Вы тут

Жанчыны-ваяры ў гісторыі чалавецтва (працяг)


Вы калі-небудзь задумваліся аб тым, чаму вобраз жанчыны-ваяра настолькі бударажыць уяўленне? У кагосьці ён выклікае патрыярхальны гнеў і абурэнне, у кагосьці — цікаўнасць і нават пажадлівасць (фантазіі аб сексуальнай паліцэйскай — з той жа серыі). Уся справа ў тым, што ваярка — гэта не проста жанчына, якой паводле абставін давялося ўзяць у рукі зброю. Гэта — магутны архетып, які існуе столькі ж, колькі існуе цывілізаванае чалавецтва. І ў гісторыі таму ёсць маса пацвярджэнняў, часта спрэчных, а таму яшчэ больш займальных.


Сарматы, кельты і Герардэска

У каменным веку гендарныя ролі былі прасцей няма куды: кудлаты і здаровы мужык ловіць дзічыну, пакуль яго кудлатая і здаровая жанчына сядзіць у пячоры і гадуе кудлатых і здаровых дзяцей або збірае карэнні ў лесе. Але з развіццём грамадства ўсё становіцца не так адназначна, асабліва ў качавых народаў, для якіх ўменне спраўляцца з канём стала важней за знешнія якасці. Асабліва яркім прыкладам таму служаць сарматы, іранамоўны народ, які дзве з паловай тысячы гадоў таму жыў на тэрыторыі сучасных Украіны, Расіі і Казахстана. Іх жанчыны мелі высокі сацыяльны статус і ўдзельнічалі ў паляванні і войнах нароўні з мужчынамі.

Яны кідалі дроцікі і стралялі з лука, і, як паведамляюць нам шмат хто з гісторыкаў Старажытнай Грэцыі, нярэдка ім выдалялі правыя грудзі, каб усе жыццёвыя сокі перайшлі ў правую руку, што павінна было зрабіць такую дзяўчыну моцнай, як мужчына.

Хутчэй за ўсё, гэта не больш, чым байка, у якую паверылі ласыя на маляўнічыя гісторыі класікі. Крыху болей даверу выклікае Герадот, які паведамляе нам, што замуж сармацкая дзяўчына магла выйсці, толькі забіўшы ворага. Улічваючы ваяўнічасць племені, у такое цалкам верыцца. Даволі відавочна, што антычным аўтарам хацелася паказаць дзікунства варвараў-жывёлаводаў, супрацьпаставіўшы іх мірным земляробам, якія празорліва трымалі сваіх жанчын у цуглях.

Вось толькі самі аселыя народы не заўсёды прытрымліваліся гэтага правіла. Тыя ж кельты былі не супраць таго, каб іх жанчыны нароўні з мужчынамі ўдзельнічалі ў баях і паходах. Згодна з паведамленнямі антычных аўтараў, кельцкія дзяўчаты часта біліся і змагаліся адна з адной з-за мужчын, ды і з мужчынамі цалкам маглі ўступіць у бой. Калі ўспомніць знакамітую Баўдзіку, якая ўзначаліла антырымскае паўстанне, можна зрабіць высновы, што нават званне ваеннага лідара не было недаступнае для жанчын. Мабыць, адзінае, у чым былі крытычна ўшчэмленыя жонкі кельтаў, дык гэта ў тым, што ім, у адрозненне ад мужчын, не дазвалялася біцца цалкам аголенымі.

Дарэчы, самі рымляне, хоць і не пускалі сваіх жанчын у бітву, былі не супраць таго, каб тыя ваявалі ў якасці гладыятараў.

