Вы тут

Цярністы шлях да святасці


Вёсачка Сеўрукі даўно стала тэрыторыяй Гомеля. Зараз там знаходзяцца прэстыжныя катэджы заможных гараджан. А яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ў старым драўляным доме жыла простая жанчына, інвалід з дзяцінства, якую сёння праваслаўныя вернікі называюць святой. Святая Манефа Гомельская, Марыя Скопічава, нарадзілася сто гадоў таму — першага красавіка 1918 года. У 2007 годзе, праз 23 гады пасля смерці, была кананізаваная Беларускай праваслаўнай царквой.


У гомельскім кафедральным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла сёння знаходзяцца мошчы прападобнай. Такое найменне праваслаўныя хрысціяне ўжываюць да тых манахаў, якія асабліва дагадзілі Богу. Архімандрыт гомельскага Свята-Мікольскага манастыра Сава (Мажука) расказвае, што, на жаль, многа артэфактаў, якія маглі б расказаць больш пра жыццё матушкі Манефы, знікла:

— У справе збору матэрыялаў больш за ўсіх папрацавала наша прыхаджанка, прафесійны гісторык Валянціна Цімафеенка-Фернандэс, якая цяпер жыве ў ЗША. У яе было паслушанне — апытваць сведак. Шмат гадоў спатрэбілася на гэту справу. Дарэчы, калі людзі расказвалі пра матушку Манефу, у іх мяняўся твар. У іх памяці адлюстроўвалася тое святло, якое яны бачылі ў яе абліччы. А гэта быў чалавек неверагодных любові і гумару. У свядомасці звычайнага праваслаўнага верніка святасць мае пэўны пафас урачыстасці, статычнасць і строгасць. Дык вось, матушка Манефа вельмі любіла людзей і сама была вельмі жывой. Такі вобраз рушыць нашы стэрэатыпы пра святасць. Яна з гумарам ставілася да сваёй папулярнасці. Калі ў адной з гомельскіх газет была надрукавана карыкатура на яе ў манаскім адзенні, ёй гэта вельмі спадабалася. Нягледзячы на тое, што аўтар артыкула з яе здзекваўся, яна казала: «Вось, гляньце: зрабілі мяне сапраўднай ігуменняй». Яна не шукала прызнання сярод людзей. Гэта быў чалавек вялікай прастаты і душэўнай адкрытасці. Маю маці Манефа вучыла чытаць па-царкоўнаславянску. Пры тым што сама школу не заканчвала. Мама запомніла, што матушка Манефа яе частавала мятнымі цукеркамі-падушачкамі.

Будучая схіманахіня нарадзілася ў сялянскай сям'і Уладзіміра і Глікерыі Скопічавых. Даволі хутка стала зразумела, што ў дзіцяці цэрэбральны параліч і яна ніколі не зможа хадзіць. Маша перасоўвалася на руках, дапамагаючы бацькам гатаваць ежу, прыбіраць і нават праць бялізну. Пры гэтым яна заўсёды была занятая і імкнулася не заўважаць сваёй невылечнай хваробы. Каб не быць цяжарам, навучылася добра шыць.

— Многія людзі моляцца хрысціянскім святым у надзеі атрымаць палягчэнне ў смутку і хваробах, многія пры гэтым сведчаць, што іх малітвы пачуты. Аднак самі святыя часам вельмі цяжка, бясконца хварэлі, як, напрыклад, і прападобная Манефа Гомельская, — разважае выкладчык біблейска-багаслоўскіх курсаў Гомельскай епархіі БПЦ Аляксандр Ялопаў. — Іншым людзям хапае ў дзясяткі разоў меншых праблем, каб паставіць на сабе крыж і імкліва спіцца. Але Марыя расла ў асяроддзі вернікаў, хрысціян не толькі па назве. Яе з дзяцінства прывучылі думаць пра тое, што свет Божы хоць і цяжкі, але выдатны, і яна ў ім не лішні чалавек. Сваю хваробу яна ўспрымала не як праклён, а як выпрабаванне, пасланае ёй Богам, як дарунак з загадкавым, але добрым сэнсам.

Перад вайной яе пастрыглі ў манахі. Потым, калі Чонка-Макар'еўскі манастыр пад Гомелем быў спустошаны, яна на пэўны час знайшла прытулак у вёсцы Вішнёўка Цярэніцкага сельсавета. Там існавала традыцыя «перанясення свечкі». Ушанаваны абраз з малітвамі пераносілі з хаты ў хату, дзе ён павінны быў знаходзіцца ўвесь наступны год. Менавіта матушка Манефа трымала ўпрыгожаную велізарную свечку, а саму жанчыну неслі на руках з хаты ў хату. У той час жанчыны часта пыталі яе пра лёс сваіх мужоў, якія ваявалі на фронце. Яна дакладна ведала: хто загінуў, а хто вернецца жывым. І казала: маліся за яго.

