Вы тут

Папсовыя праграмы для вушэй


Папсовыя праграмы для вушэй

Вечарам пасля працы людзі спяшаюцца дамоў. Каб паесці? Не! Стомленыя ад васьмігадзіннага працоўнага дня  (ці  —  як  каму  пашчасціць  альбо  не)  людзі  імчаць  у  свае  спальныя  раёны, выдаткоўваюць блізу гадзіны на транспарт, які зранку іх зноў завязе на тую ж працу,  уцякаюць  з прыпынку, імчаць да пад’езда, хутка забягаюць на кухню, каб уключыць тэлевізар…

Усё, можна перадыхнуць і не спяшацца так.

І пакуль чалавекі корпаюцца ў лядоўнях і халадзільніках, дастаюць кавалкі мяса ці фаршу, па тэлевізары пачынаюць запускаць праграмы, адарваныя ад рэчаіснасці.

Усё прадумана ўжо за людзей.  Стратэгічны  ход:  заслухаешся  і  заснеш  пад  «Калыханку»  а 21 гадзіне — менш есці будзеш, а то і зусім галодным захрапіш. Дый навошта есці на ноч. Змарнуеш толькі прадукты. Можна і на сняданак іх праглынуць, а так давядзецца і цяпер паесці, і на заўтра нешта шукаць. Таму людзі стараюцца згатаваць увечары, калі не на сёння, дык каб хоць на заўтра было.

Людзям цікава глядзець на ўсё, што неяк звязана са смерцю. Прага да крыві існавала заўсёды.  Ці то ў выглядзе палявання на звяроў, ці то ў назіраннях за баямі гладыятараў. Цяпер жа яшчэ дадаліся баі без правіл і бокс. Вось таму людзі і чакаюць чагосьці такога крымінальнага, забароненага. Яно, безумоўна, і ў баевіку такое можна ўбачыць, але падсвядома чалавек разумее, што ніякай там крыві няма. Там або танная фарба, або кетчуп, які не з’елі ў абед. І чалавек абірае блок праграм на вечар.

Тэлевізар уключаны, патрэбны канал знойдзены. Пачынаецца застаўка, словы «Zона Х» на постмадэрновым малюнку чырвонага і чорнага колераў. Вось толькі чаму ў гэтым спалучэнні Х чытаецца як «ікс», а не «хэ» і не «ха»? Зразумела, ніякага «ха­ха» там няма. Гэта відаць адразу на тварах вядоўцаў, якія не выдаюць ніякай мімікі. Перадаюць збольшага эмацынайнасць словамі і нахіляюць у такт галовы.

«Калі ўсё сумна, дык які можа быць смех», — скажаце вы і трохі памыліцеся. Бо напрыканцы перадачы ўсё ж пускаюць некалькі забаўных момантаў дабрыні. То слон пайшоў гуляць па горадзе, то які тамтэйшы жыхар іншай часткі Зямлі выратаваў сабаку ці ката падчас патопу. Праўда, на тварах вядоўцаў гэтая навіна ніяк не адбіваецца: манера падачы застаецца такой жа. Цікава, тады, як яны завучваюць свой тэкст і раптам забываюць некаторыя словы, ці застаюцца такімі ж непарушна няўсмешлівымі?

Чаму ўсё ж такі выкарыстоўваюць у назве праграмы гэтыя літары лацінскага алфавіта: ZХ? Чаму проста не напісаць «ікс»? Што гэта за таемны пасыл такі з дзвюх літар? Калі б было ХZ, то атачэнне аматараў інтэрнэтных скаротаў адразу б расчытала гэта «хз».

— Якое сёння надвор’е?

— Я хз.

— Якія  планы на вечар?

— Я хз.

Іншы раз хочацца запытацца пра адэкватнасць чалавека, але баішся пачуць:

— Я хз.

Гэты пералік хэзэшных можна працягваць бясконца. Людзі цяпер не толькі так пішуць, але і кажуць: «Хэзэ».

Ну, яшчэ можна напісаць ці сказаць: «У сэнсе?», але гэта трохі іншая гісторыя.

Дык вось з гэтымі ZХ. Сядзі і ламай сабе галаву, што за яно. Можа, гэта значыць «зомбі хварэе», а можа, «зіма хутка»? «Забі халеру»? Зрэшты, нейкія звязаныя паміж сабой расшыфроўкі атрымліваюцца. Усё пад адно.

І вось пакуль разаграецца патэльня і гаспадыня круціць у руках кавалак фаршу і лепіць прадаўгаватыя ці круглыя штукі з яго, на экране паказваецца першы кадр з крымінальнай хронікі за апошнія дваццаць чатыры гадзіны.

Жанчына шакіравана, яна нязграбна кідае месіва пад назвай «катлета» на чорную патэльню, падсоўваецца бліжэй да стала, адкідвае галаву назад, бо тэлевізар вісіць на ўзроўні яе вачэй толькі тады, калі стаіш, а калі сядзеш, то перад вачыма — сцяна, а тэлевізар матляецца дзесьці ўверсе. Жанчына замірае. Каб разгледзець усё, як найлепшы следчы краіны, а можа, і Зямлі ўвогуле, бо сама не адзін дэтэктыў прачытала ў метро. Жанчына падаецца трохі бліжэй да экрана.

