Вы тут

«Ацэнка ведаў павінна быць зразумелая любому выпускніку»


Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі ўнесена ва ўрад для папярэдняга разгляду. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.


Як запэўніў міністр, пытанне вяртання да 12-гадовага навучання ў школе пакуль не разглядаецца. «Мы збалансавалі праграмы агульнай сярэдняй адукацыі і па змесце, і па колькасці гадзін.Так, яшчэ ёсць асобныя перакосы. На жаль, ёсць настаўнікі, якія лічаць, што чым больш яны зададуць па сваім прадмеце, тым лепш. У выніку мы губляем якасць і абцяжарваем школьніка, — падкрэсліў ён. — Акрамя таго, маніторынг раскладу заняткаў у школах паказвае, што не заўсёды кіраўніцтва навучальных устаноў адказна ставіцца да іх складання. Першым урокам можа стаяць прадмет, па якім запланавана кантрольная работа, не заўсёды больш складаныя прадметы чаргуюцца з менш складанымі і гэтак далей... Карыстаючыся выпадкам, заклікаю кіраўнікоў устаноў адукацыі ўзяць пад асабісты кантроль пытанні нагрузкі на вучняў у плане дамашніх заданняў. Гэта мая прынцыповая пазіцыя і як міністра, і як педагога».

Адказваючы на пытанні наконт далейшага функцыянавання гімназій, Ігар Карпенка паведаміў, што і ў гімназіях, і ў сярэдніх школах выкарыстоўваюцца аднолькавыя навучальныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах. А ў старшых класах і ў гімназіях, і ў школах прадугледжана магчымасць вывучаць прадметы на базавым і павышаным узроўнях. Адметнасцю навучальнага плана гімназій з'яўляецца толькі большая колькасць гадзін на вывучэнне замежнай мовы (плюс дзве гадзіны) у 5—9 класах. Але ніхто не збіраецца выключаць гэтыя дзве дадатковыя гадзіны з навучальнага плана гімназій.

— Больш за тое, для стварэння роўных умоў для ўсіх навучэнцаў плануецца і сярэднім школам таксама даць магчымасць адводзіць пяць гадзін замест трох на вывучэнне замежнай мовы ў 5—7 класах. Акрамя гэтага, мы пашыраем магчымасці выкарыстання гэтых пяці гадзін для школ і гімназій: з 8 класа яны могуць выкарыстоўвацца не толькі пад замежную мову, але і для вывучэння іншых вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, — праінфармаваў міністр.

Закранаючы перспектывы ўкаранення незалежнай выніковай атэстацыі пасля базавай школы, Ігар Карпенка паведаміў, што цяпер разглядаецца аналаг рэспубліканскіх кантрольных работ, якія былі праведзены ў сакавіку гэтага года па матэматыцы і геаграфіі. Навучэнцы выконвалі іх у сваіх установах адукацыі па тэкстах Міністэрства адукацыі, а праверку ажыццяўлялі незалежныя камісіі на раённым і абласным узроўнях і ў Мінску. «Зараз мы аналізуем вынікі выканання вучнямі кантрольных работ, плюсы і мінусы механізма іх правядзення. Атрыманыя высновы будуць улічаны пры арганізацыі і правядзенні незалежнай атэстацыі, — растлумачыў ён. — Мяркуецца, што незалежная атэстацыя па завяршэнні навучання ў 9 класе будзе ўведзена пасля поўнага пераходу на абноўлены тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі, які адбудзецца ў 2019/2020 навучальным годзе».

Таксама міністр адукацыі паведаміў і пра будучыя змяненні ў ацэньванні работ удзельнікаў ЦТ.

— Магчыма, мы пяройдзем да новай метадалогіі ацэнкі тэставых выпрабаванняў пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёння выкарыстоўваецца метадалогія рэйтынга. Многія навучэнцы школ, а ў будучыні абітурыенты, іх бацькі, а часам і самі настаўнікі, не разумеюць, як выпускнік, які мае 8 па матэматыцы і, па ідэі, павінен атрымаць 80 балаў (ці хоць бы 70—75 балаў) пры ўступных іспытах, па тэсце раптам атрымлівае 45 балаў. Узнікаюць пытанні. Рэйтынг выводзіцца спецыяльнай камп'ютарнай праграмай, гэта вельмі складаны механізм. З пункту гледжання рэйтынга, якраз гэтыя 45 балаў могуць адпавядаць ацэнцы выпускніка за курс агульнай сярэдняй школы, але людзям усё роўна незразумела. У свеце існуюць і іншыя методыкі, — паведаміў кіраўнік адукацыйнага ведамства. — Мы іх уважліва вывучылі, у тым ліку ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў распрацаваў новую метадалогію ацэньвання тэстаў. Сёлета на яе пакуль пераходзіць не будзем, будзем ацэньваць па дзеючай методыцы, але паралельна ў рэжыме эксперымента ацэнім і па новай. Паглядзім, наколькі яна паспяховая ў рамках канкрэтнай уступнай кампаніі.

Міністр адукацыі таксама паведаміў, што ўжо фактычна завершана распрацоўка праекта ўказа Прэзідэнта аб зацвярджэнні Правілаў прыёму ў новай рэдакцыі. Хутчэй за ўсё, большасць навацый, што плануюцца, закрануць уступную кампанію 2019 года.

Напрыклад, для абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ на спецыяльнасці, што патрабуюць наяўнасці адмысловых практычных навыкаў, можа быць уведзена дадатковае ўступнае выпрабаванне.

На шэрагу спецыяльнасцяў можа з'явіцца так званая папярэдняя прафесійна-псіхалагічная гутарка. Пералік такіх спецыяльнасцяў будзе ўстанаўлівацца адпаведнай пастановай і вядомы загадзя.

«Але абітурыентам гэтага года хвалявацца не трэба, — запэўніў Ігар Карпенка. — Праграмы ўступных выпрабаванняў ёсць, патрабаванні прапісаны, а лічбы прыёму мы да 1 красавіка абнародуем».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».