Вы тут

Як дзеці малыя


Тое, што многія чалавечыя індывіды прадпрымалі спробу выпіць з прадстаўнікамі фаўны альбо напаіць братоў нашых меншых, не навіна. Напрыклад, у апавяданні Кузьмы Чорнага ёсць сюжэт, як пеўня паілі гарэлкай, а потым падбухторвалі біцца. А ў адным з сучасных фільмаў амаль што замілаванне здольны выклікаць эпізод пра адзінокага мастака, які пераехаў на жыхарства ў вёску і даволі арыгінальна вырашае праблему кампаніі. Некалькі гадоў ён падкормлівае павука, які жыве ў куце. Каб не піць у адзіноце, чалавек ловіць тлустую муху, апускае яе ў гарэлку і кідае свайму сябру-павуку: «На, Вася, выпі».

І вось аднойчы героем дня стаў 40-гадовы беспрацоўны з памежнай з Расіяй віцебскай вёскі. Не так даўно было. Яго яшчэ па тэлевізары паказвалі, ён інтэрв'ю даваў наконт таго, як пацярпеў ад кіпцюроў мядзведзя. А як добра ж усё пачыналася! І абдымаўся з мядзведзем, і варэннем частаваў, і выпіць мішку «на траіх» прапаноўваў. Некалі Зошчанка напісаў, што з п'яных вачэй можна абняць класавага ворага. А вось каб мядзведзя... гэта ж колькі трэба выпіць! Абдымкі касалапы можа яшчэ сяк-так вытрымаў бы, але п'яных, пэўна, не любіць. Вось і дасталася небараку.

Чужы досвед, як бачым, нікога нічому не вучыць. З год ці крыху болей прайшло, як у Баранавіцкім раёне сабака адкусіў руку дзяўчыне. Яна цяжарная была, але нападпітку. Ну і пачала сабаку выхоўваць, тапкам яго ўдарыла... Цяпер яна — інвалід без адной рукі — гадуе сваё дзіця.

А вось у Камянецкім раёне сталы мужчына захацеў сфатаграфавацца з бабром, стаў побач, палез па тэлефон у кішэню. Звер, відаць, успрыняў гэты жэст як агрэсію і пракусіў артэрыю чалавеку. Мужчына загінуў. Пра згаданы выпадак нават «Нью-Ёрк Таймс» напісала. Ды нашы героі ніякіх таймсаў не чытаюць, а калі і чытаюць, то на сябе дакладна не прымерваюць. Людзі не перастаюць здзіўляць не толькі сваёй неабгрунтаванай адвагай, але і дзіўным стаўленнем да тых, хто дэманструе злачынную неабачлівасць.

У Брэсце неяк затрымалі п'янага маршрутчыка на рабоце. Поўны мікрааўтобус людзей, час пік. Дык вось, калі яго здымалі з рэйса, пасажыры пачалі абурацца, наракаць на супрацоўнікаў аўтаінспекцыі, што не далі спакойна дабрацца на працу. А вы кажаце, чаму гэта, маўляў, столькі п'яных за рулём, нягледзячы на пастаянныя высілкі ў барацьбе з заганай. Дык грамадская думка, маўклівая падтрымка, адсутнасць непрымання такой мадэлі паводзін уплываюць на светапогляд людзей больш, чым любая разумная прапаганда і такая ж агітацыя.

Ужо даволі часу прайшло, як у нас п'яная нявеста ў вэлюме за рулём па горадзе гойсала. І зразумець можна: у дзяўчыны крызіс здарыўся, жаніх расчараваў адразу ж на вяселлі. Яна спрабавала прытушыць пакуты алкаголем, затым душа стала патрабаваць руху, дзеяння.

Машына, відавочна, аказалася пад рукой... Здараецца ў жыцці. І не такое бывае. Бывае, і на вяселлі расстаюцца. А калі сур'ёзна, то хіба яна адна жыла альбо адна была на тым самым вяселлі? Чаму ніхто не перагарадзіў дарогу, не забраў ключы? Яна ж магла разбіцца і другіх пакалечыць альбо пазабіваць. Добра, што тады міліцыя спыніла няўдачлівую нявесту.

А другая ў Пінску ўжо, мабыць, не нявеста. Жонкай пабывала законнай альбо грамадзянскай, а можа, і зараз у гэтым статусе. Бо калі яе спынілі не ў вэлюме, у звычайным адзенні, але п'янай за рулём, яна сказала, што цяжарная. І так жаласна стала прасіць інспектараў яе адпусціць, што слёзы наварочваліся. Лішні стрэс, як вядома, здольны паўплываць на здароўе будучага немаўляці. А што можа быць на гэтым свеце важнейшае за слязінку дзіцяці, тым больш за яго здароўе? І яны ўжо амаль гатовыя былі адпусціць, дараваць, хоць і на службе. Але на ўсялякі выпадак рашылі праверыць інфармацыю ў паліклініцы. І што вы думаеце? Наша гераіня і не думала цяжараць, а можа і думала, толькі некалі ў будучыні. А цяпер яна проста ехала, і не крыху, а добра выпіўшы. Нехта скажа: як дзеці малыя. Хоць дзеці на такое параўнанне могуць і пакрыўдзіцца. Яны пакуль малыя, зусім хлусіць не ўмеюць. Па меры падрастання вучацца гэтаму ў дарослых. Спачатку крышачку, каб падацца лепшым, чым ёсць, потым больш — каб пазбегнуць пакарання, і далей па звычцы. Усяму астатняму яны таксама вучацца ў дарослых.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?