Вы тут

Пачаў працу велікодны кірмаш «Радасць»


"Радасць — гэта звычайная якасць чалавека", — сцвярджаюць арганізатары выстаўкі-кірмашу. Яе можна знаходзіць у паўсядзённых рэчах — размовах, невялікіх падарунках, добрых справах. Карэспандэнт "Звязды" наведала фестываль з самай пазітыўнай назвай.


Адкрыў велікодны кірмаш "Радасць" Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які звярнуў увагу на асаблівы сэнс назвы фестывалю:

— Штучна нельга на душы стварыць радасць. Калі хтосьці танцуе, весяліцца, гэты стан вельмі хутка праходзіць. А калі людзі робяць добрыя справы, у іх асаблівыя пачуцці. Яны адчуваюць ціхую, незямную радасць. Гэта цяжка растлумачыць. Зрабіце чалавеку нешта добрае, і адчуеце.

На ўваходзе сталічнага Палаца мастацтва ўсіх сустракаюць валанцёры, якія прапаноўваюць паўдзельнічаць у святочнай акцыі. Даюць ручку, паштоўку і тлумачаць: "Вы павінны напісаць віншаванне і павесіць ліст на наша велікоднае яйка". Каля цэнтральных дзвярэй размешчаны вялізны макет галоўнага сімвала Вялікадня, на якім ужо замацаваны паштоўкі. Па словах арганізатараў, напярэдадні свята макет будзе ўсталяваны ў цэнтры горада.

На першым паверсе размясціліся павільёны з вырабамі галоўнага арганізатара мерапрыемства мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра.

— Папулярныя нашы бальзамы на травах, мазі, зробленыя па старажытных манастырскіх рэцэптах. Яшчэ ў нас ёсць натуральныя шампуні, крэмы, гарбата, падушкі на грэцкім шалупінні, — расказвае пра асартымент сястра Ірына.

Яе дапаўняе калега Алена: "Звярніце ўвагу на кераміку нашага манастыра — эксклюзіўная, вы нідзе такой не знойдзеце".

Фестываль "Радасць" праходзіць тройчы на год і прымеркаваны да Вялікадня, Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Каляд. Гэты раз на кірмаш сваю прадукцыю прывезлі каля 70 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Сербіі, Чарнагорыі, Італіі, Грэцыі. Упершыню Мінск наведалі прадстаўнікі адзінага ва Узбекістане мужчынскага манастыра.

— У Мінск прыязджаю ўжо пяты раз, — падзялілася ўражаннямі ад фестывалю Маргарыта Багаева, якая прадае вырабы Аланскага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра (Паўночная Асеція). — Мне вельмі падабаецца Беларусь. На кірмашы прадстаўляю самы высакагорны мужчынскі манастыр у Расіі. Мы прывезлі рукапісныя іконы, абразы на дрэве, падвескі. Ёсць ювелірныя вырабы з нашым аланскім крыжам. Прапаноўваем кераміку ручной работы з блакітнай гліны, зробленую з каўказскім каларытам.

Велікодны фестываль завершыцца 1 красавіка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.