Вы тут

У Навагрудку рэалізуюць праект «Зялёныя гарады»


Пра пачатак рэалізацыі ў краіне сумеснага міжнароднага праекта «Зялёныя гарады» ў Навагрудку, а таксама ў Полацку і Наваполацку, «МС» ужо расказвала. Нагадаем, праект мае на мэце фінансавае садзейнічанне (агульны бюджэт $3 091 000) укараненню прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў малых і сярэдніх гарадах краіны.


Вулічнае асвятленне і спажыванне энергарэсурсаў у жылым сектары Навагрудскага раёна — вось два галоўныя кірункі сумеснай работы мясцовай улады і яе партнёраў — прадстаўнікоў праекта Праграмы развіцця ААН. Намаганні сканцэнтраваліся на павышэнні энергаэфектыўнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А тут ёсць над чым працаваць. Па словах кансультанта праекта па пытаннях энергетычнай эфектыўнасці Івана Філюціча, штогод у Беларусі толькі ў сістэме ЖКГ выдаткоўваецца звыш 1,5 мільярда рублёў на набыццё паліва, абсталявання і г. д. Каласальныя сродкі, супастаўныя з выдаткамі на ахову здароўя, адукацыю. Зразумела, што раёны нясуць велізарную нагрузку. Толькі ў Навагрудку летась з мясцовага бюджэту (а гэта каля 55 мільёнаў рублёў) прыкладна 5,5 мільёна рублёў было накіравана на фінансаванне энергетыкі ЖКГ.

На чым можна істотна сэканоміць? Напрыклад, на тым жа вулічным асвятленні. Навагрудак, па словах эксперта, адзін з тых невялікіх і нешматлікіх гарадоў, дзе ўмеюць ужо эканоміць. Але зроблены толькі першыя крокі. З дапамогай сродкаў праекта можна ўкараніць сучасныя сістэмы кіравання асвятленнем вуліц на базе святлодыёдных свяцільняў. Таксама мяркуецца набыць сучасныя сістэмы ўліку спажывання энергарэсурсаў — гэта дазволіць знізіць іх затраты, у прыватнасці ў жыллёвым фондзе. У недалёкай будучыні ёсць намер ажыццявіць у Навагрудку мадэль энергаэфектыўнага квартала.

Дарэчы, рэалізацыю названага праекта актыўна падтрымліваюць Глабальны экалагічны фонд (ён выступае ў ролі фінансавага донара) і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. І не толькі таму, што праект накіраваны на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў раёне. Навагрудак — прыклад таго, як мясцовая ўлада імкнецца выкарыстоўваць усе магчымыя крыніцы набліжэння да «зялёнай» эканомікі. І яшчэ гэта адзіны ў краіне раён, які аддае электраэнергіі з аднаўляльных крыніц больш, чым сам спажывае. Гэтаму ў пэўнай ступені садзейнічалі і прыродна-кліматычныя ўмовы раёна. Яго большую частку займае Навагрудскае ўзвышша, таму невыпадкова ў раёне працуе самы вялікі ветрапарк краіны: аж 14 ветракоў, станцыя сонечных батарэй. Ужо некалькі гадоў запар у раёне праводзяцца тыдні энергаэфектыўнасці.

Як і ў кожнай вялікай справе, падчас работы над гэтым праектам узнік шэраг пытанняў, ад вырашэння якіх у значнай ступені будзе залежаць агульны поспех. У прыватнасці, неаднойчы гаварылася пра важнасць пашырэння тлумачальнай работы сярод насельніцтва раёна. Людзей неабходна вучыць «энергаэфектыўнасці», эканоміі на паслугах ЖКГ. Алена Сялевіч, першы намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама, расказвае:

— Мы ўдзячныя дэпутатам раённага Савета, якія актыўна падтрымліваюць ідэю «зялёнай» эканомікі, прапагандуюць яе падыходы і прынцыпы, пераконваюць у перавагах энергаэфектыўнасці. Ужо сфарміравалася група старшынь сельскіх Саветаў, якія працуюць з насельніцтвам, расказваюць пра спосабы энергазберажэння. У даступнай форме тлумачаць аднавяскоўцам, што гэта за паняцце такое, імкнуцца паказаць, якім можа быць іх асабісты ўклад у «азеляненне» эканомікі краіны. Па магчымасці садзейнічаюць рэалізацыі энергазберагальных праектаў.

