Вы тут

У краіне праходзіць акцыя «Не будзь невідзімкам на дарозе!»


У дні школьных канікул — асаблівая ўвага дзецям.

З 27 сакавіка па 2 красавіка праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя пад назвай «Не будзь невідзімкам на дарозе!». Яе мэта — папярэджанне ДТЗ з удзелам пешаходаў, папулярызацыя выкарыстання флікераў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час сутак.


Штодня супрацоўнікі міліцыі будуць патруляваць участкі дарогі, дзе найбольш часта адбываюцца небяспечныя сітуацыі. Яны будуць ажыццяўляць нагляд за выкананнем правілаў пераходу праезнай часткі, у выпадку неабходнасці — папярэджваць і караць парушальнікаў.

Як растлумачыла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ УУС Кастрычніцкага раёна Мінска Вікторыя ЦАРУК, у Правілах дарожнага руху замацавана норма абавязковага выкарыстання святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак пры руху па краі праезнай часткі. Таксама гэта рэкамендавана пры перасячэнні праезнай часткі па-за ўстаноўленымі месцамі. Па статыстыцы ў больш чым палове выпадкаў наезды на пешаходаў адбываюцца ў цёмны час сутак. Таму трэба рабіць усё неабходнае, каб сябе засцерагчы. Лепш за ўсё выкарыстоўваць адразу два ці больш флікераў — адначасова і з правага і з левага боку. Пры куплі адзення для дзяцей перавагу варта аддаваць мадэлям са святлоадбівальнымі элементамі. А каб дамагчыся максімальнага эфекту, можна надзець камізэльку павышанай бачнасці са ўстаўкамі са святлоадбівальнага матэрыялу. Гэтая тэма падчас акцыі будзе на асаблівым кантролі.

Кіроўцам неабходна памятаць, што пры пад'ездзе да пешаходнага перахода трэба рухацца з хуткасцю, якая дазволіць пры неабходнасці саступіць дарогу пешаходам. Не варта забываць і аб тым, што пакідаць свае аўтамабілі бліжэй чым за 15 метраў ад пешаходных пераходаў забаронена Правіламі дарожнага руху. Гэта абмяжоўвае агляд як кіроўцу, так і пешаходу, у сувязі з чым узнікае небяспека здзяйснення наезду на пешахода.

За парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ад 1 да 5 базавых велічынь. Пры паўторным падобным парушэнні на працягу года прадугледжаны штраф ад 2 да 8 базавых велічынь.

У студзені — лютым 2018 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з удзелам пешаходаў здзейснена 223 ДТЗ, у якіх 48 чалавек загінулі і 180 атрымалі траўмы. Па віне саміх пешаходаў адбылося 101 ДТЗ, у выніку 37 чалавек загінулі і 65 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. 44 з 48 загінулых у ДТЗ пешаходаў атрымалі смяротныя траўмы ў цёмны час сутак.

Дарэчы

Калі вы бачыце людзей, якія ляжаць або з цяжкасцю перасоўваюцца паблізу праезнай часткі, патэлефануйце па нумары 102 — ваш званок можа дапамагчы выратаваць чалавечае жыццё.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: «Не будзь невідзімкам на дарозе!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».