Катлеты напалоханы не менш за гаспадыню, яны ажно пішчаць на агні.

Жанчына ўважліва слухае пра нейкага дзядзьку, які кідаецца да сваіх ахвяр у бязлюдных месцах і расшпіляе паліто, штаны даўно ўжо зняты. Відавочцы гэтых здзеклівых прапаноў уцякаюць      з лямантам — заклапочаны дзед сыходзіць з усмешкай. Ахвяры скардзяцца, што ад гэтага мужыка вельмі смярдзела нямытай бялізнай і танным пойлам. «Алкаш. Ванючы алкаш!» — плача адна жанчына. На экране паказваюць фотаробат. Падаецца, што нават у кватэру прапоўз гэты смурод.

«Дэгенерат… Ды яшчэ і не мыецца», — думае большасць тэлегледачоў у гэты час ля экрана. Зрэшты, чаму яму не быць смярдзючым. Наўрад ці ён штодзённа стаіць перад люстэркам і думае пра сваю знешнасць. Ці намыльваецца шампунем і спявае пад душам дзіцячыя песні, а пасля дыхлафосіцца «АХЕ», які (калі верыць рэкламе) гарантуе ўвагу жанчын на працягу ўсяго дня. Усё       з гэтым вычварэнцам нашмат прасцей: яму цюкае ў мозг — і ён выходзіць на паляванне.

Пасля сюжэта пра «заклапочанага» паказвалі, як адзін мярзотнік у сваёй (цяпер ужо былой) дзяўчыны сарваў з языка пірсінг — срэбраны двухграмовы цвічок. Злодзей быў знойдзены ў сваім пакоі, ён нават не спрабаваў уцякаць. Дзяўчо, шапялявячы на камеру, дае паказанні. Кажа пра тое, як яна расчаравалася ў людзях, і дзякуе лёсу, што справа не пайшла далей. Гаворачы пра гэта, яна злёгку праводзіць па жываце. Аказваецца, што ў пупе таксама быў цвічок, толькі ўжо пяціграмовы.

«Невядома, ці ёсць у яе яшчэ месцы, дзе ўбіты тыя цвікі, але няхай лепш трымае іх пад аховай», — такі пасыл следчага камітэта ў асобе таўставатага дзядзькі ў фуражцы, які зачытвае нешта з паперы, прыклеенай ля камеры.

Колькі сюжэтаў пра аварыі. Апошні трохі забаўны. Ён пра тое, як цётка­безбілетніца вылазіць нагамі праз фортку ў тралейбусе. Гледачам спадабалася. Наступны раз яны будуць ведаць, як сябе паводзіць, калі дачэпяцца кантралёры.

На гэтым пазітыве вядоўцы развітваюцца да «хуткай сустрэчы».

«І табе шчасліва», — кажуць экранам. Гаспадыні падрываюцца з месцаў, каб перавярнуць катлеты. Трохі падгарэлі, але нічога.

Пульт пстрыкае на іншы канал. Там разборкі наконт таго, ці з’яўляецца хлопец­прыблуда сынам даўно забытага ўсімі спевака, ці не. Хоць шмат хто кажа пра тое, што ў гэтага аматара мікрафона і таннай фанаграмы дзяцей з раённы горад будзе. Жанчынам проста падабаюцца такія, каго часта паказваюць па тэлевізары, нават калі яны і безгалосыя.

Тэст ДНК даўно ўжо зроблены, вынікі вядомыя. Але трэба чакаць канца перадачы. Бо калі расказаць усю таямнцу цяпер, дык чым тады запоўніць цэлую гадзіну эфіру? Вось вы, шаноўны дэпутат, умееце стаяць на галаве? Не? А апельсінамі жангліраваць? Таксама не? А памідорамі? Мячамі? Эх­х... Так і адчуваю, што не ўмееце. Гэта нават стыль усяго вашага жыцця: усё «не ўмею». Вось я да таго і хілю: што ж запоўніць цыркавую арэну, як не лямант на цэлую гадзіну. Таму давядзецца дыскутаваць вам. Пакуль жа будзем абмяркоўваць гэтага прыблуду і спевака… як, дарэчы, яго імя?       А чорт з ім! Нас гэта мала цікавіць, нам абы пагаварыць. Бабулям з намі пазнавальна, дый моладзь таксама не сумуе. Шурыгіну вунь як раскруцілі. Яна нават гераіняй школ стала. Вучні толькі пра яе    і гавораць, вершы пішуць. Праўда, за гэтыя некалькі месяцаў шкаляры падраслі. Ім ужо палавыя зносіны ў клубе падавай. Шурыгіна на фоне гэтай аматаркі настаўніцтва і тэлефоннага порна проста цнатлівая кветка дзьмухавец.