Алена Леанідаўна прыводзіць у прыклад пасёлак Любча, дзе жыве каля тысячы чалавек. Там правялі замену 150 старых электралямпаў вулічнага асвятлення на больш эканамічныя, святлодыёдныя. Гэта, з аднаго боку, палепшыла жыццё мясцовых жыхароў, а з другога, прынесла значную эканомію бюджэтных сродкаў. А ініцыятарам і рухавіком гэтай актуальнай мадэрнізацыі стаў старшыня Любчанскага пасялковага Савета дэпутатаў Іван Ярмоц.

Прадстаўнікі мясцовай улады, з якімі мы размаўлялі, небеспадстаўна лічаць, што вучыць «зялёнай» эканоміцы, ашчаднасці, энергазберажэнню трэба з дзяцінства. Літаральна з дзіцячых садкоў. Іх выхаванцы, як нам з гумарам казалі мясцовыя жыхары, ужо падказваюць бацькам, у якую скрыню для збору другаснай сыравіны трэба кідаць паперу, шкло ці пластык. Вось ён, вынік выхаваўчай работы, калі «яйкі» вучаць «курыцу» экалогіі.

Дарэчы, скрыні для бытавых цвёрдых адходаў у Навагрудку сапраўды прывабныя і не зусім звычайныя, такіх у Мінску я яшчэ не бачыў. Яны былі пастаўлены гораду ў рамках рэалізацыі іншага міжнароднага праекта. Гэтыя ёмістасці для адходаў носяць і пэўны адукацыйны характар. На кожнай можна прачытаць парады. На скрынках пазначаны рэкамендацыі-ўдакладненні. Скажам, на скрыні для паперы: часопісы, газеты, сшыткі, офісныя паперы, рэкламныя праспекты. На скрыні для шкла: бутэлькі з-пад напояў, посуд, ліставое шкло. Але ёсць і папярэджанне: не кідаць туды фарфор, кераміку, арміраванае шкло. Такія рэкамендацыі-надпісы ёсць на ўсіх скрынях: што кідаць, а што не трэба. Проста і даходліва. Думаецца, досвед варты пераймання.

Летась у Навагрудку прайшоў фестываль «Зялёная эканоміка як беларускі культурны код». Назва на першы погляд здаецца пафаснай. Але калі меркаваць па праграме фестывалю, гэты пафас апраўданы. Падлеткі ўдзельнічалі ў «мабільнай» і «энергаэфектыўнай» віктарынах, пры дапамозе «анлайн-калькулятараў» вучыліся эканоміць на камуналцы, знаёміліся з работай сонечных батарэй і г. д.

Але мала пабудаваць «зялёны» горад, трэба і яго, і навакольнае асяроддзе пастаянна ўтрымліваць у належным стане. У Навагрудку і гэту праблему ўзяліся вырашаць самастойна. У мясцовым аграрным каледжы з 2018 года адкрываецца новая спецыяльнасць — «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыяльнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў». Рыхтаваць будуць эколагаў. База для гэтага ёсць. У каледжы створаны навучальны і кансультацыйны цэнтр, у якім моладзь і дарослыя жыхары Навагрудка знаёмяцца з асновамі «зялёнай» эканомікі, выкарыстаннем энергіі сонца, ветра, той жа энергаэфектыўнасцю.

Зразумела, пераход да «зялёнай» эканомікі — шматгранная праца на перспектыву, якая зойме не адзін год. І на гэтым шляху давядзецца шмат чаго змяніць: у краіне — законы, у раёнах паўсюдна, дзе гэта мэтазгодна, — укараніць рэсурсазберагальныя тэхналогіі, шырока задзейнічаць крыніцы альтэрнатыўнай энергіі, навучыць гараджан, жыхароў пасёлкаў і вёсак быць, так бы мовіць, больш экалагічнымі, больш «зялёнымі». А пачынаць лепш з малога: укаранення энергаэфектыўнасці ў нашу гаспадарчую дзейнасць і побыт, істотнага скарачэння выкідаў аўтамабільных газаў, іншых мер паляпшэння камфорту гарадскога асяроддзя.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: «Зялёны» горад Навагрудак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».