Вы тут

Як павінен жыць айчынны хакей


Пасля завяршэння плэй-оф чэмпіянату краіны і за некалькі тыдняў да старту чэмпіянату свету па хакеі старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Сямён Шапіра з прадстаўнікамі трэнерскага штаба зборнай і іншымі спецыялістамі сферы правёў вялікую прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра новаўвядзенні, якія будуць дзейнічаць у наступным сезоне.


Фармат чэмпіянату

Сямён Шапіра адзначыў, што праз некалькі дзён пасля завяршэння фінальных гульняў чэмпіянату Беларусі прадстаўнікі 16 хакейных клубаў сабраліся ў федэрацыі, каб абмеркаваць будучыню гэтага віду спорту і прыняць рашэнні, якія павінны паўплываць на інтэнсіўнае развіццё хакея.

У першую чаргу змены будуць датычыцца ўнутранага чэмпіянату. Так, з наступнага сезона 16 камандаў будуць падзеленыя на два дывізіёны — А і В (у залежнасці ад выніковасці). Акрамя таго, у камандаў у чэмпіянаце павялічыцца колькасць гульняў: калі раней іх было каля 40, то зараз хакеістам трэба будзе згуляць па 56 матчаў.

Асаблівую ўвагу старшыня федэрацыі ўдзяліў пытанню легіянераў у беларускіх клубах. Цяпер іх 35, прычым 25 — расійскія хакеісты. Прынята рашэнне, што ў адным матчы кожная каманда можа выкарыстоўваць да 5 легіянераў.

Што да спрэчак пра ўзрост гульцоў — вырашана, што кожная каманда можа заявіць 7 хакеістаў, чый узрост больш за 28 гадоў. «Было шмат спрэчак на гэтую тэму. Усяго ў беларускім хакеі 71 чалавек, што дасягнулі ўзросту 28 гадоў або яго перавысілі. Мы не можам страціць гэтых хлопцаў, з вялікай павагай да іх ставімся. Я думаю, яны могуць аказаць сур'ёзную падтрымку трэнерскаму штабу і весці за сабой моладзь, але такім рашэннем мы адкрываем дарогу маладым хакеістам», — падкрэсліў Сямён Шапіра.

Старшыня федэрацыі нагадаў, што ўсе рашэнні прымаліся калегіяльна на нарадзе з удзелам трэнераў і кіраўнікоў усіх беларускіх клубаў. Калі будуць яшчэ нейкія канструктыўныя прапановы, то іх таксама можна абмеркаваць, да новага сезона яшчэ нямала часу.

Зарплаты і бонусы

Раней кожны клуб сам сабе фарміраваў бюджэт у залежнасці ад магчымасцяў сваіх спонсараў. «Хтосьці знаходзіў больш грошай і пераманьваў адзін у аднаго гульцоў. Вядома, можна сабраць грошы, найлепшых гульцоў і стаць чэмпіёнам, але дзе трэнерская праца, дзе моладзь, якую вы павінны гадаваць?» — запытаў Сямён Шапіра. Ён падкрэсліў, што да гэтага часу ішлі не столькі спартыўныя спаборніцтвы, колькі фінансавыя. Таму ў наступным сезоне вырашана ўдвая паменшыць зарплату хакеістам і трэнерам.

Кожны хакейны клуб цяпер будзе мець фінансавы ліміт, згодна з якім сярэдні заробак хакеіста ў месяц у дывізіёне А складзе 4 тыс. беларускіх рублёў, у дывізіёне В — у два разы менш. Аднак за кожны пераможны матч хакеістам будуць прадугледжаны бонусы.

Напярэдадні Капенгагена

Каля трох тыдняў засталося да старту чэмпіянату свету па хакеі ў Даніі, таму і гэтую тэму не абышлі на вялікай прэс-канферэнцыі. Трэнер нацыянальнай зборнай і настаўнік «Нёмана» Сяргей Пушкоў адзначыў добрую падрыхтоўку гульцоў і іх матывацыю паказаць сябе на планетарным першынстве. «У нашай зборнай нядрэнны падбор хакеістаў, баяздольны. Трэніровачныя гульні паказваюць, што ў іх ёсць патэнцыял. Хлопцы цудоўна разумеюць, што абараняюць гонар краіны, выкладваюцца на трэніроўках, у матчах. У дадатак беларускія гульцы атрымаюць шанц праявіць сябе на сусветным форуме, паказаць з лепшага боку», — зазначыў настаўнік.

Начальнік аддзела правядзення спаборніцтваў ФХБ Уладзіслаў Клачкоў дадаў, што вакол сёлетняга чэмпіянату ўзняўся досыць высокі ажыятаж, многія з гульцоў НХЛ ужо далі сваю згоду на ўдзел у турніры ў сваіх зборных. Чакаецца, што будучы чэмпіянат будзе адным з самых складаных і цікавых за апошнія пяць-сем гадоў.

Дарэчы, у федэрацыі ўжо сур'ёзна задумаліся і аб складзе на чэмпіянат свету 2021 года, які Мінск і Рыга правядуць сумесна. На думку спецыялістаў, у нацыянальную каманду могуць увайсці многія гульцы з цяперашняга падрастаючага пакалення — юніёрскай і маладзёжнай зборных.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Канструктыўныя рашэнні дзеля будучых перамог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».