мабільных машын. Працаваў інжынерам-канструктарам, старшым інжынерам-канструктарам, затым начальнікам канструктарскага бюро на Мінскім трактарным заводзе. Быў старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР у Мінску. З 1963 года працуе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на аўтатрактарным факультэце. За гады працы ў БНТУ падрыхтаваў больш за тысячу інжынераў-канструктараў.

Мае званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Усімі поспехамі я абавязаны жонцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».