Вы тут

Біяэтыка. Што мы пра яе ведаем


У краіне стартаваў Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх работ «Даступная біяэтыка». Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскі камітэт па біяэтыцы сумесна з аддзелам па біяэтыцы Савета Еўропы пры падтрымцы Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў Мінску.


Як вынікае ўжо з самой назвы конкурсу, асноўная яго мэта — павышэнне ўзроўню і якасці ведаў у сферы біямедыцыны, фарміраванне ў студэнцкай моладзі актуальных біяэтычных кампетэнцый, стварэнне ўмоў для стымулявання цікавасці да біяэтыкі з боку грамадства.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты і магістранты ўстаноў вышэйшай адукацыі, якіх цікавіць, як біямедыцынскія даследаванні адбіваюцца на правах і свабодах асобы, пытанні біяэтыкі, напрыклад, у развіцці рэпрадуктыўных тэхналогій, трансплантацыі органаў і тканак, генетыцы, нейранавуцы. Удзел у конкурсе магчымы як індывідуальны, так і ў складзе аўтарскага калектыву (але не больш за тры чалавекі).

У конкурсе прадугледжаны тры намінацыі. У першай з іх — «Эсэ» — могуць быць прадстаўлены пісьмовыя творчыя работы толькі індывідуальнага аўтарства. Удзельнікам прапануецца вызначыць праблему, цалкам раскрыць тэму і біяэтычную праблематыку, прывесці пераканаўчыя аргументы, зрабіць абгрунтаваныя высновы. Журы конкурсу сярод іншага будзе звяртаць увагу на агульную логіку работы, яе афармленне і пісьменнасць.

У намінацыі «Відэаматэрыял» (відэаролік) падаюцца агучаныя відэаматэрыялы працягласцю да 5 хвілін, якія асвятляюць актуальныя для Беларусі пытанні біяэтыкі ў сферы правоў чалавека і біямедыцыны. Журы ацэніць лаканічнасць, інфарматыўнасць сюжэта, яго арыгінальнасць, якасць здымак і мантажу, а таксама гук (тэкст за кадрам і/ці музычнае суправаджэнне).

У намінацыі «Плакат» дазваляецца падаваць плакаты, выкананыя ў рознай тэхніцы. Будуць ацэньвацца раскрыццё тэмы, якасць выканання, мастацкая каштоўнасць работы і арыгінальнасць тэхнікі выканання.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Савета Еўропы і Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў Мінску.

Конкурсныя работы прымаюцца да 1 ліпеня ўключна. Урачыстае ўзнагароджванне прызёраў і пераможцаў адбудзецца ў Мінску ў кастрычніку бягучага года. Пераможцы будуць запрошаны наведаць аддзел па біяэтыцы Савета Еўропы ў Страсбургу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.