Вы тут

Спеў (плач) пра тое, як не забыць голас дзiцяцi, якога няма


Харошая сям'я — пра гэта сведчыць i прозвiшча Гудмен. Падобна, муж з жонкай не страцiлi каханне. Але штосьцi вiдавочна не так. Ад гэтага пакутуе найперш дачка: яе жыццё нiбыта зусiм не цiкавiць матулю. Што (хто) цiкавiць? Сямейнае свята тая ладзiць на дзень нараджэння сына... Якога няма.


Прэм'ера мюзiкла «Недалёка ад нормы» адбылася ў Мiнску ў дзень жалобы па загiнулых у Кемераве. Дзiўна? Не адмянiлi. Пры тым што жанр мюзiкла традыцыйна лiчыцца забаўляльным. Але гэта якраз той варыянт, якi разбурае стэрэатыпнае меркаванне пра брадвейскi мюзiкл i яго задачы. Мала таго, спектакль, прадстаўлены нашым тэатрам «Тэрыторыя мюзiкла», толькi падкрэслiў вострыя перажываннi людзей у зале. Шмат у каго асабiстыя эмоцыi рэзанiравалi з тым, што адбывалася на сцэне. Жыццёвасць драмы сям'i Гудмен i падкрэсленая незабаўляльнасць пастаноўкi сталi яе плюсам.

Зрэшты, не мы першыя гэта ацанiлi — спектакль меў вялiкi поспех у ЗША, запатрабаваны ў свеце. Аўтар п'есы Браян Ёркi i кампазiтар Том Кiт стварылi нешта такое, што карэнным чынам адрознiвалася ад традыцыйных мюзiклаў, якiя ўяўляюць з сябе забаўляльныя шоу з хэпi-эндамi. Пры тым што самi героi да хэпi-энду вельмi iмкнуцца, моцна стараюцца i працуюць над тым, каб жыццё было «хэпi». Але аўтары таксама старалiся, каб гiсторыя была максiмальна наблiжана да рэальнага жыцця, а ў iм фiнал заўсёды непрадказальны (калi не сказаць больш: фактычна нiкiм не плануецца загадзя). Таму за гэтым творам безлiч узнагарод i высокiх адзнак. Мюзiкл «Недалёка ад нормы» атрымаў Пулiтцэраўскую прэмiю ў намiнацыi «Драма», у тым лiку «За пашырэнне магчымасцяў i тэматыкi самога жанру». Больш за 700 паказаў на Брадвеi: жыццёвая, аднак, тэма — псiхiчнае здароўе чалавека, што трапiў у складаную сiтуацыю. I калi гэта ёсць, iснуе, здараецца, то чаму ж немагчыма пра гэта спяваць? А фактычна — крычаць. Што i робяць аўтары: музыка ў стылi рок для гэтай тэмы сапраўды падыходзiць найбольш.

Хоць напачатку ўсё здаецца вельмi звычайным i ў нечым пазнавальным — сямейны побыт, простыя стасункi, часам дзяжурныя рэплiкi. Руцiна. Да таго моманту, пакуль не разумееш: малады чалавек, з якiм увесь час кантактуе Дзiяна, — не жыве. Яго няма ў свеце, памёр маленькiм. Але ён у яе ў галаве, i з гэтым трэба нешта рабiць, бо пакутуюць дачка (жывая! У яе, мiж iншым, першае каханне) i муж. Доктар (суперзорка) раiць тэрапiю, пасля якой чалавек страчвае памяць пра ўсё. Але потым пацыенту можна дапамагаць пакрысе ўспамiнаць тое, што трэба. Дзiяна насамрэч вяртаецца дадому з абсалютна чыстай памяццю. Але як яна магла забыць свайго сына? Цi магчыма яго забыць? А галоўнае — цi варта наогул забываць тых, хто жыў, быў часткай нас самiх? I цi магчыма навучыцца жыць без iх, не губляючы пры гэтым памяцi? I не грэбуючы любоўю тых, хто побач?

Менавiта дзякуючы iм трымаецца Дзiяна. Але цi не больш складана яе мужу: перажыў тую ж трагедыю, але цярплiва жыве побач з чалавекам, якi страцiў сябе i можа напалохаць ненармальнасцю. Пра тое, што такое норма i цi магчыма жыць, крыху адыходзячы ад яе, спяваюць героi.

Прычынай поспеху мюзiкла «Недалёка ад нормы» стаў нетрывiяльны выбар тэмы, упэўнена рэжысёр-пастаноўшчык спектакля ў Беларусi Настасся Грыненка. Тут трэба адзначыць, што ў перакладзе на рускую мову мюзiкл «Недалёка ад нормы» прадстаўлены менавiта ў Беларусi, што наш прыватны тэатр «Тэрыторыя мюзiкла» можа смела запiсаць сабе ў актыў: паводле ўмоў кантракта з праваўладальнiкам, спектакль будзе iсцi ў нас на працягу года. (Тэатр «Тэрыторыя мюзiкла» набыў правы на пастаноўку з аўтарскай рэжысёрскай iнтэрпрэтацыяй i арыгiнальным аўтарызаваным перакладам п'есы, якi зрабiлi Аляксей i Настасся Грыненкi.) Ажыццявiць пастаноўку ўдалося пры падтрымцы пасольства ЗША ў Рэспублiцы Беларусь.

Зразумела, праект прыцягальны: усё-такi брадвейскi мюзiкл. Напраўду, досвед такой пастаноўкi раней атрымаў Беларускi музычны тэатр, i некаторыя ўдзельнiкi «Недалёка ад нормы» мелi да яе дачыненне. Але ў цяперашняй пастаноўцы нават самы багаты досвед спеваў на сцэне — не гарантыя поспеху для артыста. Таму што тут зусiм iншыя спевы. Не класiчны вакал, а душэўны надрыў i кураж, чым валодаюць рок-выканаўцы. Разумеючы гэта, стваральнiкi беларускай версii спектакля спецыяльна працавалi над вакалам з запрошаным амерыканскiм рэпетытарам. I можа быць, сапраўды гэтыя ўрокi дадуць плён па меры таго, як будзе жыць далей спектакль. Прыйдзецца ўдасканальвацца: спектакль iдзе ў жывым суправаджэннi рок-групы (кiраўнiк Цiхан Золатаў), якая знаходзiцца на сцэне ўвесь час. I прыйдзецца глыбока адчуць увесь гэты рок — музычны i жыццёвы, што вiсiць над героямi, партыi якiх спяваюць Святлана Мацыеўская i Дзмiтрый Якубовiч.

Выканаўцам складана ўсiм яшчэ i таму, што нiчога не адцягвае ўвагу ад iх перажыванняў i, адпаведна, спеваў. Няма пампезных дэкарацый, што асацыююцца з мюзiкламi, наадварот, вельмi простая ўнiверсальная канструкцыя дазваляе пазначыць сцэнiчную прастору з рознымi зонамi, дзе адбываецца дзеянне (аўтар — мастак Андрэй Меранкоў). Для айчыннага тэатра такi падыход да дэкарацый — зусiм не норма, хоць ужо i дзесьцi недалёка. Усё сцэнiчнае афармленне тут — нейкi металiчны каркас, якi можна выкарыстоўваць згодна з нагодай. Як i чалавечае цела — фактычна каркас для таго, каб укласцi ў яго тую нябачную сутнасць, што потым будзе жыць па норме. Калi атрымаецца, вядома...

Ларыса ЦIМОШЫК

Загаловак у газеце: Не класiчны мюзiкл

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».