Як было, так і будзе?
Гэтую гісторыю любіў расказваць мой свёкар. У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя па камсамольскай пуцёўцы ён ездзіў падымаць цаліну. Ездзіў, вядома ж, не адзін — разам з землякамі, а той раз — нават з блізкім сябрам. У Кузьмы быў білет у суседні плацкартны вагон. Зайшоў ён туды, свае рэчы пакінуў, а сам — у тамбур, бо дужа пакурыць хацелася...
Адвёў душу, потым словам-другім перакінуўся з правадніцай. А калі вярнуўся, то ўбачыў, што чамадана яго на месцы няма — укралі. «Што ж рабіць?» — задумаўся хлопец і вырашыў пайсці... пашукаць.
— Э-э, людзі, — галёкаў у кожным вагоне, — дабром вас прашу: аддайце чамадан, а то будзе, як тады...
З гэткай вось нечаканай пагрозай Кузьма ўвесь цягнік абышоў, бо разумеў, што прыпынкаў яшчэ не было, ніхто не выходзіў, значыць, злодзей ці зладзеі недзе тут і словы ягоныя чуюць...
Так яно і выйшла — чулі.
А перад тым яшчэ і паглядзелі, што нічога каштоўнага ў чамадане няма (так, пара адзежак, шмат сала ды кіло агуркоў). Не шкада і аддаць.
Карацей, прынеслі яму чамадан.
Кузьма нават не раззлаваўся (падлеткі, які ў іх розум?), пальцам пагразіў ды перасцярог, каб дурнога больш не рабілі, бо грэх.
Хлопцы, як здавалася, з ім згадзіліся, але сыходзіць не спяшаліся: пераступалі з нагі на нагу — быццам хацелі нешта спытаць. І меншы такі асмеліўся:
— Дзядзька, а што раней з чамаданам было? — пацікавіўся ён. — Ну, тады...
— Тады? — перапытаў Кузьма цяжанька ўздыхнуўшы. — Тады, брат, укралі і не аддалі.
Таццяна Халопіца, в. Затур'я, Нясвіжскі раён
«Няўдалае» паляванне
Некалі мы з сябрамі Раманам ды Міхасём былі заўзятымі паляўнічымі. На каго толькі не хадзілі!.. Але ж найперш — на птушку: з нецярпеннем чакалі адкрыцця сезона. Ды што там — нават святкавалі гэту падзею, бо да нас тады ўся краіна з'язджалася: паляўнічыя з Мінска, Гомеля, Салігорска...
І мы, вядома ж, не адставалі: загадзя чысцілі зброю, рыхтавалі «боепрыпасы» і ўсё патрэбнае, каб не прамарудзіць тады, прыехаць першымі.
Дык вось: адкрываецца паляванне на качак — і якраз у суботу.
Мы надумалі, што паедзем у пятніцу, напярэдадні: прызначылі час і месца збору, выйшлі з кватэры. Стаім з Міхасём (яго жонка праводзіць), чакаем Рамана.
— І дзе яго ліха носіць? — пытаю ў сябра. А потым падміргваю і ціха (каб чуў толькі ён ды, мо, жонка яго) дадаю:
— Сёння ж нам трэба раней. Дзеўкі з Салігорска ўжо там, відаць. І чакаюць...
Прычакалі і мы: з'явіўся Раман. Міхась адвітаўся з жонкай — паехалі.
Далей усё па плане было: вогнішча, вечар, вячэра, шчырыя размовы, гадзіна-другая на сон. І вось ён — доўгачаканы ранішні золак!
...Паляванне, трэба сказаць, было досыць удалае: бліжэй да абеду з багатымі трафеямі мы вярталіся дамоў.
А там жа свае традыцыі: трэба адразу наварыць шулюму (наварыстай юшкі з качак), сабраць за сталом сямейнікаў ды суседзяў, расказаць пра ўражанні.
