Вы тут

Жыгімонт Казіміравіч (01.01.1467 — 01.04.1548)


Жыгімонт Казіміравіч пражыў аж 81 год, з якіх 42 гады ўладарыў у Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве. «Солодкая память» пра Жыгімонта Казіміравіча доўга жыла пасля яго смерці на Літве. Ва ўяўленні шляхты Жыгімонт быў з тых добрых гаспадароў, хто «правым сердцем просто говорили, политыки не знали, а у рот правдою, яко солею в очи, кидывали». Дабрадушны і просты ў жыцці Жыгімонт і сапраўды быў апошнім нашым манархам, які прытрымліваўся патрыярхальных традыцый сваіх прадзедаў. Добрым словам казалі пра яго: «Той немцев, як собак, не любил и ляхов з их хитростю велми не любил, а Литву и Русь нашу любительно миловал. И горяздо лепш нашие за него мевалися, хоть в так дорогих свитах не хаживали».


Ад праўлення брата Аляксандра ў спадчыну Жыгімонту дасталіся варожыя адносіны з Вялікім Княствам Маскоўскім. Паміж ВКЛ і Масковіяй за час праўлення Жыгімонта Казіміравіча адбылося тры вайны: у 1507—1508, 1512—1522 і 1534—1537 гадах. Гэтыя войны для ВКЛ скончыліся адчувальнай стратай Смаленска, што адкрывала шлях маскоўскім войскам углыб Літвы. Маскоўскія палкі даходзілі амаль да Вільні. Войны спусташалі тэрыторыю дзяржавы і вычышчалі яе скарбніцу. Наладзіць эфектыўную абарону як ад ворага з усходу, гэтак і ад імклівых набегаў крымскіх татараў з поўдня пры марудлівасці паспалітага рушэння (шляхецкага апалчэння) было цяжка, а сродкаў для наймітаў не хапала. Тым не менш Жыгімонт дамогся некалькіх слаўных перамог. Самая гучная з якіх — Аршанская перамога 8 верасня 1514 года над маскоўскім войскам. Хоць не ўдалося вярнуць Смаленск, але былі вернутыя Мсціслаў, Крычаў і Дуброўна. Куды важнейшым было для Жыгімонта палітычнае значэнне Аршанскай перамогі, бо яна разваліла саюз Свяшчэннай Рымскай імперыі і Масковіі супраць ВКЛ і Польскага Каралеўства з мэтай іх падзелу. Імператар Максіміліян Габсбург разарваў саюз з Масковіяй і заключыў саюзны дагавор з Жыгімонтам. У 1535 годзе ў Масковіі быў адваёваны Гомель, які зноў увайшоў у склад ВКЛ. Некалькі значных перамог над крымскімі татарамі атрымаў слаўны гетман Канстанцін Астрожскі. Так што Жыгімонт Казіміравіч у вачах сучаснікаў заслужыў славу «непераможнага караля Сармацкай Еўропы», як яго назваў у сваім прысвячэнні да паэмы «Пруская вайна» лацінамоўны паэт Ян Вісліцкі.

Аднак слава палкаводца не прываблівала Жыгімонта Казіміравіча. Ён не баяўся ваенных нястач і ўзначальваў войска, як у 1508 годзе, калі першым пераправіўся на кані цераз Дняпро, ведучы за сабой воінаў. Валодаючы мужнасцю і сілаю (аднойчы нейкі каваль сагнуў пальцамі ягоны грош, як нявартую плату за падкоўванне гаспадаравага каня, на што Жыгімонт двума пальцамі разагнуў гэты грош). Ён як правіцель слушна давяраў баявыя дзеянні болей дасведчаным людзям, сваім гетманам — Канстанціну Астрожскаму і Юрыю Радзівілу. А сам дамагаўся на соймах вайсковага падатку, збіраў войска, вёў рэй у дыпламатыі (напрыклад, перацягнуў на свой бок Крымскае ханства).

Галоўнай мэтай свайго праўлення Жыгімонт Казіміравіч лічыў «уладкаваны стан» Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Пад яго кіраўніцтвам быў падрыхтаваны і зацверджаны ў 1529 годзе агульнадзяржаўны звод законаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага, які на той час лічыўся найлепшым сістэматызаваным зборнікам законаў. Таму сучаснікі ўважалі Жыгімонта за «правіцеля і захавальніка гонару, годнасці, даброцця і шчасця ўсіх сваіх падданых і свабоды народнага права». А вядомы гуманіст Эразм Ратэрдамскі параўнаў яго з біблейскім заканатворцам Саламонам.

