Вы тут

Як беларусы прынялі ўдзел у дабрачынным ралі


Ралі Dаkаr Сhаllеngе праходзіць штогод. Задача: дабрацца з іспанскага горада Тарыфа да сталіцы Гамбіі — Банджула. Пры гэтым адна з умоў удзелу ў тым, што аўтамабіль, на якім будзе ехаць экіпаж, павінен каштаваць не больш за 500 фунтаў, у пераводзе на беларускія грошы гэта нават менш за 1400 рублёў. У канцы заезду ўсе машыны прадаюць з аўкцыёну, а грошы аддаюць на дабрачыннасць. Сёлета ў ралі ўпершыню вырашыла прыняць удзел каманда з Беларусі, але ў дарозе ўсё пайшло не па плане...


Сяб­ры Жэ­ня, Ве­ра­ні­ка і Мі­кі­та.

«Усюдыход» за смешную суму

Трое сяброў Мікіта, Яўген і Вераніка практычна да вар'яцтва ўлюбёныя ў падарожжа, прычым у прамым сэнсе. Нярэдка ім у галаву прыходзяць даволі экстрэмальныя ідэі. Вяртаючыся разам з Ірана, яны паўжартам пачалі абмяркоўваць і гэта ралі, пра якое Мікіта даведаўся выпадкова. Ужо пасля думка ніяк не выходзіла з галавы ў кожнага, і яны вырашылі: трэба ехаць!

Самым складаным этапам падрыхтоўкі было знайсці, а галоўнае адрамантаваць прыдатную машыну.

У гэтым ім дапамог знаёмы хлопец Міша з Маладзечна, якому на той момант было ўсяго шаснаццаць гадоў. Але гэта не перашкодзіла яму ператварыць «Жыгулі» за 170 долараў у цалкам сабе надзейны сродак перамяшчэння.

Праўда за тыдзень да ад'езду панервавацца ўсё ж такі прыйшлося. Мікіта, які ў паездцы выконваў ролю нязменнага кіроўцы, канчаткова даводзіў машыну да розуму і практычна кожны дзень паведамляў сябрам аб новых паломках. Калі, здавалася, усе перашкоды былі ліквідаваны, і каманда рушыла ў далёкі шлях, трыумф іх быў зусім нядоўгі. Выехаўшы з гаража, яны праехалі ўсяго 500 метраў і заглухлі. Гэта магло б спыніць менш упартых маладых людзей, але нявер'е большасці навакольных у поспех іх задумы, прымусіла сяброў шукаць выхад з сітуацыі. Машыну паправілі, і яна нават амаль дацягнула да месца збору ўсіх камандаў у Іспаніі, зламаўшыся ўсяго за сто кіламетраў ад мэты. Гэтым разам паломка была куды больш сур'ёзная — барахліў карбюратар. Як жартуе Мікіта, яму давялося медытаваць побач з машынай усю ноч, каб «дамовіцца».

Тым часам у Тарыфе сабраліся каля 30 экіпажаў. У асноўным усе выхадцы з Вялікабрытаніі. Многія ўжо на пенсіі і так бавяць вольны час. З рускамоўных былі толькі дзве каманды: наша і хлопцы з Украіны. Больш за ўсё нашых падарожнікаў здзівілі машыны. Практычна ўсе былі на пазадарожніках, якія на вуліцах Мінска яшчэ з дзясятак гадоў глядзеліся б цалкам прыстойна. Балазе, сярод мэт ралі няма такой, каб фінішаваць першымі. Дарэчы, і маршрут, па якім рухацца, кожны экіпаж выбірае самастойна, галоўнае — дабрацца да фінальнага пункта. Для сябе Мікіта, Жэня і Вераніка склалі такі план: Іспанія — Марока — Маўрытанія — Сенегал — Гамбія. Імкнуліся выбраць кароткую дарогу, каб хоць крыху паберагчы машыну.

Га­лоў­ны ге­рой па­да­рож­жа — ВАЗ 2106.

