Вы тут

Аб чым прасілі на прыёме грамадзян у Мядзеле


Пяць чалавек прыйшлі на прыём грамадзян да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі ў Мядзеле. А гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя ўлады своечасова рэагуюць на звароты жыхароў і прымаюць меры для вырашэння набалелых праблем.


Любоў Мікалаеўна і яе муж з вёскі Канстанцінава хочуць выкупіць дом у адкрытым акцыянерным таварыстве «Свір-Агра». Аднак не могуць прыйсці да згоды наконт кошту нерухомасці з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства. Справа ў тым, што сям'і прапаноўваюць жыллё па рынкавым кошце, а яны лічаць, што ён не адпавядае тым умовам, у якіх яны жывуць. Па словах жанчыны, сюды яны засяліліся 15 гадоў таму. За гэты час будыніна прыйшла ў нягоднасць: прагніла падлога, аконныя рамы, рушацца франтоны, фундамент.

Спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мядзельскага райвыканкама растлумачыла сітуацыю. Гэты дом пабудаваў у 1986 годзе саўгас «Канстанцінава», які затым атрымаў статус калгаса, а пазней быў далучаны да ААТ «Свір-Агра». У 2015 годзе сям'я звярнулася з заявай у акцыянернае таварыства наконт яго пакупкі. Але не было праваўстаноўчых дакументаў на яго. Любоў Мікалаеўна аформіла іх за ўласныя сродкі. Гаспадарка дала гарантыю, што гэтую суму ўлічыць пры пакупцы нерухомасці. Жанчына дала на гэта згоду. У 2017 ацэнку дома правяла прыватная фірма. Па папярэдняй ацэнцы кошт яго склаў 13 тыс. рублёў. Аднак заяўніца палічыла, што сума завышана. Сельгаспрадпрыемства вярнула ёй па частках 1800 рублёў, якія яна затраціла на экспертызу. Пасля гэтага Галіна Мікалаеўна запатрабавала правесці экспертызу ў дзяржаўнай кампаніі. Гаспадарка пайшла насустрач і прадставіла туды неабходныя дакументы. Спецыялісты далі адказ, што дом не можа быць прададзены танней як за шэсць тысяч рублёў. Ды Любоў Мікалаеўна хоча набыць яго па астаткавым кошце — за 800 рублёў.

Анатоль Ісачанка пацікавіўся, чаму за 15 гадоў гаспадары давялі жыллё да непрыгляднага стану, чаму не займаліся рамонтам.

— А навошта было траціцца, калі дом нам не належаў. Уладкуй, а затым могуць выселіць, — даводзіла свае аргументы Галіна Мікалаеўна. — І дзецям жыллё не застанецца.

— Вы тут жывяце, і гэта, па-сутнасці, ваш дом, ніхто не будзе з яго высяляць, — заўважыў губернатар.

Прадстаўнікі ўлады пацвердзілі, што ў раёне не было ніводнага выпадку, каб людзей выганялі на вуліцу.

— А калі хочаце пакінуць жыллё ў спадчыну, то думайце, як выкупіць яго па той цане, што прапануе прадпрыемства. Або заказвайце сваю незалежную экспертызу, — адзначыў Анатоль Ісачанка. Закон адзін для ўсіх.

З аналагічным пытаннем звярнуўся і жыхар райцэнтра Валерый Анатолевіч. Мужчына набыў дом у адкрытым акцыянерным таварыстве «Мядзельскае райпрамэнерга». Дом уведзены ў эксплуатацыю ў 1986 годзе. За свой кошт арганізацыя падрыхтавала праваўстаноўчыя дакументы, правяла экспертызу, якая ацаніла жылое памяшканне ў 12 900 рублёў. Прычым мужчыну далі растэрміноўку плацяжу на пяць гадоў роўнымі долямі. Ён пагадзіўся з такім рашэннем і падпісаў дагавор куплі-продажу. Аднак праз нейкі час вырашыў, што кошт жылля завышаны.

— Я прыйшоў на сустрэчу, каб заручыцца вашай падтрымкай, у сельскай мясцовасці даюць растэрміноўку на больш працяглы тэрмін, — сказаў ён губернатару.

Анатоль Ісачанка ўважліва выслухаў наведвальніка, а таксама прадстаўнікоў арганізацыі і спецыялістаў райвыканкама:

— Растэрміноўка на 20 гадоў даецца ў тым выпадку, калі дом узведзены сельгаспрадпрыемствам з прыцягненнем льготнага крэдыту «Белаграпрамбанка». Там сума значна большая, паколькі чалавек купляе не толькі жыллё, але і выплачвае крэдыт. А тут кватэра пабудаваная за ўласныя сродкі гаспадаркі. Рашэнне аб растэрміноўцы прымала камісія адпаведна з распрацаваным палажэннем.

— Калі падпісвалі дакументы, чаму тады не ставілі такое пытанне? — пацікавіўся Анатоль Ісачанка.

Але канкрэтнага адказу з боку заяўніка не атрымаў.

— Я не маю паўнамоцтваў прымаць рашэнне, якога вы чакаеце. Напішыце заяву на імя дырэктара арганізацыі, камісія яе разгледзіць. І калі яна не супраць растэрміноўкі плацяжу на сем гадоў, то няхай так і будзе, — канстатаваў Анатоль Міхайлавіч.

На ўсе пытанні заяўнікі атрымалі вычарпальныя адказы. Тыя, што патрабуюць больш дэталёвага разгляду, кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даручыў узяць на кантроль.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля БАСАВА

Загаловак у газеце: Домік за 800 рублёў і растэрміноўка на сем гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».