Жыгімонт і правіць дзяржавай імкнуўся не сілай улады, а Боскімі законамі. Манаршую ўладу ён разглядаў як святую місію справядлівага кіравання дзяржавай і людзьмі, ускладзеную на яго Богам. «Тым больш калі ўлада і ўсё быццё наша ў руцэ Бога, і што значыць каралеўства перад абліччам яго — ёсць толькі нягодны прах», — як ён павучаў свайго пляменніка венгерскага і чэшскага караля Людовіка.

Як сапраўдны хрысціянін, Жыгімонт падняўся над канфесійнымі разыходжаннямі і вызначаўся верацярпімасцю. У яго часы назіраецца і адраджэнне праваслаўнай царквы ў ВКЛ, і пашырэнне ідэй рэфармацыі ў ягоных уладаннях. А гуманістычны светапогляд прывіў Жыгімонту ягоны настаўнік — італьянскі гуманіст Філіп Калімах. Жыгімонт любіў новую рэнесансную культуру, запрашаў да свайго двара італьянскіх мастакоў, скульптараў і майстроў. Цудоўным помнікам мецэнацтва Жыгімонта стаў велічны рэнесансны палац на Вавеле ў Кракаве — сапраўдны шэдэўр еўрапейскай культуры. Апекаваўся Жыгімонт над вучонымі і прафесарамі Ягелонскага ўніверсітэта. Высока цаніў ён і беларускага асветніка Францыска Скарыну і, паважаючы яго «вартую даверу дабрачыннасць, незвычайную вучонасць у мастацтве медыцыны, дасведчанасць і ўменне», узяў пад сваю ахову.

І вартыя даверу словы Жыгімонта, што ён «не литуючы працы своее, а наперад здоровья своего... во в покою и в обороне заховать и зоставить» жадае Вялікае Княства Літоўскае, што і засведчыў сваёй дзейнасцю. Таму невыпадкова, калі ў 1514 годзе на Літву рушылі маскоўскія палкі, людзі са слязьмі прасілі свайго гаспадара: «...останься с нами, желаем с жонками и сыновьями идти всюду за тобой, куды скажешь». І ён застаўся ў краіне, сабраў войска і адбіў варожае нашэсце.

Іншае стаўленне да Жыгімонта Казіміравіча было ў Польшчы, дзе яго лічылі вінаватым ва ўсіх яе бедах і нястачах. У 1537 годзе магнаты і шляхта сарвалі паход Жыгімонта ў Малдавію. Аднак для Каралеўства Жыгімонт Казіміравіч зрабіў нямала. Ён далучыў да Польшчы ў 1526 годзе Мазовію разам з будучай яе сталіцай Варшавай. Пад яго кіраўніцтвам у 1525 годзе была выйграна вайна ў Тэўтонскага ордэна і сам ордэн перастаў існаваць, а Прусія ў асобе пляменніка Жыгімонта Альбрэхта Гогенцолерна прынесла васальную прысягу польскаму каралю. Прусія была ператворана ў герцагства на чале з Альбрэхтам.

На схіле жыцця Жыгімонт Казіміравіч, адчуваючы ўгасанне сіл, перадаў у 1544 годзе свайму сыну Жыгімонту Аўгусту частку ўлады ў ВКЛ. Карыстаючыся старэчай немаччу Жыгімонта, ягоная жонка, прагавітая да багацця і ўлады італьянка Бона Сфорца, запраўляла ў Польскім Каралеўстве. Жыгімонт вымушаны быў трываць самаўпраўства сваёй «наймілейшай жонкі». Засмучаў яго і «няслушны» шлюб сына з князёўнай Барбарай Радзівіл, супраць якой былі настроеныя польскае панства і шляхта. Але Жыгімонт па дабраце сэрца не стаў перашкаджаць шчасцю сына.

Сваю хваробу і надыходзячую смерць Жыгімонт Казіміравіч, па словах каралевы Боны, пераносіў «з той мужнай свядомасцю, з тым цярпеннем, з якімі ўсе гэтага жыцця прыкрасці прызвычаіўся пераносіць». Пэўна, вось гэтае цярпенне, за якім хавалася і грунтоўнасць палітычных рашэнняў, нават «цвёрдасць душы і мудрасці», якія Жыгімонт праяўляў у крытычныя моманты, і спрыялі яго праўленню, якое прынесла яму «честь и славу на векы». Але любілі Жыгімонта Казіміравіча за тое, што ён быў «пан вельми добрый, справедливый и милосердный ку подданым своим». Гісторыкі могуць аспрэчваць гэты выраз, але пасля Жыгімонта Казіміравіча ніводны ўладар ВКЛ не ўшанаваны падобным прызнаннем ад сваіх падданых.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».