Вы тут

Што хвалюе жыхароў Віцебшчыны?


Сёння, 31 сакавіка, на “прамую лінію” з губернатарам Віцебшчыны Мікалаем Шарснёвым патэлефанавалі каля дваццаці чалавек. Калі раней, як той сказаў, тэлефон не змаўкаў, на гэты раз паміж званкамі некалькі разоў былі паўзы.


Першай пагутарыла з губернатарам жыхарка Віцебска. Яна распавяла пра некалькі праблем. У прыватнасці, прасіла дапамагчы пляменніку з Полацкага раёна вырашыць жыллёвае пытанне. Той жыў у доме, што належыць мясцовай гаспадарцы, якая на сёння “пад кантролем” антыкрызіснай кіруючай. Пасля таго як сваяка заяўніцы накіравалі ў ЛПП, на “метрах” стаў жыць брат згаданай вышэй адказнай асобы. Потым зноў - пляменнік віцяблянкі. Але ўрэшце яго выселілі. А жылы будынак выставілі на таргі. Жанчына таксама прасіла дапамагчы з працаўладкаваннем сваяка. І яшчэ распавяла пра факты продажу на Полаччыне нелегальнага алкаголю. Разбяруцца ва ўсім.

Тэму працаўладкавання працягнуў тэлефонны званок ад 28-гадовага інваліда трэцяй працоўнай групы з Дубровеншчыны, які не вельмі хоча зарабляць. Ён пацікавіўся, як пры пенсіі ў 150 рублёў аплачваць вялікую запазычанасць за камунальныя паслугі. Растлумачыў, што палова  штомесяц прымусова пералічваецца  на рахунак арганізацыі ЖКГ. Мікалай Шарснёў параіў пайсці працаваць. І даручыў кіраўніку мясцовай улады паспрыяць у працаўладкаванні.

Да параўнання: калі папярэдні хлопец не вельмі імкнецца да работы, то 77-гадовая жыхарка Оршы, наадварот, хацела б працаўладкавацца, аб чым яна расказала кіраўніку вобласці. Але ж ці можа ўлада дапамагчы?

Жанчына з Віцебска распавяла губернатару аб ўстанове грамадскага харчавання на першым паверсе жылога дома. Скардзілася на пахі з-за таго, што смажаць шашлыкі. Паскардзілася і на шум ад працы сістэмы вентыляцыі. Дарэчы, жыхары гэтага ж дома раней па іншых пытаннях звярталіся да адказных асоб, каб кавярня не перашкаджала ім жыць спакойна. Як кажуць у народзе, прыходзілі “камісіі”. І прадстаўнікі фірмы, якой належыць кафэ, выпраўлялі недахопы. Але ўсё роўна засталіся незадаволеныя. Як адзначыў мэр горада, з якім звязаліся падчас “прамой лініі”, размова ідзе пра жыльцоў некалькіх кватэр. Губернатар даручыў адказным службам канчаткова разабрацца з пытаннем.

Жыхарка Чашніцкага раёна распавяла пра дрэнны стан сельскай дарогі. Старшыня райвыканкама ў курсе. І пацвердзіў, што зямлячка мае рацыю. Пастараюцца зрабіць так, каб ў вяскоўцаў больш не было падстаў скардзіцца - дарогу адрамантуюць.

Прамая тэлефонная лінія доўжылася тры гадзіны. Ва ўсіх пытаннях абавязкова ўважліва разбяруцца. І, калі ёсць законныя падставы, заяўнікам пойдуць насустрач.

Губернатар яшчэ раз акцэнтаваў увагу падначаленых на  неабходнасці быць бліжэй да людзей. Звярнуў увагу, што так робіцца ў раёнах з невялікай колькасцю насельніцтва. Да прыкладу, у Расонскім, дзе мясцовая ўлада самастойна вырашае праблемы. Так і павінна быць. А ад жыхароў Віцебска, Полацка, Оршы, Талачына зваротаў параўнальна многа.

Дарэчы, ў першым квартале ў аблвыканкам паступіла 136 зваротаў. Гэта, ў параўнанні з мінулым годам, менш на 24%, а з 2016-м - на 50%. Палова зваротаў - па тэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».