Мяркуючы па ўсім, гэта было настолькі распаўсюджана, што нават вольныя грамадзянкі былі не супраць рызыкнуць жыццём на арэне. Пра гэта сведчыць закон, прыняты ў 19 годзе н. э., згодна з якім забаранялася вербаваць дачок і ўнучак членаў сенатарскага і вершніцкага саслоўяў у гладыятары. Ды і дэкрэт імператара Септымія Севера, які ў 200 годзе н. э. цалкам забараніў жанчынам удзельнічаць у гладыятарскіх баях, кажа пра тое, што да гэтага з'ява была вельмі распаўсюджаная.

Шырока вядомая гісторыя Герардэскі Мануціус, якая далучылася да паўстання Спартака, праўда, хутчэй у ролі наложніцы. Калі рабоў разбілі, яе вабнотамі спакусіўся генерал Крас. Аднак па ходзе кампаніі тая, мабыць, нахапалася азоў гладыятарскага мастацтва. Так што палкаводзец, яшчэ больш захапіўшыся гэтай жанчынай (і, хутчэй за ўсё, спалохаўшыся за сваё жыццё), адправіў яе ў школу гладыятараў. Пасля навучання Герардэска перамагла на арэне, па адных звестках, каля 200 праціўнікаў, пакуль яе саму не забілі двое карлікаў, адзін з якіх уваткнуў ёй ззаду трызубец. Сцякаючы крывёй, яна ўпала на пясок з узнятым пальцам левай рукі. Гэта быў жэст, які азначаў просьбу аб памілаванні, але разгарачаны натоўп прагнуў фіналу, і ўсё, што ўбачыла Герардэска ў апошнія хвіліны свайго жыцця, гэта далоні з апушчанымі ўніз пальцамі. Яна выклікала захапленне толькі да таго часу, пакуль атрымлівала перамогі. Аднак такога роду легенды — наконт 200 перамог — трэба прасейваць праз сіта скептыцызму. Вядома, што самы знакаміты гладыятар — Флама — станавіўся рудыярыям (той, хто атрымліваў свабоду, але вяртаўся на арэну) чатыры разы, правёў трыццаць чатыры баі, выйграўшы дваццаць адзін. Дзевяць бітваў скончыліся ўнічыю, і толькі чатыры ён прайграў. Гэта прыкладна за 10 гадоў, г. зн. у сярэднім — 3-4 баі за год. Так што колькасць перамог Герардэскі моцна перабольшана, і, хутчэй за ўсё, у 8—10 разоў.

«Панны шчыта» і онна-бугэйся

У Сярэднявеччы з жанчынамі-ваярамі ўсё таксама было ў парадку. У вікінгаў (хоць жанчыне забаранялася выступаць у ролі мужчын, г. зн. насіць мужчынскую вопратку і зброю) жаночыя пахаванні часам утрымліваюць наканечнікі стрэл, сякеры і дзіды. Бо ў тыя часы ў магілу клалі інструменты, якія маглі спатрэбіцца ў замагільным свеце і выкарыстоўваліся нябожчыкам пры жыцці. Гэта значыць рамеснікам не пакладуць меч, а воіну — сельгасінвентар. Да таго ж у ісландскіх сагах можна пашукаць згадванне skjаldmær, гэта значыць «панны шчыта», «шчытаноскі». Але і гэта яшчэ не ўсё.

У пачатку 20-х гадоў цяперашняга стагоддзя была прачытана ДНК шкілета шляхетнага ваяра-вікінга, раскапанага ў адным з курганоў яшчэ ў 1880-х гадах у Бірцы, буйным гандлёвым цэнтры шведскіх вікінгаў ІХ—Х стагоддзяў. Воін аказаўся жанчынай.

Хоць многія даследчыкі (у тым ліку і жанчыны) у цэлым даволі скептычна ставяцца да жанчын-воінаў у пісьмовых крыніцах, і не без падстаў. Skjаldmær сустракаюцца ў сагах аб легендарных часах і таму ўжо выклікаюць сумненні — цалкам магчыма, што гэта архетыпічны персанаж з міфалогіі. Ісціна, верагодна, як звычайна, ляжыць дзесьці пасярэдзіне. Сапраўды, у дахрысціянскім германскім грамадстве жанчыны мелі значна больш правоў, чым пасля, — адсюль, верагодна, і спарадычныя выступленні іх са зброяй у руках. Але малаверагодна, каб жанчыны (тым больш у вялікай колькасці) былі прафесійнымі ваярамі на пастаяннай аснове — хутчэй, гэта выключэнне з правілаў.