Нічыйная зямля, ці начлег на мосце

У першай краіне на Афрыканскім кантыненце сябры правялі каля тыдня. Пачалі з горада Фес, дзе здымаўся шчыра ўпадабаны на тэрыторыі Беларусі серыял «Клон». Праўда, самі вандроўнікі ўбачылі зусім іншую, не серыяльную карцінку: бруд, вельмі вузкія вулачкі-лабірынты і мясцовыя жыхары, якія ўвесь час спрабуюць атрымаць максімальную выгаду з прыезджых: для «белых» усё аўтаматычна становіцца ў разы даражэйшае.

На час ралі якраз выпаў Новы год, які сябры весела адзначылі ў кафэ ў Маракешы. Пасля гэтага яны збіраліся ў Агадзір на ўзбярэжжа, але нечакана памянялі ўсе планы і вырашылі ехаць у процілеглы бок. Так прыцягнуў іх горад Уарзазат, які можна было б назваць мараканскім Галівудам, бо там размешчана вядомая кінастудыя. Па дарозе туды знаходзіцца найпрыгажэйшы перавал. І беларускі экіпаж палюбаваўся краявідамі спаўна — кожныя некалькі кіламетраў прыходзілася спыняцца і чакаць, пакуль машына «адпачне».

Па дарозе сябры вырашылі падабраць хлопца, які аказаўся берберам. Ён запрасіў іх да сябе дадому, у лагер качэўнікаў. Потым высветлілася, што гэта платная экскурсія, але падарожнікі ўсё роўна засталіся задаволеныя. Яны заначавалі ў пустыні, пакаштавалі мясцовую кухню і нават пакаталіся на вярблюдах. Далей шлях ляжаў у бок Маўрытаніі.

— На мяжы Маўрытаніі і Заходняй Сахары ёсць невялікае міннае поле. З першага погляду яно выглядае страшнавата: уздоўж дарогі раскіданыя некалькі падарваных машын. Але там прабіта добрая каляіна. Калі з яе не з'язджаць, усё павінна быць у парадку, — абсалютна спакойна ўспамінае Мікіта.

Далей беларускіх авантурыстаў чакала не менш уражальная карціна: ад мяжы да сталіцы — 400 кіламетраў, прычым на ўсім шляху сустракаецца толькі два населеныя пункты. І гэта зусім не мілыя вёсачкі, а з дзясятак напаўразбураных хлеўчыкаў, якія стаяць уздоўж дарогі. Каманда думала праскочыць Маўрытанію за два дні. Але дзе там... Ад Нуакшота, сталіцы краіны, да мяжы з Сенегалам усяго 200 кіламетраў, таму адлегласць экіпаж думаў пераадолець за пару гадзін. Але шлях ляжаў не па асфальце, а па пісце — выбітай у пустыні каляіне. Так што да мяжы яны дабраліся толькі пад вечар. З тэрыторыі Маўрытаніі выехалі без праблем, праўда, давялося заплаціць адзін еўра за ўздым шлагбаума — гэты збор вельмі рассмяшыў сяброў.

Але потым ім стала не да смеху. З адной краіны яны выехаць змаглі, а вось трапіць у іншую — не. З-за адсутнасці віз іх адправілі назад, паспрабаваць шчасця ў пасольстве Сенегала ў Нуакшоце. Але справа не ў безадказнасці падарожнікаў, а ў тым, што атрымаць візу ў прынцыпе практычна нерэальна. У Беларусі няма Сінегальскага прадстаўніцтва, а ў Расіі, па словах сяброў, ні на лісты, ні на званкі не адказваюць. Але галоўная праблема была нават не ў гэтым. Пакуль Вераніка, Мікіта і Жэня спрабавалі дамовіцца з сенегальскімі мытнікамі, закрыўся прапускны пункт на маўрытанскай мяжы, і назад іх не пусцілі. У выніку прыйшлося заначаваць у машыне проста на мосце, які адносіўся да нейтральнай тэрыторыі.

У бер­бе­раў у Ма­ро­ка.