Цэлую гадзіну адбываецца абмеркаванне ўсяго на свеце. Рэклама — як дадатак да ўсяго шоу.    А калі выносяць вынікі экспертызы ДНК на паперы фармату А4, вядоўца кажа: «Працяг будзе заўтра…Пабачымся!»

«Вось як заўжды: на самым цікавым. Блін, яшчэ і катлеты прыгарэлі», — злуюць тэлегледачы. Давядзецца чакаць заўтра. Зрэшты, і за заўтра могуць не паспець: там жа трэба яшчэ і маёмасць неяк дзяліць.

І, можа, добра, што зранку некаторыя з гэтых людзей не маюць магчымасці ўбачыць адну перадачу, якая пазбавіць іх здароўя дарэшты.

А тысячы самагубцаў, якія засталіся дома, чакаюць ля экрана Малышаву. Яна прадстаўляе трох дактароў, якія працуюць на яе, як рабы; яны ніколі не пярэчаць, а яна ў сваю чаргу дапамагае ім выказацца. Калі не хочаш ісці да дактароў і лічыш, што хвароб у цябе ўсё большае дзень пры дні, тады гэтая праграма — тое, што табе трэба.

Ты не ведаеш, як раскласці прадукты паводле іх каларыйнасці? Ты проста апошні дурань на Зямлі! Як такога можна не ведаць? Ну добра, навучым. Сядзі і запамінай.

Ад гэтай балбатні можна лёгка заблытацца, што усё ж такі есці. Бо яшчэ нядаўна масла трэба было жаваць кілаграмамі, а цяпер яно пад забаронай — як халестэрынавы прадукт.

А чаго вартая музыка, калі правяраюць стан здароўя гледачоў! Яна гучыць як прысуд­ развітанне. Пасля чарговай праверкі доктар­раб усё адно раіць схадзіць у паліклініку і праверыцца, бо ці мала што мог паказаць апарат, на якім правяраюць усё. Развітаўшыся «да заўтра», Малышава яшчэ колькі секунд усміхаецца, а пасля пускаюць цітры і меладычную музыку.

Трохі можна адпачыць.

Пасля абеду да усіх, хто выжыў ад пераліку хвароб, што гучаць, як складнікі каўбасы, падсаджваюцца да экранаў знаўцы сямейнага жыцця. Наладжваюць хвалі мозгу і антэн, каб глядзець чарговае шоу.

«Давай ажэнімся», — прапануе вядучая. Для яе гэтыя словы — нішто: ёй цяжэй сасіскі купіць, чым такое сказаць. А вось нявесты і жаніхі турбуюцца. Нават пеўня ці казу дома забываюць пакінуць і вязуць з сабой. А тыя дапамагаюць падабраць пару. Там яшчэ і астролагі сядзяць, чытаючы гараскоп на месяц, нешта падказваюць. Карацей кажучы, усе — за цябе. Абы ты ажаніўся ці выйшла замуж. Таму кожны слон адтуль сыходзіць з мышкай, а кожная котка — з малпай.

Але людзі, якія працуюць, такія перадачы паглядзець не могуць. Таму даводзіцца чакаць вечарка. На завяршэнне — навіны пра тое­сёе і ні пра што.

А пасля настае час любімай «Калыханкі». І толькі мядзведзяня Топа дае хоць нейкае спадзяванне на шчаслівае заўтра. Раней яшчэ і Маляваныч гэтаму дапамагаў проста так, бясплатна, але ён кудысьці знік. І ўсё цяпер трымаецца на Топу, а яшчэ на бобрыку і бусляняці.

Можна было б паглядзець пасля «Калыханкі» які серыял: але пераважна ўсе яны пра міліцыянтаў, і ў галоўнай ролі заўжды нейкая кемлівая цёця, якая раскрывае злачынствы за дзве­ тры серыі. Калі б у кожным аддзеле міліцыі былі такія, то злачынцы проста б перавяліся.

Але палова людзей выключае тэлевізары. Па­-першае, стомленыя ад нуднай працы, а па-­другое, не могуць развітацца з імгненнямі шчасця пасля прагляду апошняй перадачы.

Галодным  людзям, як ні дзіўна, не хочацца есці. Яны ў думках перабіраюць пачутае і ўбачанае    і разумеюць, што ў параўнанні з тымі, каго сёння яны пабачылі па тэлевізары (апроч розных там інспектараў ды дэпутатаў), яны — шчасліўчыкі.

І няхай сёння іх катлеты падгарэлі, але зранку будзе што паесці. «Не разбірайся ў смаку — пхні   ў с...», — скажуць яны. А наступным вечарам будуць адбіўныя ды шаткаваная капуста. Галоўнае — верыць у лепшае.

Ці хаця б прымусіць сябе ў гэта паверыць перад сном. Ды і прысніцца яно… лепшае.

Праз некалькі гадзін хтосьці соладка пасопваў, хтосьці задаваў храпака.

Людзі спалі.

Эмілія СЛІХРЫЦКАЯ

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».