На Усходзе ў гэты час адбываліся падобныя рэчы — у ваяўнічым грамадстве жанчынам таксама даводзілася быць ваяўнічымі. Жанчыны з самурайскіх родаў, якія зваліся онна-бугэйся, навучаліся валоданню халоднай зброяй на даволі сур'ёзным узроўні. Асабліва яны атрымалі поспех у выкарыстанні нагінаты — халоднай зброі з доўгай ручкай і выгнутым клінком. На працягу ХІ—ХVІІ стагоддзяў жанчыны з самурайскіх родаў трэніравалі мастацтва бою рознымі відамі зброі і былі гатовыя, калі што якое, абараняць свой дом ад непрыяцеля. Калі справы ішлі асабліва дрэнна, жонкі дапамагалі мужам здзейсніць рытуальнае самагубства, а затым і самі адпраўляліся да продкаў. Прычым перад гэтым яны папярэдне звязвалі сабе шчыкалаткі вяроўкай, каб нават пасля смерці выглядаць прыстойна, як і належыць высакароднай даме.

Цікавая і паказальная гісторыя Тамоэ Гадзэн, якая прымала ўдзел у вайне Гэмпэй (1180—1185) у якасці старэйшага афіцэра, а заадно, па розных версіях, альбо палюбоўніцы, альбо жонкі Мінамота-но Ёсінакі, аднаго з правадыроў клана Мінамота. У бітвах яна ўдзельнічала і як стралок з лука, і як баец блізкага бою, прычым у поўным даспеху самурая. Калі ж Ёсінака пацярпеў паражэнне, яна альбо загінула, альбо па яго просьбе збегла, напэўна, адначасна адсекшы не адну варожую галаву.

Адной з самых вялікіх ваярак на Усходзе стала кітаянка Фу Хаа. Яна была адной з 60 жонак імператара У Дзіна (1250—1192 гады да н. э.), а стала першай у кітайскай гісторыі жанчынай-палкаводцам. Аднойчы падчас адной з войнаў яна папрасіла мужа адправіць яе на фронт — просьба гэтая для Кітая тых часоў гучала як вар'яцтва. Але, на здзіўленне імператара і ўсяго кітайскага народа, духі далі на гэта згоду. Праз пару месяцаў Фу Хаа апавясціла мужа пра сваю перамогу. Пасля гэтага імператар дазволіў жонцы кіраваць дзясятай часткай арміі. Паступова войска Фу Хаа павялічылася да 13 000 чалавек — вялікая лічба для таго часу. Усе без выключэння салдаты, хай і па загадзе ўладара, але падпарадкоўваліся адной жанчыне, што для Кітая таго часу з'яўляецца вельмі незвычайным фактам. Акрамя таго, імператар настолькі схіляўся перад жонкай, што дазваляў ёй вялікую частку часу праводзіць у ваенных паходах, а жыць у доме сваіх бацькоў. Фу Хаа ўдзельнічала ў мностве бітваў і перамагала больш чым у 20 краінах.

Акрамя таго, без адрыву ад ваенных будняў яна нарадзіла імператару чатырох сыноў. Памерла жанчына-палкаводзец ва ўзросце 30 гадоў.

