Вы тут

Ліхтэнштэйн мяркуе зарабляць на «крыпце»


Ліхтэнштэйн будзе ствараць прывабнае прававое поле для блокчэйн-стартапаў. Ва ўрадзе княства распрацоўваюць новы праект закона, які будзе рэгуляваць адпаведныя бізнес-мадэлі. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр краіны Адрыян Хаслер падчас свайго выступлення на фінансавым форуме ў Вадуцы (сталіцы Ліхтэнштэйна). Закон будзе прадстаўлены летам і павінен апісаць бізнес-мадэлі, якія базуюцца на блокчэйн-тэхналогіях, а таксама даць дзяржаўныя гарантыі для прадпрымальнікаў і спажыўцоў. Эксперты, якія працуюць над праектам, па словах Адрыяна Хаслера, павінны будуць улічыць магчымасці не толькі біткойна і асноўных крыптавалют, але і многіх іншых лічбавых плацежных інструментаў. Важнае месца ў дакуменце атрымаюць таксама ўсе галоўныя галіны, якія працуюць з блокчэйнам, сярод якіх — фінансы, нерухомасць, транспарт, аўтарскія правы, бяспека. «Ліхтэнштэйн павінен стаць адным з піянераў комплекснага падыходу да рэгулявання лічбавай тэхналогіі», — адзначыў кіраўнік урада. Навошта заможнае горнае княства пераключылася на «крыпту»?


Паміж Аўстрыяй і Швейцарыяй

Тэрыторыя Ліхтэнштэйна з 15 года да н. э. уваходзіла ў рымскую правінцыю Рэцыя. Паводле падання, у 300 годзе святы Лука хрысціў жыхароў гэтага раёна. Франкі ўварваліся ў краіну ў 536-м. Пазней, пры Карле Вялікім, з пасады губернатара быў адстаўлены біскуп, і на гэтае месца пачалі прызначаць свецкіх кіраўнікоў. Раён знаходзіўся пад уладай Каралінгаў да 911 года, калі Усходне-Франкскае каралеўства распалася на вялікія і малыя герцагствы. У межах герцагства Швабы на тэрыторыі цяперашняга Ліхтэнштэйна знаходзіліся феадальныя ўладанні Шэленберг і Вадуц, якія пасля ўвайшлі у склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1507 годзе імператар Максіміліян даў Вадуцу асаблівыя правы і прывілеі, уключаючы суверэнітэт і збор падаткаў.

Род Ліхтэнштэйнаў вельмі хацеў атрымаць месца ў рэйхстагу Свяшчэннай Рымскай імперыі. Для гэтага ён павінен быў валодаць землямі, сюзерэнам якіх быў бы непасрэдна імператар. Дзеля гэтага Ханс-Адам І набыў у збяднелых уладальнікаў Хоэнемса два маленечкія феоды на мяжы са Швейцарыяй — Шэленберг (у 1699-м) і Вадуц (у 1712-м).

У гэтай тэрыторыі быў неабходны прававы статус. У 1719 годзе імператар прызнаў кіраўніка сямейства, Антона Фларыяна, князем суверэннай годнасці. Такім чынам паміж Аўстрыяй і Швейцарыяй на правым беразе ракі Рэйн з'явілася невялічкае княства Ліхтэнштэйн. З 1815 да 1866 года яно ўваходзіла ў склад Германскага саюза, прычым ў 1860-м прадстаўнікі сямейства Ліхтэнштэйн сталі спадчыннымі членамі верхняй палаты аўстрыйскага парламента, а ў 1866 годзе ў выніку распаду Германскага саюза, пры Ёгане ІІ, княства набыло поўную незалежнасць. У аўстра-прускай вайне 1866 года Ліхтэнштэйн выступаў у якасці саюзніка Аўстрыі, потым меў цесныя сувязі з Аўстра-Венгрыяй.

Пасля Першай сусветнай вайны княства скасавала дамову з Аўстрыяй і пераарыентавалася на Швейцарыю: у 1921 годзе было падпісана пагадненне аб гандлі і паштовай службе, у 1924-м — заключаны мытны саюз. З тых часоў валютай горнага княства з'яўляецца швейцарскі франк. З 1919 года Швейцарыя прадстаўляе дыпламатычныя і консульскія інтарэсы Ліхтэнштэйна за мяжой. Падчас Другой сусветнай вайны княства прытрымлівалася нейтралітэту. У 1990 годзе Ліхтэнштэйн уступіў у ААН, у 1991-м — у Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю, напрыканцы 2011-га — у Шэнгенскую зону.