Сапраўдная ўсходняя гасціннасць

— Мы, напэўна, адзіныя беларусы ў свеце, у якіх ёсць дзве маўрытанскія візы за адзін тыдзень. Пра яе кошт я лепш памаўчу. Затое было вельмі прыемна, што ўсе паставіліся да нас уважліва, вельмі здзівіліся, што мы так «хутка» вярнуліся, — смяецца Жэня.

Стомленыя падарожнікі адправіліся наўпрост у пасольства Сенегала. Тут важна ўспомніць, што да гэтага з імі здарылася дзіўная гісторыя. На запраўцы ў Нуакшоце іх аблічыў работнік, ён не хацеў вяртаць грошы, пакуль не ўмяшаўся мясцовы жыхар, які гаварыў па-англійску. Мужчына пакінуў сваю візітоўку і сказаў: будуць праблемы — тэлефануйце. Вядома, тады ўсе былі ўпэўненыя, што больш ніколі з ім не ўбачацца...

У пасольстве Сенегала візіту замежнікаў таксама здзівіліся. Як высветлілася, каб атрымаць візу, трэба прайсці гутарку абавязкова на французскай мове, прычым прашэнне будзе разглядацца на працягу месяца. Гэта значыць — без шанцаў, асабліва ўлічваючы, што ніхто з сяброў французскай не валодаў. Ралі прыйшлося завяршыць датэрмінова: тэрыторыя Гамбіі з усіх бакоў акружаная Сенегалам, так што трапіць у яе на машыне па-іншаму нельга.

Дарэчы, новы сябар нашых падарожнікаў, якога звалі Сядзі, тут жа адгукнуўся на іх бяду. Але аказалася, што на гэтым прыгоды не скончыліся. Пры ўездзе ў Маўрытанію машыну ўпісваюць у пашпарт яе ўладальніка, каб ён не пакінуў яе на тэрыторыі краіны — там запасіцца вельмі шмат аўтасмецця. Паўтарыць шлях назад на машыне экіпаж быў зусім не гатовы, проста кінуць і нават падарыць машыну таксама. На шчасце, Сядзі праз знаёмых знайшоў магчымасць пакінуць усюдыісныя «Жыгулі» на ахоўнай стаянцы. «Цяпер у Маўрытаніі ёсць анклаў Беларусі, наша машынка», — жартуюць хлопцы.

Флаг Мін­ска на бе­ра­зе Ат­лан­тыч­на­га акі­я­на.

Пасля ўсіх перыпетый да самалёта дадому заставаліся яшчэ суткі, якія новы знаёмы пастараўся напоўніць сапраўднай усходняй гасціннасцю. Ён запрасіў падарожнікаў дадому на абед, потым адвёз на акіян, паказаў рынак і кафэ нацыянальнай кухні. Напрыканцы душэўны маўрытанін сказаў, што зараз у яго гасцей заўсёды ёсць дом у Нуакшоце.

— Мы былі вельмі натхнёныя гэтай сітуацыяй. Атрымліваецца, што ўсё склалася найлепшым чынам. Мы маглі б праехаць краіну за пару дзён і зусім нічога не даведацца пра цудоўных людзей, якія тут жывуць. Наогул гэтая паездка на многае раскрыла вочы. Нам сапраўды цяжка было глядзець, як там жывуць людзі, але большасць з іх адчуваюць сябе цалкам камфортна, яны так прывыклі і не жадаюць нічога змяняць, — разважае Вераніка.

— І не факт, што наша дапамога ім у прынцыпе патрэбна. Мы рабілі ўсё шчыра, ад сэрца, але гэта нікога не хвалявала. Цяпер у нас ёсць мара забраць нашу цягавітую машынку з Маўрытаніі, прывезці ў Беларусь і ўжо тут прадаць з аўкцыёну. А атрыманыя грошы перадаць на дабрачыннасць, каб дапамагчы нашым, беларускім дзецям. Пакуль гэта толькі ідэя на мяжы фантастыкі, але хто сказаў, што такія ідэі не спраўджваюцца? — усміхаецца Жэня.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: У Афрыку — на «Жыгулях»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».