Кацярына-дуэлянтка

У эпоху Адраджэння і ў Заходняй Еўропе, і ў Расіі высакародныя дамы не толькі манернічалі пры двары і захапляліся творамі паэтаў і мастакоў, але і рэзалі адна адну на двубоях з-за мужчын. Часта такія баі праводзілі аголенымі, цалкам ці да пояса, таму што жаночая вопратка была зусім непрыдатная для любой фізічнай актыўнасці. Тая ж будучая расійская імператрыца Кацярына Другая ў сваёй маладосці білася на дуэлі з траюраднай сястрой, ды і пазней глядзела на жаночыя паядынкі скрозь пальцы. У перыяд яе царавання ў Расіі было праведзена як мінімум дваццаць жаночых двубояў, тры з якіх скончыліся смерцямі.

Прыблізна ў той жа час у самым сэрцы Афрыкі склалася цалкам унікальная сітуацыя. У ХVІІІ—ХІХ стагоддзях асабістая ахова цара Каралеўства Дагамея (сёння гэта тэрыторыя Рэспублікі Бенін) складалася выключна з жанчын, дакладней яго псеўда-жонак, якіх было ад чатырох да шасці тысяч.

Фармальна гарэм (а на справе асабістыя карныя войскі або каралеўская гвардыя) складаў да траціны ўсёй арміі Дагамеі і існаваў у тым ліку і на выпадак армейскага перавароту. Лічылася, што жанчыны-ваяры будуць адданыя свайму мужу да апошняга. Часцей за ўсё так і атрымлівалася. Называліся гэтыя жаночыя атрады «n'nоnmіtоn», што з мясцовай мовы перакладаецца як «нашы маці», што было не лагоднай мянушкай, а цалкам фармальнай назвай гэтых падраздзяленняў. Амазонкі прымалі прысягу нявінніцы, дотык да іх караўся смерцю. Гэтым жанчынам было забаронена выходзіць замуж або мець дзяцей, пакуль яны служылі, лічылася, што яны замужам за каралём. Іх візітнай карткай было імгненнае адсячэнне галавы.

Толькі самыя моцныя, здаровыя і смелыя дзяўчаты абіраліся для дбайнай падрыхтоўкі, якая ператварала іх у машыны для забойства, што наводзілі жах на ўсю Афрыку больш за два стагоддзі. Іх вучылі быць моцнымі, хуткімі, бязлітаснымі і здольнымі вытрымліваць нясцерпны боль. Практыкаванні чымсьці нагадвалі гімнастыку і ўключалі ў сябе скачкі цераз сцены, якія ўсцілаліся калючай акацыяй. Таксама жанчын адпраўлялі на так званыя галодныя гульні, дзе яны праводзілі па 10 дзён у джунглях, маючы пры сабе толькі мачэтэ. Пасля такіх трэніровак яны станавіліся фанатычнымі байцамі. Каб даказаць, чаго вартыя, яны павінны былі стаць у два разы больш вынослівымі за мужчын. Дагамейскія амазонкі стаялі ў баі да апошняга, і калі ад караля не паступаў загад адступаць, яны ніколі не здаваліся.

Нават пасля ўзмацнення каланіяльнай экспансіі Францыі ў Афрыцы ў 1890-я гады амазонкі працягвалі выклікаць страх. Салдат французскага войска, якія зацягвалі каго-небудзь з іх у ложак, знаходзілі раніцай з перарэзанымі глоткамі. У часы франка-дагамейскіх войнаў шматлікія французскія салдаты вагаліся перш, чым забіць жанчыну. Такая недаацэнка ворага прыводзіла да шматлікіх страт у французскай арміі, а таксама ваяўнічыя дзяўчаты мэтанакіравана атакавалі французскіх афіцэраў. Вядома, гэтая тэма не была ўпушчаная парыжскімі журналістамі, і з першых палос сталічных газет не сыходзіла карыкатура, на якой цемнаскурая амазонка перагрызае зубамі горла французскаму афіцэру.

Апошняя дагамейская амазонка па імені Наві пайшла з жыцця ў 1979 годзе ў далёкай вёсачцы ва ўзросце больш за сто гадоў.

