Вы тут

Галоўная праблема — старыя дрэвы


Перавод могілак на баланс ЖКГ азначае якасна новы ўзровень абслугоўвання і добраўпарадкавання.

На тэрыторыі Опальскага сельсавета ў Іванаўскім раёне ўсяго дзесяць могілак. З іх дзевяць працуюць і адны закрытыя. Не так даўно завяршыўся працэс перадачы могілак на баланс раённага ЖКГ. І адразу намеціліся змены да лепшага, заўважыла старшыня сельвыканкама Галіна ВАРАШЫЛАВА.


Раней жа могілкі не значыліся на балансе мясцовай улады, таму на іх утрыманне і добраўпарадкаванне грошы не выдзяляліся. Сельвыканкамы займаліся гэтай работай ледзь не на грамадскіх пачатках. Таму што грамадскія могілкі — надзвычай важныя аб'екты для вёскі і таму што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Большая частка работы па добраўпарадкаванні рабілася за сродкі, якія збіралі грамадзяне. Старасты абыходзілі вёскі, складалі спісы... Абсалютная большасць жыхароў здавала грошы на агульную справу. Іншым разам дапамагалі сельгаспрадпрыемствы, іншыя суб'екты гаспадарання, якія дзейнічалі на тэрыторыі.

Апошнім часам галоўнай праблемай месцаў пахавання становяцца старыя дрэвы. Іх трэба зносіць. У названым сельсавеце гэтай работай некалькі гадоў займалася камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Псышчаўскае». Вясковае КУП набыло свой гідрапад'ёмнік, работнікі прайшлі перападрыхтоўку, атрымалі сертыфікаты, пасля гэтага стала магчыма зносіць нават самыя вялікія, аварыйныя дрэвы.

Калі, напрыклад, пілавалі дрэвы на могілках у Лядавічах, то сутыкнуліся з праблемай паломкі інструментаў. А псавала іх... мінулая вайна. Тут прайшлі жорсткія баі. У драўніне захраслі асколкі, на якія калі трапіць піла зубам, дык і мусіш мяняць частку інструмента. Канстанцін Міхалевіч, начальнік участка «Псышчаўскага», мае цэлую калекцыю такіх асколкаў. Іх назбіралі рабочыя падчас распілоўвання. Значыць, дрэвы гэтыя старэйшыя за Перамогу. І іх, вядома, трэба было зразаць.

Такім чынам, КУП расчысціла могілкі ў вёсках Упірава, Псышчава, іншых населеных пунктах. Засталіся яшчэ ў Опалі, некалькі дрэў трэба спілаваць у Лядавічах. Акрамя таго, на кожных могілках трэба пастаянна падтрымліваць парадак, падкошваць траву, прыбіраць смецце.

— Раней, — згадвае старшыня сельскага Савета, — падкошваць удавалася некалькі разоў на год. І кожны раз гэта станавілася праблемай, бо не было грошай, каб аплаціць работу. Даводзілася выкручвацца па-рознаму, напрыклад прасіць сельгаспрадпрыемствы выконваць гэту работу на ўмовах спонсарства. А зараз ЖКГ вызначыў двух рабочых, якія будуць адказваць за парадак на могілках. Адзін — па псышчаўскай зоне, другі — па опальскай. У свой час Псышчаўскі сельсавет быў далучаны да Опальскага, тэрыторыі значныя, таму і спатрэбілася дзве штатныя адзінкі. А яшчэ вырашана праблема працаўладкавання людзей, бо зімой яны працавалі качагарамі, а з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка будуць даглядаць могілкі. Супрацоўнік камунальнай гаспадаркі, які адказвае за псышчаўскую зону, ужо прыступіў да сваіх абавязкаў. І да Вялікадня паспеў прыбраць тэрыторыю вакол могілак, куды з ветрам трапіла смецце альбо яго выкінулі нядобрасумленныя сваякі ў працэсе прыборкі магіл. Каля кожных могілак, заўважыла Галіна Варашылава, ёсць кантэйнеры альбо абсталяваная пляцоўка для часовага захоўвання адходаў.

Дырэктар Іванаўскага ЖКГ Сяргей ВАРОНІН кажа, што працэс перадачы могілак на баланс камунальнай гаспадаркі падыходзіць да завяршэння. Прынята ўжо 91 могілка, у працэсе работы па перадачы толькі адзін Бродніцкі сельсавет. І ён стане апошнім у раёне.

Начальнік сектара названага ЖКГ Сяргей Бародка ўдакладняе, што па кожным сельсавеце прымалася рашэнне райвыканкама, у якім указана, як сельвыканкамы будуць аказваць садзейнічанне ў працэсах добраўпарадкавання. Гэта значыць, вітаецца грамадская ініцыятыва. Будзе працягвацца практыка суботнікаў, старасты вёсак будуць усяляк дапамагаць арганізоўваць насельніцтва. Бо гэта агульная справа. Сяргей Віктаравіч адзначыў, што паўсюль зараз вызначаюцца стаўкі рабочых па доглядзе могілак. А самай складанай па-ранейшаму застаецца работа па зносе дрэў.

Першымі на свой баланс раённае ЖКГ прыняло могілкі Мотальскага і Адрыжынскага сельсаветаў некалькі гадоў таму. Старшыня Адрыжынскага сельскага Савета Уладзімір КЛІМУК расказаў, што перадалі могілкі камунальнай гаспадарцы яны ў належным выглядзе. Жыхары вёсак збіралі грошы. У многім дапамаглі землякі-спонсары. Менавіта сельвыканкам знайшоў каардынаты ўраджэнцаў гэтых тэрыторый, а цяпер бізнесменаў з Санкт-Пецярбурга Васіля Амялюсіка і Мікалая Галуца. Прадпрымальнікі адклікнуліся на пісьмы і ўклалі пэўныя сродкі ў добраўпарадкаванне могілак. Так, Мікалай Амялюсік прафінансаваў узвядзенне жалезабетоннай агароджы вакол могілак у вёсцы Падышча, дапамог фінансава і яго калега. Пры ўдзеле насельніцтва знеслі старыя дрэвы на могілках у Смольніках, Баландзічах, Адрыжыне.

— Цяпер з пераходам месцаў пахавання на баланс ЖКГ работа выйшла на новы ўзровень, — расказвае кіраўнік мясцовай улады. — Вось, скажам, на закрытых могілках вёскі Залядынне камунальнікі прыбралі 44 дрэвы. У сельвыканкама для гэтага не знайшлося б ні сіл, ні сродкаў. Цяпер знята вечная праблема падкосаў травы, вывазу адходаў з пляцовак. Усё гэта робіцца дакладна і па графіку. Тым больш што ў Адрыжыне ёсць участак ЖКГ і работнікі, што зімой абслугоўваюць кацельную, а летам пераключацца на работу па добраўпарадкаванні могілак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Іванаўскі раён

Фота Ірыны СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.