Вы тут

Завяршыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію


Сустрэчай з кіраўніцтвам урада і духоўным лідарам, інтэрв'ю тэлебачанню завяршыўся візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Багатая праграма стала нагодай выказаць сваю пазіцыю не толькі па беларуска-грузінскіх адносінах, але і па сітуацыі ва Украіне, узаемаадносінах з Еўрапейскім саюзам і Расіяй.


Кадравыя пытанні і гісторыя беларускіх лётчыкаў

У развіцці супрацоўніцтва з Грузіяй адзін з галоўных акцэнтаў трэба зрабіць на падрыхтоўцы кадраў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі. «Мы дамовіліся, што не проста будзем гандляваць, не проста ствараць сумесныя прадпрыемствы, але мы дамовіліся вучыць людзей, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Можна прадаць тэхніку, тэхналогіі сюды прывезці, але, калі кампетэнцыі не будзе ў мясцовых людзей менавіта гэтым займацца, перспектыў мала».

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць важным пры стварэнні сумесных прадпрыемстваў развіваць лакалізацыю. Беларусь гатова дапамагчы Грузіі ў развіцці сельскай гаспадаркі, у тым ліку сучаснымі тэхналогіямі, ствараючы навуковыя цэнтры.

У сваю чаргу Георгій Квірыкашвілі расказаў гісторыю, якую назваў залатой старонкай у адносінах народаў дзвюх краін. Яна звязана з эпізодам, калі беларускія лётчыкі ў мінулым годзе прымалі ўдзел у тушэнні лясных пажараў на тэрыторыі Грузіі. Прэм'ер-міністр тады асабіста кіраваў арганізацыяй работ, і ў адзін з вечароў да яго падышоў свяшчэннік мясцовай царквы, які трымаў у руках абраз Багародзіцы. Ён папрасіў дапамагчы знайсці беларускіх лётчыкаў. Справа ў тым, што камандзір экіпажа заходзіў у царкву і хацеў купіць абраз, аднак свяшчэнніка на той момант не было на месцы. Тады лётчык набраў у ёмістасць асвечаную ваду, сказаўшы, што разалье яе над лесам, які гарэў. Цяпер свяшчэннік шукаў камандзіра, каб падарыць абраз. Аляксандр Лукашэнка ў адказ адзначыў, што для яго гэта гісторыя новая і вельмі кранальная.

Вялікая вайна пачынаецца з малой бойкі

Таксама кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі, Архіепіскапам Мцхецкім і Тбіліскім, Мітрапалітам Піцунды і Цхум-Абхазеці Іліёй ІІ. Беларускі лідар перадаў Ілію ІІ прывітанне ад мітрапаліта Філарэта і мітрапаліта Паўла.

Прэзідэнт адзначыў важную ролю царквы ў забеспячэнні адзінства грузінскага народа. «Я ўжо не гавару аб нядаўнім мінулым, у якім грузінская царква адыграла галоўную ролю ў захаванні дзяржаўнасці», — дадаў беларускі лідар. Гаворачы аб сітуацыі ў рэгіёне і канфліктах, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь выступае толькі за мірнае вырашэнне ўсіх праблем. Больш за тое, неабходна ўстанаўліваць адносіны паміж бакамі канфліктаў, нягледзячы ні на якія рознагалоссі.

У Беларусі будуць заўсёды імкнуцца падтрымліваць добрыя адносіны, у краіне захоўваюцца міжканфесійныя мір і згода, адзначыў Прэзідэнт. «Гэта наш брэнд, добрая рэклама нашай краіны — гэты мір і спакой. І мы будзем рабіць усё для таго, каб такі мір і спакой былі не толькі ў нашых суседзяў, але і ў любой іншай дзяржаве. І гатовы ў гэтым напрамку зрабіць усё тое, што захочуць гэтыя дзяржавы, як гэта было і ў выпадку з Украінай», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Ілія ІІ абмяняліся памятнымі падарункамі і запалілі свечку. Сын Прэзідэнта Беларусі Мікалай, які прысутнічаў на сустрэчы, выканаў на раялі серэнаду Шуберта. Ілія ІІ сам піша музыку, і ўдзельнікі сустрэчы таксама паслухалі творы яго аўтарства.

Адзінае пажаданне — каб самім усё вырашаць

Беларускі лідар даў інтэрв'ю прадстаўнікам грузінскага тэлебачання. У ім ён закрануў тэму ўзаемаадносін з Расіяй. Прэзідэнт разлічвае на пазітыўнае развіццё беларуска-расійскіх адносін у час новага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна, з якім у Аляксандра Лукашэнкі добрыя адносіны. «Калі пытанні ўзнікалі і дзесьці накопліваліся, не было таго выпадку, каб мы не вырашылі сітуацыю. На жаль, накопліваюць пытанні і міністры, і ўрады з двух бакоў. Тады нам (Прэзідэнтам. — «Зв.») даводзіцца падключацца. На жаль. Гэтага быць не павінна. І мы часта аб гэтым гаворым на нашых сумесных беларуска-расійскіх мерапрыемствах, што міністры і ўрады павінны ўсё ж такі вырашаць пытанні і не выносіць іх на верхні ўзровень. Але гэта жыццё, нікуды ад гэтага не дзенешся», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне, якія яго патрабаванні да Еўрасаюза. «Вы ведаеце, у мяне няма да іх абсалютна ніякіх патрабаванняў. Я хачу, каб нас паважалі і лічылі, што ёсць такая дзяржава ў цэнтры Еўропы. Еўрасаюз павінен разумець каштоўнасць Беларусі на сённяшні дзень».

Пры гэтым ён заклікаў не вучыць Беларусь дэмакратыі. «Не трэба нас штурхаць у спіну. Гэта не патрабаванні. Гэта мае пажаданні», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць непрымальным, каб Беларусь ставілі перад выбарам, з кім супрацоўнічаць і развіваць адносіны. «Мы нават перагаворы не хочам весці і размаўляць на гэту тэму. Мы — незалежная дзяржава са сваёй знешняй палітыкай. А сутнасць нашай знешняй палітыкі — шматвектарнасць, і другое — не ствараць праблем нашым суседзям», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле БЕЛТА

Загаловак у газеце: Мір для сябе і для іншых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».