Вы тут

Самыя знакамітыя жанчыны-ваяры


Жанчыны-ваяры, як мы ўжо высветлілі раней, былі ва ўсе часы існавання чалавецтва, нават цэлыя плямёны мелі ваяўнічы характар. Але асабліва запомніліся і трапілі ў гісторыю нямногія з іх. Часам прычым так, што рэдка ў якога вядомага палкаводца-мужчыны гэтак атрымаецца. Ад проста супраціўлення агрэсарам і захопнікам да камандавання войскам і вызвалення цэлай краіны. Знаёмцеся і мяркуйце самі.


Жанна д'Арк

Безумоўна, Арлеанская дзева з'яўляецца самай вядомай жанчынай-ваяўніцай. Яна з'явілася ў самы цяжкі момант у гісторыі сваёй радзімы Францыі. Падчас стагадовай вайны, у 1429 годзе, у 17 гадоў яна сказала дафіну Карлу VІІ, што паслана Госпадам для выратавання французскага народа ад англійскай агрэсіі і ўзвядзення самога Карла на пасад. Яна выканала сваё абяцанне, але праз здраду тых, за каго яна змагалася, памерла на вогнішчы. Праз некалькі дзясяткаў гадоў з Арлеанскай дзевы былі зняты ўсе абвінавачанні, а ў 20-я гады XX стагоддзя Жанна д'Арк была кананізавана і на сёння з'яўляецца святой апякункай Францыі.


Гвендален

Легендарная каралева Брытаніі, якая жыла каля 1100 года да н. э., была жонкай цара брытаў Лакрына і маці яго сына Мадана, што не перашкодзіла яе мужу сысці да іншай жанчыны, якую ён і зрабіў новай каралевай. Гвендален не пагадзілася з такім стаўленнем да сябе і дзіцяці, сабрала войска, сама ўзначаліла яго і рушыла вайной на Лакрына. Вырашальная бітва адбылася каля ракі Стур, там Лакрын і загінуў, а Гвендален перамагла ў вайне і на працягу 15 гадоў аднаасобна правіла Брытаніяй, пасля чаго перадала ўладу сыну.


Боўдзіка

У першым стагоддзі нашай эры Рымская імперыя акупавала Паўднёвую Англію. Пасля смерці мясцовага лідара Прасутага захопнікі перасталі лічыць мясцовае насельніцтва сваімі саюзнікамі і пачалі адбіраць у іх землі. Менавіта тады ўдава цара Боўдзіка ўчыніла паўстанне супраць захопнікаў. Армія пад яе камандаваннем знішчыла шэраг рымскіх паселішчаў, але паўстанне скончылася ў 61 годзе ў бітве каля Шропшыра, калі войскі Боўдзікі пацярпелі поўнае паражэнне.


Яхатэп

Яхатэп — жонка фараона Таа ІІ і маці-заснавальніца новай, 18-й, дынастыі фараонаў Егіпта, жыла і правіла каля 1500 гадоў да н. э. Пасля смерці мужа ўзначальвала войска і праславілася як выдатны воін і галоўнакамандуючы. Грабніца царыцы была знойдзена ў 1859 годзе, і ў ёй былі не толькі жаночыя рэчы і прадметы царскай улады, але і знакі ваенных заслуг — кінжал, сякера і мноства баявых узнагарод, уласцівыя для пахавання воінаў-мужчын. Галоўны артэфакт, які пацвярджае заслугі Яхатэп у ваенных дзеяннях, — ордэн Залатой мухі, якім узнагароджваліся воіны за гераічныя ўчынкі ў баях.


Фу Хаа

Пра жанчыну-палкаводца Фу Хаа было расказана ў папярэдняй частцы. Калі ў 1977 годзе каля кітайскага Аньяна была знойдзена яе грабніца, у магіле было больш за 100 відаў рознай зброі і навукоўцы змаглі пацвердзіць высокі ранг жанчыны-генерала. Акрамя гэтага, там выявілі велізарную колькасць вырабаў з бронзы, слановай косці, нефрыту, а таксама 16 жыўцом пахаваных рабоў.


Мацільда Тасканская

Нарадзілася знакамітая італьянская ваяўніца ў 1061 годзе. З дзяцінства займалася ваенным майстэрствам і добра валодала зброяй, у 15 гадоў прыняла ўдзел у сапраўдным баі. На працягу 30 гадоў верай і праўдай служыла царкве. Пасля смерці айчыма Мацільда асабіста ўзначаліла войска і не адзін раз прымала непасрэдны ўдзел у крывавых бітвах, з якіх заўсёды вярталася цэлай. З узростам кінула ваенную службу і пайшла ў манастыр, але калі ўзнікалі ўспышкі паўстанняў і хваляванняў, пагражала сабраць войска і жорстка пакараць няверных.


Кардэлія

Будучы малодшай дачкой караля Ліра Брытанскага, Кардэлія правіла краінай на працягу пяці гадоў пасля смерці караля да паўналецця пляменнікаў, якія пайшлі на яе вайной. Яна асабіста ўдзельнічала ў шматлікіх бітвах. Трапіла ў палон і падобна да Клеапатры скончыла жыццё самагубствам. Менавіта Кардэлія стала прататыпам гераіні вядомай трагедыі Шэкспіра «Кароль Лір».


Лакшмі Баі

Выдатны кіраўнік Сіпайскага паўстання ў Індыі, арыстакратка, дачка браміна і жонка махараджы. Нягледзячы на забарону, з дзяцінства вучылася валодаць зброяй і ездзіць верхам. Ваюючы супраць «чырвоных мундзіраў» генерала Роўза, пасылала хлеб, ваду і медыкаменты блакіраваным у крэпасці англійскім жанчынам і дзецям. Загінула ў 1858 г. ва ўзросце 23 гадоў.


Зінга Мбандзі Нгола Анна

У 1624 годзе каралевай афрыканскай дзяржавы Ндонга (сучасная Ангола) стала Зінга Мбандзі Нгола Анна. Яна практычна адразу заключыла ваенны саюз з Партугаліяй, жадаючы абараніць народ ад пастаянных набегаў суседніх краін і захопу ў рабства еўрапейцамі. Пасля здрады партугальскіх улад Анна Зінга збегла і сабрала войска са збеглых рабоў і насельніцтва каралеўства Матамба, падтрымліваючы партызанскі рух у сваёй краіне. Яна асабіста вадзіла сваё войска ў бой аж да 60-гадовага ўзросту, калі ў 1657 годзе ізноў заключыла мірны дагавор з Партугаліяй.


Рані Велу Начыяр

Гэтая жанчына адважылася адкрыта выступіць супраць брытанскіх каланізатараў у Індыі. З дзяцінства яе навучалі верхавой яздзе, стральбе з лука і ўменню карыстацца зброяй. Калі брытанская армія ў 1772 г. напала на яе каралеўства, а варожыя салдаты забілі яе мужа і дачку, Начыяр сабрала войска для барацьбы з акупантамі. Паводле гістарычных запісаў, менавіта яна ўпершыню ў гісторыі пачала практыкаваць тактыку «смяротнікаў». Адна з яе паслядоўніц абліла сябе алеем, пранікла ў брытанскія склады пораху і падпаліла сябе, стварыўшы вялікі выбух.

Загаловак у газеце: Ад Яхатэп да Жанны д'Арк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».