Цуд


ЦУД

Дарагія чытачы, я думала напісаць пра не­шта зусім адрознае, але пасля ўсяго, што са мной здарылася гэтымі днямі, проста мушу вас спы­таць: вы верыце ў цуды? Я заўсёды верыла, чака­ла, шукала і нават імкнулася ствараць. Праўда, я верыла толькі ў маленькія, штодзённыя цуды. У тыя здарэнні, якія крыху падымаюць нам настрой у цяжкі дзень: я верыла ў чырвона-залацістую восеньскую лістоту, у захад сонца, у спеў салаўя. Верыла ў чалавека, які заўважыць тваю цяжкую валізку і дапаможа аднесці да цягніка. У чала­века, які пойдзе з табой, калі ты спытаеш пра нейкі адрас у незнаёмым горадзе. У чалавека, які чароўным голасам праспявае тваю ўлюбёную песню каля станцыі метро. Заўсёды звяртала на іх увагу, старалася нейкім чынам сама быць цудам для знаёмых і незнаёмых. Калі нехта пазнаёміўся са мной у сапраўднасці, тады той ведае, што я чалавек вясёлы, энергічны, ветлівы. Ведае, што я ненавіджу несправядлівасць, стэрэатыпы і дыскрымінацыю, што заўсёды гатова дапамаг­чы (нават калі самой патрэбная дапамога). Я веру, што кожны з нас можа быць святлом маяка ў час навальніцы. Ніхто не ведае, што ў галаве на­ват блізкага чалавека, ніхто не можа цалкам зра­зумець чужыя змаганні і праблемы, чужы сум, чужую бяду. Таму я імкнулася рабіць так, каб са мной было лягчэй, чым без мяне.

У вялікія цуды я ніколі не верыла. Я зусім не рэлігійны чалавек. Ніколі не падавалася лагічным тое, што адзін бохан хлеба можа накарміць сот­ню чалавек (ведаю, што лічба недакладная, але я гуманітарый, выбачайце!). Мне не верылася, што нехта можа вярнуцца з той чорнай дзіры, якую мы называем смерцю і пра якую так мала ведаем. Я проста радавалася маленькім цудам, а вялікіх не чакала. Тым больш, што я сем гадоў жыла з хранічнай дэпрэсіяй. Мяне хапала толькі на штодзённыя цуды і ўсмешкі.

Дакладней кажучы, сем гадоў я жыла пад дэпрэсіяй. Пад яе цяжарам. Ведаеце, дэпрэсія — гэта вага, якая цябе стрымлівае. Яна — халодны, чорны, агромністы камень, які трэба насіць на плячах. Дэпрэсія, натуральна, гэта і нястрымныя нервы, і невымоўны страх, і поўнае бяссілле, і слёзы крыўды, і неверагодная лянота, і абсалют­ная абыякавасць, і бачанне рэчаіснасці не такой, якая яна ёсць. Затое я вам скажу перадусім, што дэпрэсія — гэта чорны камень, пад якім чалавек жыве (калі шанцуе), альбо існуе (у цяжкі дзень). Дарэчы, нават самы жыццярадасны чалавек ва­шага сацыяльнага асяроддзя можа хварэць на дэпрэсію. Часта бывае, што людзі, якія расказва­юць найлепшыя анекдоты і якім найбольш пры­емна бачыць, як сябры смяюцца, самі патрабуюць усмешак і шчасця, якіх пад каменем іх дэпрэсіі ім вечна не стае. Менавіта таму я адважылася напісаць гэтую калонку на такую важную тэму. Пакуль дэпрэсія будзе табу, пакуль яна будзе лічыцца «недахопам характару», «ненармаль­насцю», «дурнотай», «а проста выхадзі з хаты і весяліся, і ўсё» — мы не зможам яе перамагчы. Без падтрымкі сяброў і сваякоў мы адны. А ка­мень вельмі цяжкі.

Я хачу распавесці вам пра сябе. Сёння ме- навіта пра сябе праз прызму дэпрэсіі (калі ласка, паверце і помніце: дэпрэсія не вызначае, што ты за чалавек). Я заўжды была дзіўным чалавекам. Нарадзілася дзіўным дзіцём. Чулым, самотным, сумнаватым. Кнігі любіла больш за людзей (ця­пер прыкладна аднолькава, не раўнуйце, сябры). Заўжды несправядлівасць выклікала ў мяне моц­ныя негатыўныя пачуцці. А яе шмат, праўда? Але я не заўжды знаходзілася ў дэпрэсіі. Усё пача- лося, калі мне было 16 гадоў. Я не распавяду цэ­лую гісторыю: па-першае, гэта зойме новую ка­лонку; па-другое, гэта балючая тэма, пра якую раскажу толькі асабіста за півам. Калі коратка: адзін з маіх самых блізкіх сяброў кінуўся пад цягнік. І я заўжды думала (і сёння часам вагаюся), што магла б выратаваць яго, а не выратавала. Ёсць на тое свае прычыны. І ўсё: «цяжар душы», як у Міхася Стральцова (ён, дарэчы, таксама верыў у цуды, вы ведалі пра гэта?). Са мной здарылася яшчэ некалькі непрыемнасцей (у 2010 і 2011 гадах, і псіхіка на працягу гэтых сямі гадоў не вяр­талася да нормы. Кожны дзень на маіх плячах ляжаў гэты камень. 2 555 дзён (тут дапамог брат-матэматык).

