Вы тут

Серыя «Час ХХІ» распачата раманам-фэнтэзі «Сэрца Сакры»


Пачатак гэтага года ў кніжнай прасторы Беларусі адзначаны адметнай падзеяй для маладых літаратараў — адкрыццём серыі кніг «Час ХХІ», якая пачала выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Першае выданне — раман-фэнтэзі «Сэрца Сакры» Станіславы Умец, змешчаны пад адной вокладкай з яе апавяданнямі. «Я пастаралася напоўніць кнігу дабрынёй і шчырасцю. Мне вельмі хочацца, каб твор выклікаў толькі станоўчыя пачуцці. І ніякіх дрэнных канцовак, ніякіх слёз, калі гэта не слёзы радасці. Мне вельмі хочацца, каб кніга падарыла вам усмешкі», — так аўтарка кажа пра свой твор. Аднак ці атрымалася ў Станіславы дасягнуць мэты?


На старонках рамана перад чытачом разгортваецца жыццё звычайных людзей, якія «доўгі час не траплялі на чарадзейную планету талентаў — Сакру». Галоўная гераіня твора — Кася Заранка — апынулася ў чарадзейным свеце «якраз падчас абрання новай правіцелькі». Апынулася выпадкова, падумаўшы: «Зараз я траплю ў казку!» І стала ўдзельніцай спаборніцтва за магчымасць звацца Паннай Сакры, і гэта аказалася небяспечным.

Аднак чытачу не трэба думаць, што гэта мудрагелістая выпечка з мноства мяккіх слаёў. Сюжэт сапраўды такі, як было прадстаўлена: перад намі шчырая гісторыя з добрай канцоўкай, дзе ў выніку шчаслівыя абсалютна ўсе, гісторыя сяброўства, кахання(ў), пераадолення складанасцяў, а галоўнае — адкрыцця талентаў і лепшага сябе.

Нягледзячы на дабрыню і шчырасць, сюжэт у негатыўным сэнсе схематычны. Адолець усю магічную гісторыю можна за некалькі вечароў (калі не гадзін), і наўрад ці чытач — равеснік герояў «Сэрца Сакры» паспрабуе гэта рабіць. Куды маладзейшы — паспрабуе, і яму павінна спадабацца. Чаму? Раман прадказальны ад першага да апошняга слова, калі ёсць чытацкі досвед.

Сюжэт дынамічны — падзеі мяняюцца хутка, што не дае «правісаць» часткам аповеду і сумаваць чытачу. З сучаснасці падлеткі перамяшчаюцца на іншую планету і наадварот. Калі паўстае небяспека — дзейнічаюць, шукаюць выйсце.

Стэрэатыпы суправаджаюць чытача ўвесь час і ў тым, як пабудаваны характары персанажаў і іх узаемаадносіны. Калі сцэны са школьнага жыцця, то абавязкова цёплыя, калі школьнікі-дзевяцікласнікі, то яны ведаюць не вельмі шырока распаўсюджаныя беларускія лаянкавыя словы, калі сваркі Касі з братам Янікам, то «несур'ёзныя», калі галоўная гераіня, то адначасова летуценніца і хуліганка, калі яе сяброўка, то не па ўзросце мудрая, калі хлопец з планеты цудаў, то яшчэ адзін варыянт Эдварда Калена. Ідэалізаванымі з'яўляюцца і іншыя героі, дзе хлопцы як на падбор: Юрась (аматар «Мяча князя Вячкі» і пераможца абласной алімпіяды па фізіцы), Уладзь (пакорлівы і гатовы зрабіць для Касі ўсё, што яна пажадае, хоць і не паказвае віду) і г. д. Дзяўчат можна ахарактарызаваць таксама як ідэалізаваных, але з лёгкім «налётам» гарэзлівасці, каб выглядала праўдзіва. І гэта абараняецца тым, што раман станоўчы і ніякіх дрэнных эмоцый выклікаць не павінен. Аднак можна стварыць цалкам добрую гісторыю, у якой будзе адчувацца ўзровень аўтара і яго майстэрства апрацоўкі ўжо даўно вядомага, а не, умоўна кажучы, перакладаць на іншую мову і без таго вялікую колькасць расійскага фэнтэзі.

Больш выразна творчая манера С. Умец прасочваецца ў апавяданнях. Іх героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі. Напрыклад, сляпая Ханна Гаўрон, якая бачыць з дапамогай рук («Прысмакі ад сёстраў Гаўрон»); Мілэдзі, што збіраецца разбіць будзільнік і быць разам з каханым у сне («Шукальніца страчанага кахання») і інш. Усіх аб'ядноўвае галоўная тэма, да якой звяртаецца аўтарка, — каханне, рознае ў праявах: ці то ліставанне па волі лёсу цягам доўгага часу, ці гісторыя развітання для таго, каб потым вярнуцца, ці магчымасць выцягнуць шчаслівы білет.

Асноўныя матывы творчасці Умец — сон, выпадковасць (якая, калі ўважліва прыгледзецца, не зусім выпадковая, бо вядзе да шчасця), магія і салодкае. Апошняга вельмі шмат: здаецца, нават ад старонак пахне кавай і пернікамі. Словы цёплыя, і праўда з карычным пахам: «Прывабная дзяўчына ў каптурыку і хатняй сукенцы, напяваючы сабе пад нос, упрыгожвала белай і чорнай глазурай імбірныя пернікі, пасыпала іх рознакаляровымі пацеркамі і какосавай стружкай» («Прысмакі ад сёстраў Гаўрон»); «З вяршалін елак і хвой сцякала густым мёдам ранішняе сонца. Янушу захацелася зачэрпнуць яго лыжкай і з'есці» («Лабараторыя пачуццяў»). Нягледзячы на гэта, аўтарка балансуе на мяжы перасалоджвання, паколькі залішняя аповедная цукровасць з какосавай стружкай пачынае замінаць. Добра, калі гэта дадаецца порцыямі, у патрэбным фрагменце, але тут таксама чытач сутыкаецца з тым, што ўсё пачынае рабіцца такім жа прадказальным. І атрымліваецца, што Цукар Мядовіч рассыпае-разлівае сваё па кнізе і словы ліпнуць адно да аднаго. У выніку перад намі вялікі ком салодкага, які чапаць не вельмі хочацца. Гэтаксама і з апавяданнямі Станіславы, якія рызыкуюць зліцца ў адно і не запомніцца нічым, акрамя таго, што паўсюль мякка, пяшчотна, клубніцы з вяршкамі і суцэльнае шчасце паблісквае вішанькай на торце.

«Сэрца Сакры» сапраўды, як і прадстаўляе яго аўтарка, напоўнена дабрынёй і шчырасцю, дрэнных канцовак няма. Кніга поўная лёгкіх слоў, якія зводзяцца да таго, што галоўная магія — у сэрцы і каханні, што вера ў цуды робіць немагчымае і вандроўкі на іншыя планеты далёка не адзінае, што можа зрабіць чалавек. Але гэтая мяккасць можа лёгка зачарсцвець і хутка забыцца, калі аўтарка так і пакіне кардонны шкілет пад крэмам, які выглядае быццам торт, а насамрэч — паветра пад прыгожай абалонкай.

Арына ГАРДЗЕЙ

Загаловак у газеце: Ці чарсцвеюць мяккія словы?..

Каментары

Кнігі для падлеткаў, на маю думку, і павінны быць добрымі і ў нейкай ступені "салодкімі". Маёй Стэфе, прынамсі, спадабалася. Хоць яна і сапраўды крыху маладзейшая за герояў (7 клас).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.