Без платоў

Княства плошчай усяго 157 квадратных кіламетраў лічыцца адной з самых маленькіх еўрапейскіх дзяржаў. Колькасць жыхароў складае каля 40 тысяч чалавек (напрыклад, столькі цяпер насельніцтва ў Калінкавічах). Дзве трэці насельніцтва княства — карэнныя ліхтэнштэйнцы, а астатнія — імігранты з Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і нават Турцыі. Ліхтэнштэйн настолькі маленькі, што тут няма аэрапорта, сюды можна дабрацца толькі на цягніку. Нягледзячы на свае памеры, княства багатае на раскошныя віды хрыбтоў і гор, альпійскіх лугоў і палёў. Заціснутая, быццам у цісках, паміж Аўстрыяй і Швейцарыяй, маленечкая дзяржава змагла захаваць уласнае «я», спрытна балансуючы на мяжы паміж утульнай вёсачкай і багатым княствам.

Гэта краіна з нізкімі падаткамі, дзе ўрад вельмі лаяльна ставіцца да замежных кампаній. Каб зарэгістравацца ў дзяржаве і не плаціць падаткі, кожная кампанія павінна ўзяць у долю каго-небудзь з мясцовых жыхароў. Паводле статыстыкі, сёння кожны ліхтэнштэйнец атрымлівае даход ад двух кампаньёнаў (паводле статыстыкі, звыш 75 тысяч міжнародных канцэрнаў і замежных кампаній зарэгістраваны на тэрыторыі Ліхтэнштэйна), таму жывуць яны выключна ў сваё задавальненне і практычна без лішніх клопатаў. Тут не прынята выхваляцца сваім багаццем, у краіне няма злачыннасці — няма і... платоў.

Маркі і турызм

Ліхтэнштэйн — квітнеючая індустрыяльная краіна з развітым сектарам фінансавых паслуг і высокім узроўнем жыцця (па аб'ёме ВУП у разліку на душу насельніцтва княства — бясспрэчны сусветны лідар). Краіна бедная карыснымі выкапнямі. Здабываюцца толькі вапняк для будаўнічых мэт, а таксама белыя гліны і алебастр для вырабу ганчарных вырабаў і керамікі. Сярод вядучых галін эканомікі — апрацоўчая прамысловасць, а таксама машына- і дакладнае прыборабудаванне, оптыка, вытворчасць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Прамысловасць амаль цалкам сарыентавана на экспарт. Значнае месца займаюць харчовая (у прыватнасці вытворчасць кансерваў і вінаў), тэкстыльная, керамічная і фармацэўтычная прамысловасці.

З развіццём рэальнага сектара і ростам прадпрымальніцкай дзейнасці ўласныя працоўныя рэсурсы Ліхтэнштэйна перасталі задавальняць попыт на працоўную сілу. У розных сферах эканомікі занятыя прыкладна 32,4 тыс. чалавек, пры гэтым больш за трэць з іх (12,9 тыс.) штодня прыязджаюць на работу з Аўстрыі, Швейцарыі і Германіі.

Больш за ўсё працаздольнага насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 40 % задзейнічана ў прамысловым сектары і менш за 2 % працуюць у сельскай гаспадарцы.

Эканамічны росквіт княства забяспечваецца тым, што яно выступае ў ролі фінансавага і дзелавога цэнтра міжнароднага значэння. Значная частка даходу прыходзіцца на продаж паштовых марак, якія цэняцца філатэлістамі ўсяго свету. Досыць вялікі ўклад у развіццё эканомікі прыносіць сфера турызму. Дзякуючы асаблівасцям кліматычнай зоны і рэльефу ў краіне створаны максімальна камфортныя ўмовы для развіцця гарналыжных курортаў, якія цяпер карыстаюцца неверагоднай папулярнасцю. Між тым, як паведаміла брытанскае выданне Thе Tеlеgrарh са спасылкай на даныя Сусветнай турысцкай арганізацыі ААН (UNWTО), Ліхтэнштэйн з'яўляецца найменш наведвальнай турыстамі еўрапейскай краінай. Летась тут пабывала ўсяго 77 тысяч замежных падарожнікаў, што на восем тысяч больш, чым годам раней. Праўда, калі суаднесці колькасць турыстаў з колькасцю насельніцтва княства, ацэнку Thе Tеlеgrарh можна лічыць не зусім аб'ектыўнай.