На дно я спусцілася ў лістападзе мінулага года, калі толькі вярнулася з Мінска. Назбіраліся самыя розныя прычыны, праблемы, і проста здарылася абвастрэнне хваробы (памятайце, гэта рэальная хвароба, і даруйце паўтарэнні: гэта ключавы мо­мант). У пэўны дзень я вырашыла, што больш не магу. Скажу вам нешта цікавае: калі дзікі звер ве­дае, што яго чакае хуткая смерць, ён спакойны. Не баіцца, не імкнецца супраціўляцца. Успры­мае, засынае, памірае. Я таксама была спакойная некалькі гадзін. Чакала, калі наступіць ноч, каб мяне ніхто не заўважыў. А потым я, з-пад каме­ня, паспрабавала супраціўляцца. Пачала пісаць сябрам, некаторым тэлефанавала, з некаторымі «развітвалася». А потым увогуле патэлефанава­ла сяброўцы, каб яна прыехала мяне (дарослую цёцю) даглядаць. Яна змагалася з падобнымі праблемамі і ведала, што гэта такое. Прыехала з працы... І заснула ў мяне на ложку. Тады я пайшла на дах. Усё ж такі.

Часам рамантызуецца самагубства. Трохі, як алкагалізм і сухоты. Асабліва сярод літаратараў і іншых творчых людзей. А я не буду. Я стаяла на даху цэлыя дзве гадзіны. Было дужа страшна. Па­мятаю, рукі ў мяне былі халодныя. Непрыемна. Я хадзіла па гэтым даху, між сонечных батарэй (ці ёсць рамантыка ў сонечных батарэях?), шу­кала найвышэйшы пункт, рыхтавалася скочыць. Не, суіцыд — не жарты і не рамантыка. Затое мне б хацелася крыху рамантызаваць момант, калі я выратавалася. Я глядзела ўніз, з зямлі там зыходзіла дзівоснае зялёнае святло. Ноч, вуліца, ліхтар. Аптэкі не хапала. Я думала пра сваё жыц­цё, фатальныя памылкі, сям’ю, сяброў. Чула гала­сы сяброў у галаве, і яны моцна злаваліся. «Усё, я скочу», — падумала я.

А паглядзела назад і ўгару. Я казала, што мой тата цікавіцца астраноміяй? Ён нават тэлескоп набыў, «для дзяцей», калі я была маленькая. А назіраў пераважна ён. Тата мяне навучыў распаз­наваць зоркі, планеты, канстэляцыі. Неба было хмурнаватае, але я ведала, што ды як. І з-за хмар заззяла яна, Венера. Маленькі цуд. Банальна, а я хацела паглядзець другі раз на яе. Апошні раз. А калі павярнулася і паглядзела ў халодную без­дань, адчула позірк Венеры на спіне. Разуме- еце, я не змагла пры ёй. Дрыжалі крылы. А каб спусціцца, дрыжалі ногі. Але я вярнулася ў пакой, і сяброўка аблаяла мяне (і мела рацыю), і я пайшла на тэрапію.

Я хачу вам сказаць: звяртайцеся заўжды да блізкіх, калі адчуваеце, што нешта з вамі не так. І падтрымлівайце тых, хто да вас звяртаецца. Кожны мае свае праблемы, часам магчыма яму дапамагчы, а часам, на жаль, не. Затое сам факт вашага існавання можа выратаваць брата, сябра, каханага. Не бойцеся звяртацца да псіхолагаў і псіхіятраў альбо пайсці да іх з вашым блізкім чалавекам пад чорным каменем. Будзьце тымі маленькімі цудамі, якіх вы самі чакаеце, добра?

Дарэчы ж, гэты мой тэкст называецца «Цуд», а не «Камень». А для гэтага ёсць свая прычы­на: у адзін добры дзень, калі я прачнулася зран­ку, зразумела, што няма чорнага каменя. Ён знік раптоўна і нечакана. Хранічная хвароба знікла. Цяжару на плячах не стала. Проста «падымайся і ідзі». Гэта быў дзень, калі я паверыла ў вялікія цуды.

Анхела Эспіноса Руіз

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?