Вы тут

Каханне? Мем...


Малодшае пакаленне, можа, і не памятае слоў гэтай песні, але старэйшае, упэўнены, адразу прыгадае. «Любовь, похожая на сон, сердец хрустальный перезвон...». Я зусім не фанат Алы Пугачовай, але чамусьці менавіта гэтыя радкі падаюцца ў пэўным сэнсе квінтэсенцыяй светлага, узнёслага пачуцця і ўсяго, што з ім можа быць звязана. Памятаеце фразу з фільма «Прывітанне, я ваша цётка?»: «Я стары салдат і не ведаю слоў кахання!» Што мы, маладыя, маглі сказаць услых пра яго? Пачуццё было, але словы падбіраліся і вымаўляліся з цяжкасцю. («— Усе гэтыя зоркі я дару табе, — сказаў хлопчык і ўдарыў дзяўчынку жалезным тазікам па галаве».) Бывала, як у сне... Таму што і час быў іншы, і выхаванне, і стаўленне да кахання. А вось цяперашняя моладзь у прамым сэнсе не ведае і не хоча ведаць гэтых слоў. Усё стала нашмат прасцей, празаічней... («— Андрэй, што такое сямейнае жыццё? — Я працую. Жонка працуе. Вечарам мы ядзім».) Чулі, што фраза «секс — гэта, канешне, добра, але...» ужо стала інтэрнэт-мемам? Яна зрабілася ўніверсальнай формулай для хлопцаў і дзяўчат, пры дапамозе якой можна апісаць невялікія дробязі, якія ў пэўны момант могуць быць лепш за секс...

«Твоё волшебное «люблю» я тихим эхом повторю»...» Ну, вось, напрыклад, як вышэйназваны мем можна ўжываць. «Секс — гэта, канешне, добра.., але вы калі-небудзь елі часночны хлеб?» («— Каханы, ты на кухню? Захапі заадно печанюшкі. — Печанюшкі! Вы захоплены!») Прастор для фантазіі — неабсяжны. «Секс — гэта, канешне, добра.., але ці можа ён параўнацца з адчуваннем бязмежнага шчасця, калі пасля крутой гулянкі знаходзіш у цэласці і захаванасці свае тэлефон, пашпарт, кашалёк і ключы». («Экстрасэнс нападпітку тэлефануе сваім будучым».) Яшчэ лепшым за занятак каханнем можа быць знойдзеная ў старых джынсах «сотка». А можна паспрабаваць пажыць у інтэрнаце, а потым вярнуцца дадому. («— Як бы вы апісалі сваё жыццё ў двух словах? — За што?!») Ці прагуляцца па марозе, а потым з чырвонымі шчокамі паесці гарачага супу і заснуць салодкім пасляабедзенным сном. Ну, сапраўды, а чаму б і не? Мароз і сонца, як той казаў... («Вазьму адпачынак і палячу за межы цвярозага сэнсу».)

«Любовь, похожая на сон, счастливым сделала мой дом...». Гэта, канешне, забава, гумар сучаснай моладзі. З аднаго боку. Пакуль маладыя ад слоў не пераходзяць да спраў — не пачынаюць увасабляць іх сэнс у жыццё. Напрыклад, японская моладзь больш не хоча хадзіць на спатканні, жаніцца і нават проста займацца тым самым сексам. («— Можна з табой пазнаёміцца? — У цябе што, мала расчараванняў у жыцці было?») Такі феномен быў адзначаны ў краіне даўно, і сітуацыя толькі пагаршаецца. Чым не чарговы мем? Пры гэтым маладыя японцы з задавальненнем сочаць за любоўнымі пахаджэннямі герояў аніме, але самі заводзіць раманы не жадаюць. («Калі вельмі доўга глядзець аніме, можна самому анімець».) Чаму так адбываецца?

Адзін юнак у інтэрв'ю тэлебачанню выказаўся з гэтай нагоды наступным чынам. «Для таго, каб пабудаваць адносіны, трэба прыкладаць занадта шмат высілкаў. Зрабіць так, каб я ёй спадабаўся, а яна спадабалася мне. На выхадныя мне прыйдзецца адмовіцца ад сваіх планаў дзеля яе. Не хачу гэтага рабіць».

Во як! («— Іншымі словамі, ты пачакаў, потым яшчэ пачакаў, але праблема не вырашылася сама? Вельмі дзіўна, бо ты зрабіў усё, што мог».) Герой Якаўлева з фільма «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» з яго фразай «у нас прапаў дух авантурызму, мы перасталі лазіць у вокны да любімых жанчын» здзіўлена адпачывае ўбаку...(«— Люся, ты навучыла мяне галоўнаму. — Ніколі не здавацца? — Дадаваць лыжачку алею ў макарону, каб яна не зліпалася».)

Такое стаўленне маладых людзей да ўзаемаадносін спараджае часам выключна спажывецкія стасункі. Чулі пра гісторыю, калі дзяўчына кінула хлопца з-за падробленага Porsche? Гісторыя адбылася ў Кітаі. Ён і яна пазнаёміліся на вечарынцы, пасля чаго кіроўца падвёз новую знаёмую дадому на ўласным красоверы. Дзяўчына была ўпэўнена, што едзе на сапраўдным Porsche Macan. І толькі хлопец ведаў, што гэта не так, што аўто — на 85 працэнтаў копія паркетніка.

Прапануюць такія ў Кітаі па цане, у пяць разоў меншай за арыгінал. А каб дабіцца максімальнага падабенства, выкарыстоўваюць мноства аксесуараў з вядомым лагатыпам. Менавіта на іх дзяўчына і «павялася». Але падман неўзабаве раскрыўся. («А памятаеце, як было ў дзіцячым садку? Намалюеш маме да 8 Сакавіка «каляку-маляку» — яна так радуецца. Чаму ж тады з жонкай гэты фокус не праходзіць?»)

Але, на шчасце, сапраўдныя рамантыкі яшчэ не перавяліся! Нядаўна ў краіне быў прызыў на ваенныя зборы. Апроч мужчын, на іх трапілі каля 50 ваеннаабавязаных жанчын-медыкаў. Павестку атрымала і фельчар хуткай дапамогі з Мінска. Дык яе муж, які сам толькі дэмабілізаваўся ў маі мінулага года і з якім згулялі вяселле ў лістападзе, пайшоў на зборы разам з ёй! Каб не расставацца! «Но вопреки законом сна пускай не кончится она...»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.