У часы хрушчоўскай «адлігі» рэлігійная дзейнасць была пад строгім кантролем улад. Захаваўся цікавы дакумент, які датуецца 1958 годам.

«Са справаздачнага даклада ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў СССР па Гомельскай вобласці Лабанава. На працягу трох апошніх гадоў святар Крыўскай царквы Рагачоўскага раёна Патоцкі Арцём прыязджаў у вёску Сеўрукі Гомельскага раёна, што за сто кіламетраў ад вёскі Крыўск, да нейкай манашкі Манефы, у хаце якой у кожны прыезд ён служыў па два дні царкоўныя службы. На гэтыя службы збіралася нямала веруючых грамадзян не толькі з гэтай вёскі, але і з суседніх вёсак. Некаторыя з гэтых багамольцаў запрашалі Патоцкага да сябе ў хату служыць рознага роду набажэнствы. Такім чынам хата Манефы была ператворана фактычна ў нелегальны малітоўны дом. Я папярэдзіў Патоцкага пра тое, што калі ён не спыніць такія царкоўныя службы, то будзе зняты з рэгістрацыі. Тады ён расказаў мне пра рэлігійную дзейнасць гэтай Манефы наступнае: гэта Манефа (манаскае імя), быўшы даўно хворая ў выніку паралізацыі ног, уславіла сябе праз іншых фанатыкаў, што яна быццам бы з'яўляецца «святой» прадказальніцай, чытае біблію і іншыя царкоўныя кнігі і нібы чуе голас божы. У выніку да яе даўно нямала ходзіць розных хворых і веруючых грамадзян, як паломнікі, якія носяць ёй сельгаспрадукты як прынашэнні і плацяць грошы за «вылячэнне».

Партыйныя службоўцы абавязаны былі рапартаваць пра пастаяннае зніжэнне цікавасці чалавека працы да веры. А такія прыклады, як матушка Манефа, відавочна псавалі ўсю справаздачнасць. Характэрна, што многія з тых, хто ў дакладах і артыкулах царкву не звалі інакш, як «рассаднік цемрашальства», употай хрысцілі сваіх дзяцей. Тым больш радавыя грамадзяне.

Многія заставаліся пры матушцы Манефе надоўга, некаторыя назаўсёды, адзначае архімандрыт Сава (Мажука):

— Насамрэч гэта была абшчына людзей, пабудаваная па прынцыпе «працуй і маліся». Вакол матушкі Манефы збіраліся людзі, якія цягнуліся да яе дабрыні. Усе, хто меў з ёй стасункі, заўважалі пастаянную яе дзейнасць. Яна сама не хадзіла, але вакол яе заўсёды былі людзі, якіх яна арганізоўвала на добрыя справы. Гэта быў кругазварот жыцця. Ёсць стэрэатып, што манашкі сумныя і закрытыя, але гэта не так. Пры тым што ў гэты гурток уваходзілі людзі глыбокай малітоўнасці, вельмі ўважлівыя да свайго духоўнага жыцця. Расказвалі і пра тое, што матушка Манефа адразу ж ведала пра грахі чалавека. Пры гэтым яна паблажліва ставілася да людзей, якія памыляліся ці нават хлусілі ёй. Ці крыўдзілі, што таксама здаралася.

Урэшце па параду і з просьбай асабліва памаліцца да вясковай манашкі сталі звяртацца і святары, прычым не толькі з Гомеля, але нават з Кіева і Мінска. У многіх людзях яна літаральна запаліла полымя веры. Чалавек піў з матушкай чай, глядзеў, як яна чытае Святое Пісанне ці шые, і раптам узрушана разумеў, што, вядома ж, Бог ёсць, адзначае Аляксандр Ялопаў:

— Вядома, калі глядзіш зараз на фатаграфіі поўнай жанчыны з простым сялянскім тварам, цяжка разгледзець у ёй святую. Спытаеце: ці сапраўды Беларуская праваслаўная царква не памылілася, калі кананізавала Манефу (Скопічаву) у 2007 годзе? Між тым, калі вас самога, крый божа, напаткае цяжкая хвароба, паспрабуйце не ныць, а стаць крыніцай кахання, радасці, сіл і аптымізму для сваіх блізкіх, паспрабуйце спагадаць ім больш, чым шкадаваць сябе. Калі гэта атрымаецца — месца ў Царстве Нябесным, побач з матушкай Манефай, будзе вас чакаць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.