Вы тут

Не кожны крэдытаатрымальнік адэкватна ацэньвае свае магчымасці


Нацыянальны банк зацвердзіў новую інструкцыю аб выдачы крэдытаў. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Банкі будуць разлічваць для фізічных асоб каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Акрамя таго, распрацавана спецыяльная форма, якую фінансавая ўстанова павінна запоўніць і паказаць крэдытаатрымальніку да таго, як ён падпіша дагавор. Падрабязна пра гэта паведаміла падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Вольга Ілюкевіч.


Дагавор без дробнага шрыфту

Нацбанк пастановай праўлення ад 29 сакавіка зацвердзіў інструкцыю аб парадку выдзялення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння). Дакумент абагульняе на практыцы нормы, якія ўжо ўжываюцца, а таксама змяшчае шэраг новаўвядзенняў. У прыватнасці, уводзяцца новыя тэрміны: «грэйс-перыяд», «адтэрміноўка плацяжу па крэдытным дагаворы» і «растэрміноўка плацяжу па крэдытным дагаворы», «тэрмін поўнага вяртання (пагашэння) крэдыту», «мультывалютны крэдыт» і «мультывалютная крэдытная лінія».

«Адной з ключавых змен у сферы рознічнага крэдытавання, накіраванай на забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў банкаўскіх паслуг, з'яўляецца ўвядзенне ўніфікаванай для ўсіх банкаў формы інфармацыі аб умовах крэдытавання, якую банк абавязаны даць кліенту да заключэння крэдытнага дагавора. Важна адзначыць, што банк абавязаны праінфармаваць кліента аб бясплатным спосабе вяртання крэдыту, а таксама аб наяўнасці паслуг, што аказваюцца банкам або трэцімі асобамі за асобную плату і якія з'яўляюцца абавязковымі для заключэння крэдытнага дагавора», — падкрэсліла Вольга Ілюкевіч. Гаворка, напрыклад, можа ісці аб страхавых паслугах.

Адказваючы на пытанне, ці можа кліент сам выбраць страхавую кампанію пры заключэнні крэдытнага дагавора, спецыяліст растлумачыла, што ў інструкцыі гэта не прапісана. «Гэтыя нормы, накіраваныя на выкарыстанне паслуг трэціх асоб, у першую чаргу страхавых арганізацый і ацэншчыкаў, будуць урэгуляваныя. Яны ўжо сфармуляваны, узгоднены з усімі і будуць прапісаны ў зменах у Банкаўскі кодэкс. Там таксама ўводзіцца шэраг палажэнняў, накіраваных на абарону правоў спажыўцоў», — адзначыла яна.

Прадстаўнік рэгулятара расказала, што форма інфармацыі аб умовах крэдытавання павінна ўключаць звесткі пра суму крэдыту, памеры працэнтаў, тэрміны і парадак атрымання і вяртання крэдыту, магчымасці і ўмовы датэрміновага вяртання крэдыту. Інфармацыя павінна быць аформлена ў выглядзе табліцы шрыфтам вызначанага выгляду (Tіmеs Nеw Rоmаn) памерам не менш за 12 пунктаў і не павінна перавышаць аднаго ліста. Аналагічныя патрабаванні па ўжыванні шрыфту ўстаноўлены інструкцыяй і для афармлення крэдытнага дагавора. Пры згодзе патэнцыйнага крэдытаатрымальніка з усімі ўмовамі і падпісанні інфармацыі аб умовах крэдытавання названыя ўмовы павінны быць адлюстраваны ў крэдытным дагаворы.

Рэгулятар яшчэ раз удакладніў, што крэдыты фізічным асобам могуць быць выдадзены толькі ў беларускіх рублях.

Плацяжы не больш за 40 працэнтаў ад прыбытку

Адно з галоўных новаўвядзенняў датычыцца ацэнкі крэдытаздольнасці грамадзян. Для тых, хто прыйшоў у банк па спажывецкі крэдыт, будзе разлічвацца паказчык пазыковай нагрузкі. Плацяжы па крэдытах не павінны перавышаць 40 % ад сярэднямесячнага даходу. Да плацяжоў па аперацыях крэдытнага характару адносяцца плацяжы па крэдытных дагаворах, дагаворах пазыкі з мікрафінансавых арганізацый, дагаворах факторынгу і лізінгу.

«Пры вызначэнні даходаў заяўнікаў можа прымяняцца заяўны прынцып перадачы фізічнай асобай дадзенай інфармацыі», — сказана ў інструкцыі. Калі ж гаворка ідзе аб выдзяленні крэдыту на нерухомасць, то тут банкі будуць разлічваць яшчэ і паказчык забяспечанасці крэдыту.

