Вы тут

У Беларусі праходзіць акцыя «Дом без гвалту»


Яе мэта — растлумачыць, што звяртацца па дапамогу ў выпадках агрэсіі з боку блізкіх не сорамна. Гвалт у сям'і — праблема не толькі ў Беларусі, а ва ўсім свеце. У нашай краіне штогод блізкія пазбаўляюць жыцця каля сотні чалавек. Ужо ў першым квартале гэтага года такім чынам пайшлі з жыцця 23 чалавекі, а каля 40 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Зменшыць лічбы гэтай сумнай статыстыкі імкнуцца міністэрствы ўнутраных спраў, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя і шэраг грамадскіх арганізацый.


Згодна са статыстыкай, кожная 4-я жанчына сутыкаецца з гвалтам у сям'і. А вось пакараць агрэсара, паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Алега Каразея, можна не заўсёды. Менш за палову тых, хто здзяйсняе гвалт, прыцягваюць да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці. У астатніх выпадках, згодна з заканадаўствам, участковы інспектар можа правесці толькі прафілактычную размову. Але сітуацыю ў хуткім часе плануецца змяніць. Здзейсніць гэта дапаможа новы закон «Аб папярэджанні гвалту ў сям'і», які дакладна вызначыць, каго лічыць агрэсарам у сям'і, як яго караць, як дапамагчы ахвяры і інш. У красавіку МУС завершыць распрацоўку яго канцэпцыі, затым яна будзе ўзгоднена ўсімі зацікаўленымі ведамствамі і накіравана ў Савет Міністраў. Пасля праходжання ўсіх працэдур узгаднення закон можа быць прыняты ўжо ў наступным годзе.

Больш за пяць гадоў у Беларусі працуе агульнанацыянальная гарачая лінія для ахвяр хатняга гвалту 8-801-100-8-801, дзе аказваюць у тым ліку юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. За гэты час на яе паступіла амаль 11 тысяч тэлефанаванняў. Паводле іх аналізу, большасць ахвяр гвалту складаюць жанчыны — 94 %. І толькі 6 % — мужчыны. Праўда, апошнім часам іх колькасць расце. Як правіла, ахвярамі мужчыны становяцца ва ўзросце пасля 60 гадоў, а здзекуюцца з іх уласныя дзеці. Далёка не заўсёды агрэсар, які праяўляе гвалт, пакутуе ад алкагольнай ці іншай залежнасці — амаль палова з іх залежнасці не маюць. Нярэдка гвалт у сям'і ўчыняюць і людзі з высокім сацыяльным статусам: на рабоце і ў вачах грамадства гэта паспяховыя людзі, дома ж — зусім іншыя.

Паводле слоў старшыні праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Ірыны Альхоўкі, апошнім часам спецыялістаў турбуе і такая з'ява, як сталкінг, або праследаванне. На працягу доўгага часу (да трох гадоў) былы муж ці нават сужыцель, з якім перарваныя адносіны, не перапыняе кантакт з жанчынай: працягвае тэлефанаваць і прыходзіць у яе жыллё ці праследуе іншым спосабам.

Сацыяльны партрэт ахвяры хатняга гвалту застаецца нязменным на працягу апошніх гадоў: гэта жанчына ва ўзросце ад 27 да 40 гадоў, якая знаходзіцца ў шлюбе ці пастаянных адносінах і мае адно-два дзіцяці. Кожная другая з іх лічыць за лепшае не звяртацца па дапамогу ў дзяржаўныя органы, бо баіцца, што дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў ахове дзяржавы.

Дзеці, дарэчы, таксама нярэдка становяцца сведкамі або ахвярамі гвалту.

— Сям'я — гэта закрытая сістэма, і дзеці часта нават не вызначаюць як гвалт тое, што там адбываецца. Гвалт, на жаль, у некаторых сем'ях лічыцца нормай выхавання, — расказвае псіхолаг Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Наталля Лісавец. — Для дзяцей у нас працуе свая гарачая лінія па нумары 8-801-100-16-11, дзе псіхолагі кругласутачна акажуць дапамогу і праінфармуюць, куды звяртацца. Сюды можна тэлефанаваць і ў выпадку гвалту з боку равеснікаў.

Звяртацца ахвяры гвалту могуць не толькі на гарачыя лініі, але і ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры якіх ва ўсіх рэгіёнах дзейнічае 132 крызісныя пакоі. Як паведаміла кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш, яны бясплатна, без накіравання і дакументаў выдзяляюцца жанчынам (пры неабходнасці і яе дзецям) на неабмежаваны тэрмін да ўрэгулявання канфліктнай сітуацыі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не бойся расказаць!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.