Вы тут

Вакцынацыя дзяцей: за і супраць


Хоць і адышлі тыя часы, калі грандыёзныя па маштабах эпідэміі халеры, чумы, натуральнай воспы выкошвалі насельніцтва гарадоў і нават цэлых краін, інфекцыйныя хваробы працягваюць суправаджаць наша жыццё. Праўда, цяпер яны не выклікаюць такіх наступстваў, а разам з імі масавага адчаю і дэпрэсіі.


Але нягледзячы на тое, што сучасная медыцына паспяхова спраўляецца з большасцю з іх, штогод, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 30 % агульнай смяротнасці прыпадае на долю інфекцыйных хвароб. І на сучасным этапе нават прагназуецца іх рост. Нездарма Сусветная арганізацыя аховы здароўя вылучыла лозунг «Усе на барацьбу з глабальнай небяспекай распаўсюджання інфекцыйных захворванняў!»

Сродак, які абароніць ад шматлікіх інфекцыйных хвароб, вядомы і просты — прышчэпкі. Вакцынапрафілактыку, дарэчы, з-за яе эфектыўнасці нават называюць найбольш значным дасягненнем медыцыны. І шырока прымяняюць ва ўсім свеце. Дзякуючы вялікай колькасці прышчэпленых людзей ствараецца калектыўны імунітэт — галоўная заслона для распаўсюджання інфекцый і ўзнікнення эпідэмій.

— Для дасягнення эпідэмічнага дабрабыту ў краіне павінна быць прышчэплена не менш за 97 % дзіцячага насельніцтва і не менш за 95 % дарослага, — расказвае ўрач-педыятр 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Алена СТАЎРОВА. — Напрыклад, дзякуючы масавай імунізацыі супраць натуральнай воспы ў 1977 годзе ўдалося канчаткова ліквідаваць гэту асабліва небяспечную інфекцыю. У многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, дзякуючы вялікай колькасці прышчэпленых ліквідаваны поліяміеліт, значна знізілася захваральнасць на вірусны гепатыт В, коклюш, дыфтэрыю, грып, адзёр.

Зразумела, што падыход да вакцынацыі дзяцей, асабліва з рознымі паталогіямі, павінен быць індывідуальным. Але медыкі сцвярджаюць, што сучасныя прэпараты для вакцынацыі з'яўляюцца бяспечнымі і эфектыўнымі, яны не шкодзяць арганізму дзіцяці пры ўмове правільнага прымянення. У той жа час непрышчэпленыя дзеці з паталогіяй уваходзяць у групу высокай рызыкі.

— Зараз хранічную паталогію мы разглядаем як паказанне да прышчэпкі, якая не толькі абароніць ад інфекцыі, але і зменшыць небяспеку абвастрэння хранічнай хваробы, — тлумачыць Алена Стаўрова. — Такім чынам, калі раней пэўныя хранічныя парушэнні здароўя выкарыстоўваліся як прычына для адводу ад вакцынацыі, то зараз яны кваліфікуюцца як фактар рызыкі, які патрабуе правядзення актыўнай імунізацыі.

Зразумела, што дзіця не можа быць прышчэплена без згоды бацькоў. І яны павінны ведаць пра рэдкае, але ўсё ж магчымае пабочнае дзеянне вакцыны ці так званае поствакцынальнае ўскладненне. Напрыклад, падвостры панэнцэфаліт пасля вакцынацыі ад адру сустракаецца ў адным выпадку на 100 тысяч насельніцтва, а ўскладненне ад самога адру — адзін выпадак на 300 чалавек. Пасля прышчэпкі ад туберкулёзу дысемініраваная БЦЖ-інфекцыя ўзнікае ў адным выпадку на 100 тысяч, затое рызыка атрымаць ускладненне ад туберкулёзу — адзін выпадак на 500 чалавек. Як відаць, рызыка развіцця цяжкай рэакцыі на ўвядзенне сучаснай вакцыны мізэрна малая і не ідзе ні ў якае параўнанне з тымі рэакцыямі і наступствамі, якія ўзнікаюць пасля сустрэчы з узбуджальнікамі інфекцыйнай хваробы.

Напрыклад, вірус краснухі мае тэратагеннае дзеянне — выклікае парушэнні ў развіцці плода. Асабліва небяспечнае захворванне ў першым трыместры цяжарнасці. У гэтым выпадку каля 3/4 дзяцей нараджаюцца з сіндромам прыроджанай краснухі — з прыроджанымі парокамі сэрца, катарактай, слепатой, глухатой, мікрацэфаліяй, разумовай адсталасцю, паражэннем іншых органаў. Таму невакцынаваным дзяўчатам і жанчынам дзетароднага ўзросту рэкамендуецца прышчапіцца супраць краснухі для прафілактыкі сіндрому прыроджанай краснухі ў будучага дзіцяці.

Менавіта дзякуючы ўвядзенню ў Беларусі ў 1996 годзе вакцынацыі дзяцей ва ўзросце да года супраць адру, паратыту і краснухі, а таксама рэвакцынацыі іх з 1999 года ў 6-гадовым узросце адбылося зніжэнне захваральнасці на гэтыя інфекцыі ва ўсіх узроставых групах. Аднак, нягледзячы на гэта, многія бацькі ўсё роўна адмаўляюцца ад прышчэпак сваім дзецям.

— Хацелася б, каб бацькі добра ўзважвалі сваё рашэнне адмовіцца ад вакцынацыі. І памяталі, што, пазбаўляючы дзіця прышчэпкі, яны парушаюць яго права быць абароненым ад той ці іншай хваробы, павялічваючы рызыку атрымаць ускладненне і нават інваліднасць, — нагадвае Алена Стаўрова.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».