Вы тут

Знак скульптара


Рэтраспектыва Уладзіміра Слабодчыка: ад камернай пластыкі да фармальных эксперыментаў

Што галоўнае ў скульптуры — пластычнасць, вобразнасць, магчыма, філасофсофскі пасыл? У творчасці знакамітага беларускага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава глядач сутыкаецца з усімі гэтымі складнікамі. Майстар, безумоўна, адзін з самых паспяховых скульптараў краіны. Яго работы вядомыя не толькі на радзіме, але і далёка за межамі. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі творца прадставіў рэтраспектыўны праект «Сублімацыя формы», якім дэманструе асноўны прынцып сваёй творчасці.


«Бюст Валенція Ваньковіча», 2002 г

…Вясковы хлопец паехаў паступаць у Акадэмію мастацтваў. У яго не было спецыяльнай падрыхтоўкі, тым больш пэўных навыкаў, аднак мелася самае галоўнае — жаданне ляпіць. Цяпер творца ўзначальвае кафедру скульпуры Акадэміі мастацтваў і дапамагае маладым скульптарам пракладаць шлях наперад. Уладзімір Слабодчыкаў адзначае, што, калі прыйшоў кіраваць кафедрай, давялося перажыць складаны перыяд: трэба было не парушыць традыцыю, захаваць спадчыну Бембеля і Анікейчыка, але ўсё ж знайсці ў скульптуры і свой падыход.

Больш за сорак гадоў мастак дэманструе індывідуальную пазіцыю ў мастацтве. Займаўся самымі разнастайнымі відамі і жанрамі скульптуры, пражыў перыяд нацыянальна-арыентаваных пошукаў і фармальных эксперыментаў. Дыяпазон яго праектаў уражвае: ад камернай пластыкі да маштабных манументальных помнікаў на радзіме і за мяжой.

Уладзімір Слабодчыкаў падбірае неабходную пластычную мову, каб паказаць шматграннасць і глыбіню аб’екта. Многія яго героі — жанчыны, моцныя, упэўненыя, нават ваяўнічыя. У экспазіцыі выстаўкі можна ўбачыць і Афрадыту з грэчаскай міфалогіі, і вобраз жанчыны, якая вельмі нагадвае Стэфанію Станюту.

— Жаночыя вобразы і жаночая фігура ў творчасці Уладзіміра Іванавіча раскрыты неверагодна шырока, — расказвае куратар выстаўкі вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава. — Мы не бачым у іх анатамічных падрабязнасцяў, ідэалу жаночай прыгажосці. А бачым менавіта знак — той, што ўвасабляе вобраз. Фігура кожнай са скульптур — гэта перш за ўсё сублімацыя ідэі, яе перанос у статычную форму.

Уладзімір Слабодчыкаў — мастак-даследчык. Здолеў распрацаваць свой пазнавальны знак у скульптуры. У яго творчасці спалучаюцца такія прыёмы, як экспрэсіўная лепка з геаметрызмам контураў і адкрытай прасторай. Матэрыялу творца надае асаблівы сэнс. Апошнім часам манументальныя бронзавыя статуі яго ўжо не так цікавяць — на першы план выйшлі алюмініевыя рэльефы. Адна з найстарэйшых работ мастака ў экспазіцыі — «Гукі», створаная ў 1980-я гады.

— У свой час мне вельмі спадабалася працаваць з алюмініем. Калі ён паліруецца, атрымліваецца эфект срэбра, мельхіёру — каштоўнага матэрыялу, — расказвае Уладзімір Слабодчыкаў. — Ён дастаткова дэкаратыўны, сучасны і па колеры, і па пластыцы. Таму цяпер больш працую з гэтым матэрыялам. У нашым асяроддзі яго называюць сілумінам, таму што сплавы атрымліваюцца неаднародныя, гэта не чысты алюміній.

Часта ў кампазіцыях майстар выкарыстоўвае структуры рашоткі, якія пачынаючы з ХХ стагоддзя сталі сімвалам авангардных эксперыментаў у мастацтве. Яны набываюць у работах Уладзіміра Слабодчыкава новае прачытанне: становяцца не жорсткімі абмежаванымі структурамі, а паветранымі, лёгкімі, якія перадаюць імкненне, стан палёту. Сам мастак называе такі стан алегорыяй ваганняў паміж матэрыяльным і духоўным.

Бывае, майстар працуе на заказ. Але выбірае: яму цікава не столькі задавольваць заказчыка, колькі зрабіць так, каб у творы жыла душа.

Усё сваё жыццё аўтар вагаецца паміж выкладчыцкай дзейнасцю і мастацтвам. Адзначае, што яму заўсёды складана сумяшчаць гэтыя два кірункі. Былі моманты, калі хацеў усё кінуць і займацца толькі скульптурай, аднак гэтага не дазволіла адказнасць за вучняў. Студэнты Уладзіміра Слабодчыкава часта запрашаюць настаўніка на сустрэчы і з цеплынёй успамінаюць моманты вучобы. Ён кажа, што такія размовы дапамагаюць быць маладзейшым і больш актуальным.

Усё ж такі галоўны лейтматыў творчасці майстра — чалавек: няма нічога больш каштоўнага за дабрыню, якая жыве ў душы людзей, і цеплыню, якая можа саграваць нават на адлегласці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».