Акрамя таго, цяпер банкі самі будуць вырашаць, як разлічваць даходы фізічных асоб пры выдачы спажывецкіх крэдытаў. «Цяпер пры выдзяленні крэдытаў банкі таксама павінны ацэньваць крэдытаздольнасць крэдытаатрымальніка. Гэта патрабаванне было ў ранейшай інструкцыі, і яно захоўваецца. Што датычыцца разліку гэтага паказчыка, то мы якраз і замацавалі норму, што банк сам вызначае методыку і якім чынам ён будзе пацвярджаць дакладнасць той інфармацыі, якую падае фізічная асоба», — растлумачыла Вольга Ілюкевіч. Нацыянальны банк пасля будзе ацэньваць, наколькі тая ці іншая методыка адэкватная.

Як пацвердзіць даход?

Прымаючы рашэнне аб выдачы крэдыту, банк можа ўлічваць усе даходы, якія кліент зможа пацвердзіць. «Калі вы зможаце пацвердзіць нейкія прыбыткі, у тым ліку працэнты ад дэпазіту, дзяржаўных каштоўных папер, даходы ад прысядзібнай гаспадаркі або здачы кватэры, то банк можа прыняць іх у разлік. Але яшчэ раз паўтаруся: якія даходы банк будзе ўлічваць — гэта справа самога банка», — заявіла спецыяліст. Нацбанк тут на фінансавыя ўстановы націснуць не можа.

Прадстаўнік Нацбанка асабліва падкрэсліла, што гаворка не пра тое, што вяртаецца норма аб прадстаўленні даведак аб даходах пры ацэнцы крэдытаздольнасці грамадзян. «Мы вывучылі гэты вопыт (прадстаўленне даведак) на практыцы і зразумелі, што гэта недастаткова эфектыўны і недастаткова гнуткі спосаб пацвярджэння даходаў. З улікам таго, якія цяпер тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў банкаўскім бізнесе, ён не сучасны. Цяпер трэба ісці ў лічбавую будучыню, браць інфармацыю з тых баз даных, дзе яна дакладная і можа быць пацверджана трэцяй асобай», — адзначыла яна.

Пры гэтым Вольга Ілюкевіч удакладніла, што па тых крэдытных прадуктах, дзе банку неабходна больш увагі ўдзяліць ацэнцы крэдытнай рызыкі, даведкі захоўваюцца. «Асабліва калі гэта крэдыты на набыццё нерухомасці, дарагіх тавараў за кошт спажывецкіх крэдытаў на вялікія сумы — там банкі самі патрабуюць прадстаўленне даведкі аб даходах», — сказала яна.

Эксперт Нацбанка пракаментавала і пытанне з выдзяленнем крэдытаў на фінансаванне нерухомасці, пры прыняцці рашэння аб выдачы якога банкі павінны выкарыстоўваць паказчык забяспечанасці крэдыту. Нормамі інструкцыі банкі абмежаваныя ў выдзяленні сваім кліентам крэдытаў на нерухомасць у выпадку, калі сума крэдыту перавышае 90 % кошту жылля або іншага забеспячэння.

Пры гэтым інструкцыяй дапускаецца выдзяленне банкамі крэдытаў фізічным асобам у выпадку перавышэння парогавых значэнняў названых паказчыкаў пры ўмове, што аб'ём такіх крэдытаў не будзе перавышаць 10 % ад усіх крэдытаў адпаведнай групы (спажывецкіх крэдытаў і крэдытаў на нерухомасць).

Інструкцыя не змяшчае нормаў, якія абмяжоўваюць выдачу крэдытаў заяўніку (крэдытаатрымальніку), які мае пратэрмінаваную запазычанасць па раней выдадзеных яму крэдытах.

Удар на апярэджанне?

У свой час Нацыянальны банк казаў, што будзе ўводзіць меры рэгулявання пры вялікім усплёску павелічэння аб'ёмаў спажывецкіх крэдытаў. Час прыйшоў?

На гэта прадстаўнік Нацбанка адзначыла, што бум пачаўся, а гэта сігнал да таго, што, хутчэй за ўсё, не кожны крэдытаатрымальнік здольны адэкватна ацаніць свае здольнасці ў пагашэнні крэдыту. І гэтая мера накіравана на тое, каб банкі са свайго боку больш адэкватна ацэньвалі свае рызыкі, а з другога боку, каб неяк папярэдзіць жаданне насельніцтва бяздумна браць крэдыты, каб гэта жаданне супаставіць з нашымі магчымасцямі. «Канкрэтна на лічбах разліку ў рэгулятара не было, але мы спадзяёмся, што па спажывецкім крэдытаванні будуць абмежаваныя апетыты тых людзей, якія сапраўды такія траты сабе дазволіць не могуць», — адзначыла Вольга Ілюкевіч.

Норма, якая датычыцца разліку паказчыкаў забяспечанасці крэдыту і пазыковай нагрузкі, уступіць у сілу з 1 мая 2018 года. Вольга Ілюкевіч адзначыла, што пры прыняцці гэтай нормы ўлічваўся сусветны вопыт. «Такія паказчыкі ўведзеныя ў многіх краінах, гэта не ноу-хау Беларусі, гэта агульнасусветная тэндэнцыя», — удакладніла яна.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Інструкцыя ўласнай бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».