Халодныя кашалькі

Улады княства дэкларуюць, што актыўна зацікаўлены ў стварэнні краіне іміджу «законнага фінансавага цэнтра з пашыраным рэгуляваннем віртуальных валют і звязаных з імі бізнес-мадэляў». Ліхтэнштэйн уваходзіць у Еўрапейскую эканамічную зону, але не ў Еўрасаюз. Важна, што фінансавыя ўстановы, зарэгістраваныя тут, уключаючы і тыя, што працуюць з крыптавалютамі і блокчэйнам, могуць абысці многія складаныя патрабаванні ЕС, працягваючы весці дзейнасць па ўсім кантыненце. Банкі Ліхтэнштэйна ажыццяўляюць інвестыцыі ў крыптавалюте ад імя сваіх кліентаў і нават прапануюць кансультацыі па ІСО (Іnіtіаl соіn оffеrіng — «першасная прапанова манет» — форма прыцягнення інвестыцый у выглядзе продажу фундатарам фіксаванай колькасці новых адзінак крыптавалют), у той час як фінансавы сектар Еўропы ў абсалютнай большасці выпадкаў пазбягае лічбавых валют.

Напрыклад, прафесійныя інвестары і фінансавыя пасярэднікі могуць адзін раз у дзень праз платформу банка Frіk інвеставаць у лічбавыя валюты: біткойн, біткэш, эфір, рыпл і лайткойн. Для абароны ад хакераў і зладзеяў гэтая банкаўская ўстанова трымае крыптавалюты ў так званых кашальках халоднага захоўвання.

Яны фізічна аддзеленыя ад інтэрнэту і не могуць быць узламаныя звонку, абяцае фінансавая ўстанова. Дзякуючы сваёй прапанове банк імкнецца ўкараніць крыптаахову, па меншай меры, на тым жа ўзроўні якасці, што і традыцыйны банкінг. І гэта яшчэ адзін крок у развіцці крыптасістэм у княстве.

На лічбавыя валюты звярнуў увагу адзін з найбагацейшых манаршых дамоў у свеце. Наследны князь Ліхтэнштэйна Алаіз Філіп Марыя заявіў, што біткойн і іншыя крыптавалюты могуць стаць адным з інструментаў аднаўлення багацця яго сям'і, паведамляе СNBС. Ён згадаў пра тое, што збіраецца перавесці частку актываў сям'і ў лічбавыя токены. «Што датычыцца новай лічбавай эканомікі, то яе трэба лепей вывучыць у будучыні», — адзначыў Алаіз. Законны кіраўнік княства — Ханс-Адам ІІ, аднак з 15 жніўня 2004 года абавязкі па паўсядзённым кіраванні дзяржавай выконвае менавіта наследны князь Алаіз, з'яўляючыся рэгентам. Пасля Другой сусветнай вайны сям'я была вымушана прадаць сваю калекцыю твораў мастацтва, аднак, па словах князя, большая частка яе ўжо адноўлена, таму род шукае новыя віды актываў для інвестыцый. Алаіз дадаў, што хоць крыптавалюта пакуль застаецца «вельмі рызыкоўнай», тэхналогія, якая ляжыць у яе аснове, можа быць карысная для аптымізацыі адміністрацыйных працэсаў у Ліхтэнштэйне. «Блокчэйн зменіць вельмі многае, ён нават можа дапамагчы больш эфектыўна кіраваць нашым княствам», — дадаў наследны князь.

Але галоўнае не ў тым, што капітал князёў налічвае $5 млрд, а ў тым, што, як і ў суседняй Швейцарыі, у Ліхтэнштэйне ўпраўляцца з фінансамі ўмеюць, не кажучы пра тое, што сам кронпрынц вельмі спрактыкаваўся за сваю кар'еру ў маёмасных пытаннях. Алаіз дае крыптавалютнай супольнасці зразумець, што княства — самае адпаведнае месца для іх бізнесу. І гэта працуе. Зараз штомесячныя сустрэчы па блокчэйне ў Вадуцы прыцягваюць сотні ўдзельнікаў ад зусім новых крыпта-стартапаў — нядрэнна для краіны памераў Ліхтэнштэйна. Але, падобна, прыцягненне бізнесаў, заснаваных на крыптавалютах і блокчэйне, — толькі частка маштабных фінансавых планаў гэтай дзяржавы. Так што з кішэняй у горнага княства ўсё ў парадку.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У кішэні горнага княства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».