— Многа сёлета качак, — хваліўся тады Раман, старанна «махаючы» лыжкай. — Ды і паляўнічых таксама... Шкада толькі, што з дзеўкамі асечка выйшла: не было іх — ні з Гомеля, ні з Салігорска.
Ды і не чакалася: пажартаваў я. Але ж — як расказала потым мая жонка — Міхасёва — месца сабе не знаходзіла! Увесь вечар, бедная, перажывала — падбівала з'ездзіць да паляўнічых (тут жа недалёка, маўляў...), хоць вочкам адным ды глянуць, як яны — няўжо і сапраўды з дзеўкамі?
...Падобна, што ёй лягчэй было б матнуцца ды праверыць, чым з такімі думкамі ўсю ноч не спаць.
Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён
Хто пытае, той не блудзіць
...Гэта вёсачка, абязлюдзеўшы, зарасла б хмызняком, страціла б сваё аблічча, але ж ліпіць пакуль жменька жыхароў. У тым ліку — бабка Гануся. З ранняй вясны яна корпаецца ў сваім гародчыку, нешта вырошчвае, астатняе купляе ў аўталаўцы. Прыходзіць яна раз на тыдзень аж да самай хаты: прывозіць правіянт і для людзей, і для ката, і для курак. Апошніх, праўда, пасля налётаў каршуна ў вёсцы мала засталося...
Любіць драпежнік і Ганусіну сядзібу. Хоць яго візіты яшчэ палова бяды. Магла б «адбыцца» і цэлая, калі б...
Неяк праз гэтую вёску праязджалі работнікі міліцыі. І мусіць, плана ў іх не было: запыніліся, сталі самагонныя апараты шукаць. Ды дзе — на сядзібах бабуль!
— Кіньце, людцы мае! — прасіла Гануся. — Самагонку гнаць, то не хлеб кусаць — работа, вельмі нялёгкая... За яе і ў маладосці не ўсякі браўся, а ўжо цяпер, у старасці...
Яна гаворыць так, а прыезджыя, што называецца, вухам не вядуць: зазіраюць у гумны, у хлявы і раптам...
Гануся аж вачам не паверыла: адзін з тых хлопцаў нейкія трубкі з адрыны нясе (можа, бацька-нябожчык — гадоў 50 як памёр — іх на вышкі закінуў?), а другі дык цэбар коціць. У яго ўжо бабуля сама сечку для рагулі сыпала. Даўно збыла карміліцу, цэбар валяўся, бо нікому не патрэбны быў. А цяпер — глядзі ты — прыдаўся... Знайшлі «самагоншчыцу».
Галоўны з гэтых прыезджых сеў пратакол пісаць. Памочнікі яго паклікалі панятых — Ганусіных суседак.
Пры іх гаспадыня і пасмялела ўжо. Той галоўны кажа «сведкам», што знойдзены апарат, што ім Гануся осуществляла противоправную деятельность — то-бок гарэлку гнала. А яна ў адказ:
— Тады, браток, і на сябе пратакол складай — на тую «праціўную дзейнасць».
— Гэта ж на якую? — з'едліва ўсміхаецца той.
— Ды пішы, што згвалціў дзяўчыну...
— З чаго вы ўзялі?!
— А з таго, што апарат жа таксама маеш. І, відаць, рабочы, а не тое, што мой, — цэбар ледзь трымаецца, трубкі ржавыя...
Міліцыянер хацеў быў запярэчыць Ганусі, але ўбачыў твары сваіх калег ды прысутных бабуль і прамаўчаў: моўчкі згроб паперы, падняўся з-за стала, першым пайшоў да дзвярэй.
За ім, не хаваючы ўсмешак, патупалі іншыя. Але ж пачулі яшчэ, як за спінамі грымнуў рогат. Аднавяскоўкі наперабой хвалілі Ганусю за кемлівасць.
І сапраўды ж малайчына, адвяла бяду (яшчэ і ад іх), бо хто шукае, той, як правіла, знаходзіць. Нават тое, чаго няма.
Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён
Дзе няможна сілаю...
Першая польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі прыняла баявое хрышчэнне каля мястэчка Леніна, што ў Горацкім раёне. Падобна, страшэнны адбыўся бой: загінула толькі з нашага боку каля дзвюх тысяч воінаў. Пахаваны ўсе на брацкіх могілках. А паблізу ад іх працуе музей савецка-польскай баявой садружнасці. Адкрыццё яго планавалася на кастрычнік 1968-га — да 25-годдзя таго першага бою. На ўрачыстасці запрашалі гасцей з Польшчы, Масквы, Мінска, чакаўся прыезд і ўраджэнца раёна, двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Якубоўскага...
Да гэтага Горкі рыхтаваліся загадзя: прыводзілі ў парадак дарогі, па якіх маглі ехаць госці, узбочыны, прыпынкі — рабілі, карацей, усё магчымае... і немагчымае.
Справа ў тым, што пры ўездзе ў горад амаль да самага павароту на Леніна, стаялі тады прыватныя дамы: недзе лепшыя, недзе горшыя, а недзе і зусім...
Для таго каб «прыхаваць» іх, мясцовыя ўлады вырашылі паставіць новыя драўляныя платы. І ўсе дахі перакрыць на адзін капыл, а то недзе яны з гонты, недзе з шыферу, з бляхі — месцамі «прагнілай»...
А вось дэфіцыт тады быў, прычым на ўсё. Падлічылі, у што выльюцца новыя дахі (нават калі перакрываць іх будуць самі гаспадары), і, як той казаў, праслязіліся: не хапала будматэрыялаў — ну хоць ты мры! А час, між тым, прыспешваў.
Выйсце прапанаваў нехта са службоўцаў: «А давайце, — сказаў, — выдзелім шыфер толькі на адзін бок дахаў — той, што «глядзіць» на дарогу. Другія — няхай пачакаюць. Адбудзем свята, праводзім гасцей...»
Ідэю гэтую падтрымалі ўсе: і з начальства, і з домаўладальнікаў (ну яшчэ б, калі шыфер не проста выдзяляецца, а яшчэ і па льготных цэнах! Ты толькі ў справу пусці)...
Яна за людзьмі не стала.
І вось, як спяваецца ў песні, «апошні парад наступае»: па вуліцы едзе камісія. Бачыць, што платы гатовыя — роўненькія, новыя, свежапафарбаваныя. Дамы перакрытыя, але...
— Што гэта?! — раптам закрычаў старшыня, спыняючы «Волгу».
На адным з дахаў замест новага шыферу ляжала ранейшая, аж чорная ад часу гонта.
— Чаму не замянілі? — паляцела другое пытанне ў бок падначаленых.
— Што ад нас залежала, мы ўсё зрабілі, — сталі бараніцца тыя. — Шыфер выдалі...
Прыйшлося тэрмінова шукаць гаспадара, у яго спытаць, чаму не памяняў гонту.
— А не было на што: шыферу не хапіла, — адказаў той.
— Дык мы ж дамаўляліся, што перакрываем толькі адзін бок, — нагадалі яму правяральшчыкі.
— Я так і зрабіў: перакрыў. Ад гароду. Ён там зусім быў дзіравы...
— А трэба ж было спачатку ад вуліцы!
— Вы б так і сказалі, — састроіў мужчына дурня...
Што было рабіць? Прыйшлося мала таго, што адшукаць патрэбную колькасць шыферу, дык яшчэ і страхароў прыслаць.
У выніку дах на доме хітруна перакрылі цалкам — з абодвух бакоў. А вось іншыя гаспадары, наколькі ведаю, абівалі потым парогі — «выбівалі» шыфер... І — на вялікі жаль — не па льготнай цане.
Значыць, праўду кажуць: дзе няможна сілаю, там бяры здогадам?
Валерый Гаўрыш, г. Чавусы
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».