Амазонкі на рынгу і ў арміі

Прайшоўшы такі доўгі і насычаны шлях развіцця, архетып жанчыны-ваяра нарэшце знайшоў сваё лагічнае завяршэнне ў сучасных баях гладыятараў — MMА. Прычым дзяўчаты-байцы, гэтакія сучасныя амазонкі, часта радуюць не толькі дасканаласцю баявой тэхнікі, але і прыгажосцю формаў, часам нават сумяшчаючы, здавалася б, несумяшчальнае — прафесію байца і мадэлі. Выдатны прыклад — Пэйдж ВанЗант, празваная «12 калібр». Яна выступала ў самай лёгкай вазе, званай яшчэ «мушынай вагой» або «вагой саломінкі», у самай наймацнейшай лізе ММА свету — UFС. Пры гэтым паспявала прыняць удзел у шоу «Танцы з зоркамі», дзе змагла ўразіць гледачоў сваёй грацыёзнасцю.

Таксама ў шматлікіх дзяржавах свету дзяўчаты і жанчыны праходзяць службу ў войску, а ў Ізраілі, напрыклад, яна з'яўляецца абавязковай. Жанчыны-салдаты прысутнічаюць у шэрагах не толькі медыцынскіх, войскаў сувязі і якіх-небудзь войскаў абслугі і штабных падраздзяленнях, але і ў цалкам баяздольных частках, нават у спецназе і дэсанце. А на хвалі ўсеагульнай эмансіпацыі толькі павялічваецца колькасць дам у форме, якія ўвесь час імкнуцца даказаць і сабе, і мужчынам, што яны не кроплі не саступаюць апошнім на ваеннай ніве. Не спыняючыся на простай службе, жанчыны-вайскоўцы дасягаюць буйных пастоў у войску і нават становяцца міністрамі абароны сваіх краін.

Фемінізацыя абароннай сферы розных краін асабліва праявіла сябе ў Еўропе. Першапраходцам сярод жанчын-міністраў абароны стала фінка Элізабэт Рэн, якая займала гэтую пасаду з 1990 да 1995 года. Урсула фон дэр Ляйен з'яўляецца дзеючым міністрам абароны Германіі з 2013 года, прычым яна першая жанчына (дарэчы, па прафесіі гінеколаг і маці семярых дзяцей) на згаданай пасадзе ў гэтай, скажам адкрыта, вельмі ваяўнічай краіне. Таксама дзеючымі міністрамі абароны сваіх краін з'яўляюцца італьянка Раберта Піноці (з 2014 года) і іспанка Марыя Далорэс дэ Каспедаль (з 2016 года). А вось у кансерватыўнай Японіі, дзе ваенная справа практычна заўсёды была доляй толькі мужчын, Тамомі Інада толькі год займала гэтую высокую пасаду, са жніўня 2016-га.

Аднак, як з трывогай адзначаюць эксперты, мода на эмансіпацыю прыводзіць да таго, што ключавыя пасады, ад якіх залежыць армія дзяржавы, займаюць жанчыны, якія не маюць належнай падрыхтоўкі. Напрыклад, сярод вышэйзгаданых дам няма ніводнай прафесійнай ваеннай. Хоць гэта, бадай, ужо тэма для асобнай гутаркі.

Як і ў часы Герардэскі Мануціус, прафесія байца становіцца ўсё больш папулярнай у жанчын, і грамадства бачыць такое становішча спраў цалкам прымальным (на шчасце, цяпер без смертазабойства). Гледзячы ўглыб стагоддзяў і назіраючы за рознымі народамі і эпохамі, можна зразумець, што жанчыны шмат разоў бралі на сябе долю салдата і байца, змагаючыся нароўні з мужчынамі, а таму архетып жанчыны-ваяра цалкам натуральны.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Гладыятар, качэўнік, вікінг, самурай, баец. І гэта ўсё — яна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.